Выбрать главу

У гэты момант нехта Говараў, што дагэтуль ляжаў нерухома, саўгануўся, прамармытаў нешта няўцямнае і заціх.

– Найлепей так вырашаць быційныя праблемы, – пракаментаваў гэта Мяркулаў: – Нажорся, напіўся ды адключыўся. І ўсё, і няма ніякага вераду.

– Можна і гэтак, – уздыхнуў Сурмач і пацягнуўся па новую папяросу. – А толькі хтосьці ж павінен і гаварыць, хтосьці крычаць павінен… Я ж да цябе, Пятро, відаць, невыпадкова прыйшоў. Хоць і п’яны быў, ды прывялі ногі… А чаму? Таму што мы з табой, так бы мовіць, абое рабое: ты ў аматарскі тэатр-студыю ходзіш, дый я, адкрыюся, вершы пішу.

– Дык што ж тут дзіўнага? – спакойна прагугнявіў Мяркулаў, адначасова абсмоктваючы салёны воблін хвост. – Вершы, брат, ці не кожны трэці ў нас піша. Я сам балуюся. Праўда, такія – на выпадак: юбілей або куплеты для віншавальнай песенькі.

– Ну, напэўна, ён тады добра скрываецца – гэты “кожны трэці”. Вось і тваё вершапісанне для мяне сёння як адкрыццё…

– Ды якое там вершапісанне – так… несур’ёзна… – адмахнуўся Пятрусь.

– Стоп-стоп, – перарваў яго Сурмач, – ты не ўхіляйся. Я і сам табе пра сваё паэцтва адно ў п’яным дурмане сказаць здольны. Таму што мы з табой, творчыя людзі, у акаляючым нас асяроддзі – ізгоі, пракажоныя.

– Ну, загібаеш…

– Не спяшай, Богам прашу, выслухай, – з напружаным, хваравітым выразам на твары прамовіў Васіль. – Гэта ж ахоўная маска наша: “Ат, кінь дурное, адкасніся!” Нібыта не вартая ўвагі тэма. А па праўдзе – баімся мы, душэўна чулыя людзі, каб нехта ў нутро нашае не зазірнуў ды не памацаў яго грубымі сваімі пальцамі. Вось калі вы, артысты, скамарошнічаеце перад бязглуздым натоўпам – гэта яшчэ нічога, гэта і яны любяць, і вы дапускаеце. Бо гэта ваша маска, гэта як бы не вы. А штосьці сур’ёзнейшае – тут ані! Тут вы ў сабе носіце за сямю замкамі. І не дай Бог вам напаказ гэта выставіць.

– А як жа сур’ёзныя фільмы, драматычныя п’есы? – запярэчыў азадачаны Мяркулаў.

– Ну, скажам, для такіх п’ес і публіка адпаведная патрэбная, і сцэна. А дзе ж ты, у каго, прабач, лёс на перакос у сэнсе абранай спецыяльнасці, знойдзеш усё гэта?

– Нармальная ў нас публіка, ты ж не ведаеш, – пакрыўдзіўся Пятро. – Ну, аншлагі, канешне, не збіраем, але да нас ідуць сапраўдныя аматары…

– Э, не крыві, брат, душою, – замахаў рукамі Сурмач. – Ужо выбачай, калі што не так скажу, але артысту менавіта аншлагі патрэбныя, усеагульнае захапленне, пашана. І чым большыя, шырэйшыя, гучнейшыя – тым саладзей яму, тым лепей. Гэта прырода яго, а супроць прыроды не папрэш. Не! Зрэшты, што акцёры, што пісьменнікі – чэрці адной шэрсці. І нам (хаця які я да ліха пісьменнік!) і тыражы шматтысячныя падавай, і ад хваласпеваў мы не адмовімся. А іначай мы ўжо не пісакі, а іначай нас у святыя можна залічваць.

– Да чаго ты гнеш, не даўмеюся нешта. – Мяркулаў са шкадаваннем разглядваў на святло лямпачкі пустую пляшку “Зуброўкі”.

– А да таго, што, як пракажоны скрывае свае язвы, так мусім і мы з табой скрываць у натоўпе сваю вытанчаную душу… Каб не быць камянямі збітымі. Я паўтараю: танцуй, скачы, песні раві блатныя – гэта колькі заўгодна. А сардэчныя струны не агаляй – спляжаць. І калі кволы ты, занадта ўражлівы ты – патрапіш заўтра ў дэпрэсію і вешацца пойдзеш.

– Не збіраюся я вешацца, лухту нясеш нейкую!

– Стоп! “Ты” – гэта агульная катэгорыя, і не крыўдуй па ўсякай пусцяковіне. – Васіль паціснуў на стале прыяцелеву руку. – Я толькі хачу давесці, што пакуль вакол нас быдла пануе, пакуль абсалютная большасць жыве ў рэлігіі – жратва, сэкс, выпіўка, – мусім мы з табой, хлопча, гараваць, вымушаны мы туляцца па жыццёвых узбочынах. Можа, і ёсць (цешу сябе думкай) нейкія там творчыя колы, дзе б тэарэтычна нас зразумелі. Але, відаць, настолькі яны вузкія, што нябогам накшталт нас туды не праціснуцца. Вось і швэндаемся мы сярод чужых нам людзей, і туды-сюды тыцкаемся ў сляпой надзеі – раптам адчыняцца дзівосныя дзверцы, ды прыме нас нехта ў гарачыя абдоймы пашаны і захаплення. Дуля з макам! Ніхто нас не прыме. Бо гэтым найвузейшым элітарным колам мы і дарма не патрэбныя, бо цешыць іх якраз тое, што яны вузкія, над быдлам-народам усталяваныя.