Іван Іванавіч стаяў, разглядаючы нешта на падлозе.
– Я, канешне, разумею, што наш часопіс не для маладых літаратараў, аднак усяму свае межы ёсць! Вось напрыклад: “…вам толькі дынямі гандляваць”, “…плугам пісана”, “…скардзьцеся хоць чорту лысаму” – гэта не твае словы? – хітра сажмурыўся “галоўны” і ўжо трошкі мякчэй дадаў: – Глядзі, асцярожней з гэтым. А рукапіс Цемрашэвіча мне паслязаўтра (бо да заўтра гэта, бадай, нерэальна) – на стол! А яго ўпрашу дзянёк пачакаць. Ясна табе, Іван Іваныч?
– Ясна-ясна! – узрадаваўся блізкаму заканчэнню разборкі падначалены. – Усё ў лепшым выглядзе зробім, зараз жа й прыступаю.
– І папраўляй толькі відавочныя памылкі і ляпсусы, астатняе не кранай – не любіць! – строга папярэдзіў Вінцэсь Паўлавіч.
– Вядомая рэч! – няскладна падміргнуў Іван Іванавіч. – Не ўпершыню жыта сеем!
– Памагай табе Бог! – развітаўся з падначаленым “галоўны” і ўзяўся за службовыя паперы.
“Каб ты пазелянеў!” – злаваў пра сябе рэдактар, выходзячы з кабінета.
У калідоры, калі Іван Іванавіч падышоў да дзвярэй свайго пакоя са шчырым намерам узяцца за працу, яго аклікнулі.
– Іваныч, ты? – даляцеў з тарца змрочнага безаконнага праходу знаёмы голас.
Гэта быў Міхась Язэпавіч Бадайскі, чалавек, які па сваёй літаратурнай харызме не намнога саступаў Цемрашэвічу і свабодна адкрываў літаральна ўсе рэдакцыйныя дзверы. У іхнім часопісе Бадайскі лічыўся літкансультантам. Зараз ён стаяў ля дзвярэй заняпалага аддзела грамадскай думкі і настойліва клікаў да сябе Івана Іванавіча:
– Хадзем са мной, Іваныч, размова ёсць!
– Выбачайце, Міхась Язэпыч, – запрацівіўся пажылы рэдактар, – спраў па горла, толькі што сам “галоўны” нагрузіў…
– На мінутку, Вань, на адну мінутку, – рабіў з паўцемрадзі змоўніцкія жэсты Бадайскі. – Тут і для цябе цікавая навіна ёсць…
– Ат, Язэпыч, далібог, у грэх уводзіце…
– Ну-ну, давай скоранька, – працягваў уломваць яго Бадайскі, які ўжо адамкнуў дзверы кабінета і быў толькі напаўкорпуса звонку. – Не пашкадуеш.
Рэдактар зірнуў на гадзіннік: пачатак шостай – заканчэнне працоўнага дня. Ён уздыхнуў, праверыў, ці замкнуты дзверы свайго пакоя, і паплёўся па рукаве калідора да аддзела грамадскай думкі.
Як толькі Іван Іванавіч апынуўся ўнутры кабінета, Бадайскі імгненна зачыніў за ім дзверы і замкнуў іх на два абароты ключа. Ключ паклаў у кішэню. Затым ён гэтак жа рашуча зашмаргнуў непранікальныя шторы шырокага акна, якое выходзіла на цэнтральную вуліцу горада, уключыў слабую настольную лямпу, сеў.
– Прысаджвайся, ногі для дарогі, – прапанаваў ганаровы пісьменнік рэспублікі свайму меней самавітаму прыяцелю.
Аб знешнасці Міхася Язэпавіча мы можам, бадай, сказаць толькі тое, што быў ён дужа падобны на галоўнага рэдактара, Вінцэся Паўлавіча, адно крыху мажнейшы, маладзейшы і болей рухавы. Бадайскі займаў вельмі высокую пасаду ў Саюзе пісьменнікаў, яго кнігі не сыходзілі з паліц кнігарань, а п’есы – са сцэн тэатраў Беларусі. Апрача таго, як чалавек актыўны ён уваходзіў у кіраўніцтвы шматстайных грамадскіх арганізацый і суполак, кансультаваў ці не ўсе літаратурныя рэдакцыі горада, браў удзел у розных выязных мерапрыемствах Саюза пісьменнікаў. Ён меў шматдзетную сям’ю, унукаў, сучасны аўтамабіль, дачу… І тым не менш гэта быў пастаянна незадаволены, няўрымслівы ў дасягненні недасягальных мэтаў, амаль няшчасны чалавек.
Вось і зараз ён, хітрыкамі завабіўшы ў пусты кабінет рахманага Івана Іванавіча, ужо ўсталяваў у цэнтры стала пукатую бутэльку “Напалеону” і корпаўся ў шуфлядзе – шукаў больш-менш чыстыя чаркі.
– Язэпыч! – жахнуўся рэдактар аддзела паэзіі. – Што ж вы са мной робіце! Мне ж толькі-толькі “галоўны” шыю мыліў, мне сёння працаваць і працаваць…
– Свет хрустальной зари-и, свет, над ми-иром встаю-ющий… – не зважаючы на пратэст прыяцеля, добрым барытонам напяваў Бадайскі. – Дзе ж гэта чарка блакітная мая завалілася, халера ёй?.. А! Вось, вось яна, любенькая. Толькі пратру яе зараз. – Ён выняў з вонкавай кішэні шыкоўнага пінжака бялюткую насоўку і заняўся чаркай, разглядаючы яе на святло лямпы.
– Віно, відаць, тутака без мяне пілі, паганцы! – заключыў Бадайскі. – Ну ды трохі працёр…
– Міхась Язэпыч, я толькі прыгублю, – як мог, абараняўся Іван Іванавіч. – Вы ж нашыя строгасці ведаеце…
– Давай у мяне без капрызаў! – Язэпыч ужо адкаркаваў дыхтоўную пляшку і напаўняў чаркі дарагім напоем. – Пажылы чалавек, унукаў маеш, а манежышся, як дзяўчына на выданні.