– Блытаешся, браце, хаця многа і слушнага мовіш, – канстатаваў Мяркулаў. – Эх, яшчэ б па сто грамаў выпіць.
– Выпіць яно не праблема! Рэч у тым, што на пахмелку, не далей як заўтра, нам будуць тыя ж абляпаныя сцены, тыя ж быдлячыя морды, тая ж нячуласць, ад якіх ваўком скавытаць хочацца. Ты ж зразумей, дарагі чалавеча, што іншага выйсця ў нас нямашака, як толькі змяніць гэтыя жывёльныя абліччы на чалавечыя, каб у іх вачах адшукаць сякую-такую спагаду. Іншага спосабу няма, як толькі сцены гэтыя шэрыя расквеціць, каб развярнуць людзей да жыцця тварам – не задніцай.
– Ну-ну, – у безнадзейным скептыцызме хмыкнуў Мяркулаў. – І якім, дазволь пацікавіцца, чынам ты гэта рабіць думаеш?
– Вось каб ты не смактаў так зацята вобліну, то яшчэ б на пачатку нашай гутаркі ўразумеў, якое выйсце я прапаноўваю.
– ?
– Ступені відушчасці, помніш? – Васіль парывіста схапіў запалкавы карабок, выцягнуў некалькі сярнічак і пачаў паралельна раскладваць на скацерцы. – Вось яны, рубяжы. Адну прыкрую акалічнасць мае такі падыход – кожны чалавек сам гэтыя ступені адолець павінен, кожны павінен дзейнічаць! Ды не проста дзейнічаць, а яшчэ і гаварыць, па сто разоў на дні дзяўбці кожнаму стрэчнаму матэрыялісту, што жыве той у брудзе, што гібее дзякуючы толькі сабе. Што хамяць яму ў транспарце, краме – маўчыць! Што жонка дзяцей выхоўвае закаранелымі гарлахватамі – маўчыць! Што зарплату законную не выплачваюць месяцамі – маўчыць, нябога! Ты ж чытаў Салжаніцына! А ён найвыразна даводзіць, што нацыя, якая не пакаялася ў забойствах мільёнаў душ, не можа быць шчаслівая. Пакаяліся немцы, асудзілі бестэрміновым судом зацятых фашыстаў – і жывуць цяперака адпаведна. Ды “Архіпелаг ГУЛАГ” павінен для кожнага беларуса настольнай кнігай стаць, няйначай. Бо маўклівыя, ганебна памяркоўныя мы занадта. Ці не ў нас тысячы лепшых мазгоў, увесь цвет нацыі пад Курапацкімі хвоямі зарыты? Як табе ў дзве ночы сумленне нацыі ў зямлю закапаць?! А мы маўчым! Бо, відаць, сумлення не маем. І дзе гарантыя, што мы з табой заўтра ж у тую яміну не адправімся? Крычаць пра гэта трэба, гарлаць прарэзліва!
– Яно так… – задумна глядзеў на стол Пятрусь. – Аднак хто тыя енкі пачуе? Ведаеш, я табе з жыцця выпадак прывяду. Гэта яшчэ з армейскіх гадоў засталося… Служыў я за Уралам – глухмень, якую пашукаць трэба. Афіцэрскі склад ад бескантрольнасці співаўся, стараслужачыя – “чарпакі” і “дзяды” – лютавалі: здзекаваліся з маладых, як толькі фантазіі хапала. Я пасля “вучэбкі” туды патрапіў з амаль ужо зламанай воляй і першы месяц літаральна канаў. А афіцэрскай свалаце “дзедаўшчына” нават выгадная была, бо пілі, гулялі і кралі там ад камандзіра палка да апошняга сержанта звыштэрміновай службы, а іхнія абавязкі па дысцыпліне “дзяды” на сябе бралі.
– Ды ты мне не расказвай, – перабіў Васіль, – сам служыў, ведаю.
– Во-во! Карацей, чалавек шэсцьдзесят стараслужачых у нашым танкавым батальёне з нечалавечай асалодай мучылі чалавек сорак першагодкаў. Так было ва ўсіх ротах гэтага выклятага палка. Што яны з намі рабілі – не буду расказваць, бо ўспамінаць брыдка. А толькі ў адзін цудоўны дзень, а дакладней, ноч (таму што мардавалі нас пераважна пад покрывам ночы) паўстала супроць гэтага гвалту купка каўказцаў. Падымаюць аднаго, а яны ўсе пяцёра ўскакваюць ды б’юцца з перавышаючымі сіламі “дзядоў” – зацята так, шумна, і табурэткі і любыя цяжкія прадметы ў ход пускаюць. Адну ноч пахіснуліся стараслужачыя, саступілі, а ў другую намерыліся спляжыць паўстаўшых маладзёнаў усёй талакою, і гора б тут каўказцам, ды перашкодзіла палкавая праверка. А на трэцюю ноч, папярэдне змовіўшыся, ускочылі ўсе сорак маладых ды біліся з нападнікамі так, што казарма ходырам хадзіла. Біліся, як за сваю зямлю, за сваё жыццё б’юцца. Так доўжылася штоночы на працягу тыдня. І што ты думаеш? Кожнага разу пасавалі “дзяды”. Бо ўладарныя, усёмагутныя і бязлітасныя да авечак, яны аказаліся бяссільнымі перад зграяй даведзеных да адчаю сабак. Уся гэтая “дзедаўшчына” калосам на гліняных нагах аказалася. І гэта прытым, што і колькасцю “дзяды” ў нашым батальёне салаг пераўзыходзілі, дый аб’ектыўна здаравейшыя за іх былі. А не! Аказалася, што найболей шалёна б’ецца той, хто рацыю мае, на чыім баку Божая праўда. Гуртам, адзін за аднаго гарой; за паплечніка, як за сябе, біцца – толькі так! А інакш – смерць. Сапраўды смерць: у нас да гэтага паўстання ў роце два замахі на самагубства былі (ціхамірна замяў палкоўнік).