– Вось бачыш! Сам жа і пацвярджаеш маю рацыю, – радасна і няўчасна бадзёра выкрыкнуў Васіль. – Рахманых авечак ваўкі любяць.
– Але… ты ж даслухай, – занепакоіўся Мяркулаў, нервова трасянуў прыяцеля за плячо. – Так, моладзь нашага батальёна паўстала, так, стараслужачыя ад нас адчапіліся… Здавалася б, вось усім прыклад! Пра гэты небывалы выпадак хутка даведаліся ўсе салдаты нашага гарнізона, даведаліся салагі другіх палкоў, што цярпелі ад сваіх “дзядоў” гэтак, як і мы. Тут бы пераняць, тут бы паўстаць дзеля сваёй жа шкуры. Аж не! Толькі адна-адзінюткая маленькая рамрота артпалка ўзяла з нас прыклад. Толькі моладзь адной рамроты захацела застацца людзьмі. Астатнія першагодкі яшчэ месяцаў дзесяць цярпелі ўціск сваіх “чарпакоў”-“дзядоў”-“дэмбеляў”. Але ж галоўнае не гэта, Васіль. Самае адметнае тое, што толькі ў нас і ў рамроце затым не было здзекаў з салагаў пазнейшых прызываў. Не здзекаваліся з іх тыя, хто колісь адстаяў сваю чалавечую годнасць. Бо толькі той, хто сам мыў шкарпэткі стараслужачым і падвяргаўся штодзённым пабоям, толькі той абавязкова будзе гэта сам рабіць, калі пяройдзе ў ранг “дзеда”. Як помсту… помсту, напэўна, самому сабе, свайму гаротнаму жыццю, сваёй баязлівасці. І тут, насуперак тваім выкладкам, атрымоўваецца, што зло ўсё-ткі спараджае зло.
– Эх, Пятро, усё гэта дужа складана – не нашымі зубамі кусаць, – нібы падвёў рысу размяклы ад бяссоннай ночы Сурмач. – Глядзі, вось-вось развіднее. – Ён паказаў рукой у акно, на прарэх між будынінамі.
Там, на ўсходзе, яшчэ было па-начному цёмна, але белаватая павалока – вястунка новага дня – ужо ўзнімалася між комінамі далёкага аўтазавода, зацягвала іх падсвечаныя штучным асвятленнем абрысы. І літаральна ўвачавідкі загараліся там-сям агеньчыкі за шыбамі “хрушчовак” прылеглага да прадпрыемства спальнага раёна. Рабацягі пакрысе збіраліся на змену.
– Во прадудукалі! – дзівіўся Мяркулаў, тупа і сонна разглядаючы цыферблат наручнага гадзінніка. – Палова шостай. Але ж пару гадзін саснуць можна. Кладзіся тут, а я ў Говарава ключы ад яго катуха вазьму і туды падрамаць падамся.
– Не-не, – заматаў галавою Васіль. – Хай спіць, перадсвітальны сон самы салодкі. А пабудзіш – ён не засне потым і мне не дасць. Няхай спачывае, а ты лягай на сваё месца.
– Ну, так не пойдзе! – быў запярэчыў гаспадар пакойчыка.
– Усё нармальна, не турбуйся, Пець, – супакоіў яго таварыш. – Я толькі чыфірну з твайго дазволу, пасяджу, пакуру, а там і да работы нядоўга. А ты спі, я Маскаленку скажу, што спознішся па якойсьці ўважлівай прычыне.
– Ладна, угаварыў. – Пецька ў знямозе паваліўся на свой ложак. Пазяхаючы, дадаў: – Толькі лепш пабудзі і мяне, разам пойдзем. Неахвота ж потым перад гэтым казлом апраўдвацца.
– Згода, – прамовіў Сурмач, раскручваючы кіпяцільнік.
Праз хвіліну Мяркулаў ужо даваў храпака на пару з бестрывожным Говаравым.
16
Дамы, дамы і дамы… Жаўтлявыя, грувасткія, “сталінскага ампіру” будыніны аблямоўваюць адзін з цэнтральных пляцоў горада. Вясёлыя і прыветлівыя ў сонечны чэрвеньскі дзень, яны цяпер, пад свінцовым кастрычніцкім небам, робяць даволі гнятлівае ўражанне. Згалелыя касарукія дрэвы, сям-там нібы паўтырканыя ў асфальт, маркотна навісаюць над прахожымі. Дрэвы, у адрозненне ад рухавых людзей, чакаюць доўгія, невясёлыя, бязлісцевыя месяцы. Дрэвы не здолеюць вынайсці сабе забавак тыпу Новага года, Калядаў, Масленіцы, яны не змогуць катацца на каньках, санках і лыжах, а затым грэцца ў цёплым пакоі перад тэлевізарам… З гэтых дзён і ажно да канца красавіка яны мусяць бяздзейна назіраць, як віруе паўз іх неспасціжнае людское быццё.
На пачатку пятай гадзіны вечара цёгся пад гэтымі голымі дрэвамі Васіль Сурмач. І вось па якой патрэбе.
Хвілін дваццаць таму ён пакінуў сваё рабочае месца з цвёрдым намерам сёння туды не вяртацца. Пятра Яфімавіча Маскаленку Васіль падмануў прывычна і проста: папярэдне, скарыстаўшыся кароткай адсутнасцю шэфа, перанёс паліто і дыпламат аднаму прыяцелю ў суседні сектар, затым, ужо пасля вяртання Маскаленкі, папрасіў Мяркулава выключыць па заканчэнні працоўнага дня свой (Сурмачаў) кампутар і выйшаў быццам бы па нейкай службовай справе. Праз дзесяць хвілін, апрануты і з дыпламатам у руцэ, Васіль ужо шыбаваў па нячыстай заводскай тэрыторыі да прахадной. А яшчэ праз дзесяць хвілін ён быў на цэнтральнай плошчы пад жоўтымі будынкамі.
А вось тут мы і падыходзім да самага цікавага: у адной з гэтых старамодных будынін, з двара, мясцілася рэдакцыя вельмі самавітага літаратурнага часопіса рэспублікі. Дачыненні маладога інжынера з гэтым паважаным выданнем былі досыць пакручастыя і неадназначныя. Першы наступ на яго Васіль зрабіў яшчэ зімою, месяцаў дзевяць таму назад. Узяўшы пару нумароў гэтага часопіса ў брата Яўгена, Васіль пералапаціў іх ад вокладкі да вокладкі і па ўласцівай пачаткоўцам наіўнасці рашыў, што яго вершам тут самае месца. Бо вершаваныя творы, знойдзеныя Сурмачам на старонках гэтага выдання, па-першае, не выклікалі ў яго буру захаплення, па-другое, падаліся даволі слабай пародыяй на класікаў. І вось іменна ён, Васіль, прыўнясе туды свежы струмень паэзіі, скажа новае слова. (Такія глупствы зачаста завітваюць у галовы маладых ды нявопытных.) Падбухтораны гэтай збродлівай думкай, ён, не доўга вагаючыся, адціснуў пасля работы на стужкавым сектарскім прынтэры штук дваццаць сваіх вершаў, уклаў іх у канверт і блаславіў на лёгкую дарогу.