– А што тады не канае? Пры тваім падыходзе без пляшкі звар’яцець можна. Я плюхну па кропельцы. – Мяркулаў разліў няпэўнай рукою “Зуброўку” па чарках.
Але пакуль не пілі.
– А ў гэтым і ўся загадка чалавека! – разважаў Сурмач. – Яе, мусіць, ніхто не разгадаў даастатку і наўрад ці разгадае калі. А ўсё ж… колькі б не ўзнімаўся я над зямлёю, нават калі б і планета Зямля ператварылася ў маіх вачах у кропачку, нават і тады б не здрабнеў у маім уяўленні духоўны свет Дастаеўскага, падзвіжніцкі подзвіг Булгакава, нязломнасць Дантэ. Бо яны для мяне – не целы, не арганізмы, а душы. Я не жыў пры іх, і таму не ведаю, як яны выглядалі, што елі, як забаўляліся. А тым не менш, я ясна бачу іх і, калі чытаю іхнія літаратурныя творы, то захапляюся нават не так мастацкім майстэрствам і хітраспляценнямі сюжэта, як духоўнай веліччу аўтараў. Вось, браток, у чым закавыка. Я нібыта гутару з імі, кантактую насампраўдзе. Падкрэсліваю: з аўтарамі – не героямі.
Васіль узяў са стала пачак, дастаў папяросіну і працягваў:
– І тут, у гэтай завочнай гутарцы, сапраўды праглядваецца неспасціжная, боская сутнасць чалавека. Маленечкі, нябачны з вышыні пяці кіламетраў чалавечак можа дасягаць неверагодных вышынь, расцягвацца ў Сусвет, у Бога…
– Ну дык то ж геніі, хіба гэта тыпова? – законна засумняваўся Пятро. – А просты чалавек, не адораны Божай ласкай, што зрабіць можа? Нешта ты тутака, Васёк, блытаешся… нешта…
– Ну ладна, – перарваў прыяцеля Сурмач, – пойдзем далей… дакладней, ніжэй апусцімся… Ах, не тое! Не тое я гавару… – Ён нервова ўскудлаціў чупрыну, на секунду задумаўся. –- Вось… вось табе прыклад, Пеця. Дапусцім, спявак – нейкі там нягеглы чалавечак, якога ў жыцці кожны пакрыўдзіць можа, які вядзе нездаровае жыццё, з твару не вельмі прыгожы, няшчасны ў сямейных варунках ці зусім адзінокі; і тут – збірае ў аграмадзінах канцэртных залаў, на стадыёнах натоўпы людзей, прымушае іх тры гадзіны шалёна скакаць, смяяцца, плакаць, даводзіць іх да экстазу… Што б ні гаварылі снобы пра эстрадную песню, а раз яна дае людзям гэтулькі станоўчых эмоцый, то яна – вялікая рэч! А сам спевачок той, мабыць, у інтэрв’ю і двух сказаў не здатны зграбна пабудаваць, і інтэлект у яго далёка не самы высокі. А тым не менш, ён – вялікая асоба, вялікая менавіта праз тыя людскія натоўпы, якім прыносіць радасць.
– Ну дык усё роўна, голас – гэта талент! – не адступаў Пятро.
– Яно так… Але ж ты пацярпі, далей слухай! Я табе больш скажу: каб тварыць дабро не трэба ні звыштонкага слыху, ні звышвострага вока, ні няўрымслівай фантазіі. Трэба сэрца чулае мець – і гэтага дастаткова. Уяві сабе, дружа: ідзе нейкі дзядок, кульгае, абапіраецца на кіёчак. А кругом – зіма, завіруха вые, мароз, вечар. І тут падбягае да яго бяздомнае шчанё, целяпаецца ад ветру, хвастом віхляе і пішчыць гэтак жаласна. Можна яго нагой адпіхнуць і прайсці міма, можна кінуць кавалак якой ежы, калі яна ёсць, можна ў найбліжэйшы пад’езд закінуць дурную істоту… Але дзядок бярэ шчанё за пазуху, нясе дамоў, дае прытулак, і жывуць затым не адзін год гэтыя двое пад адным дахам. Во дзе боская любоў, во дзе чалавек Усявышняму прыпадабняецца! Гэта табе не жанчыну кахаць за шыкоўнае цела, гэта табе не эгаістычная любоў да свайго дзіцяці, гэта нават не туманная сентыментальная любоў да прыроды, радзімы, гэта – геніяльная, найвышэйшая Любоў – любоў бескарыслівая. Яна не меркне з гадамі, не мізарнее з гледзішча нават усяго Сусвету. І тут абсалютна не мае значэння ні аблічча таго старога, ні наяўнасць у яго, напрыклад, барады, ні колер поўсці шчаняці. Важны толькі сам факт духоўнай дзеі. І самае цікавае, Пятро, як мне падаецца (магчыма, я памыляюся), што дабро, здзейсненае колісь, не памірае, яно лунае недзе ў паветры і памагае нам жыць, натхняе на новае дабро, на светлую творчасць.
– Гэта, відаць, так, – згадзіўся прыяцель. – Але як быць са злом? Па аналогіі атрымоўваецца, што і зло не памірае, калі памяць пра яго жыве ў нашых сэрцах. Успомні: войны, ГУЛАГ, беларускія Курапаты, Чарнобыль…
– Тут больш складана, Пятро… больш складана. – Васіль на хвіліну задумаўся. – Але, знаеш, у адным упэўнены я: зло, у адрозненне ад дабра, не жыве пасля смерці тых, хто яго здзейсніў, як не жывуць душы і саміх злачынцаў. Вычваранае некалі зло не можа натхняць на новае зло новыя пакаленні. Яно дзейснае толькі датуль, пакуль жыве сам злачынца, пакуль ён гвалтам, падманам, страхам прымушае людзей вызнаваць зло і зло тварыць… Іншая справа, што затухае яно марудна, іншая рэч, што пры жыцці ліхадзеяў тысячы душ яны ўсё ж паспяваюць загубіць. Вось што жахліва! Але аўра зла паступова сыходзіць у зямлю – за сваімі гаспадарамі. Я веру ў гэта. Праўда, ніхто не можа паручыцца, што д’ябал не гадуе ў сваім логаве новых падонкаў і не выпускае іх на белы свет. Ніхто не можа паручыцца, што не распачнуць яны, пестуны нячыстага, новую тыранію.