– Якое там “манежышся”, Язэпыч! – ныў рэдактар, прымаючы чарку ад прыяцеля. – “Галоўнага” сам Цемрашэвіч сваім рукапісам удастоіў, а той, вядома ж, на мяне пераваліў. Ды на ўвесь кісель да заўтрашняга вечара даў тэрміну.
– Авой, напужаў! – крактануў Бадайскі ад моцнага каньяку, спахапіўся і палез у свой дыпламат па лімоны. Пачаў іх неакуратна скрыляць тупым нажом і класці на закарузлую талерку. – Напужаў ты мяне, брат, Цемрашэвічам. Пачакае! Нябось, і так друкуе, колькі душа зажадае. Зусім ён, між намі будзе моўлена, – Язэпыч падміргнуў прыяцелю, – пад старасць з глузду з’язджае. У траўні нешта накрэмзае, сам нават толкам не пачытае, а ўжо па рэдакцыях пхае. І ў чэрвені, бач ты, ужо адціснута яго пісаніна. Гэтакі фокус-покус! Ды мала таго, падпісваецца пад кожным вершам: травень сёлетняга года. А на мой погляд, друкуешся ты, грэшная душа, без чаргі, то хоць маўчы пра гэта, таіся… Каб не выклікаць раздражненне ў іншых. Слушна я кажу, Іваныч, ці не? – асавелы ад першай жа чаркі, дабрадушна пазіраў на шчуплага сабутэльніка Бадайскі.
– Угу… – мямліў той. Яму дужа не хацелася ляпнуць па п’янай справе лішняга.
– Гэта ж доўбню апошняму ясна, – працягваў правакаваць рэдактара Міхась Язэпавіч, – што вершам, як віну, выстаяцца трэба, паляжаць. Глядзіш, і падправіцца нешта, і ляпы там розныя, недарэчнасці выявяцца… А гэты Богам сябе ўявіў: сёння начыркае там нешта з бадуна, а заўтра – шусь ва ўсе цэнтральныя газеты сваю пацкатню, маўляў, чытайце, пакуль я добры… І, галоўнае, ні на хвіліну не задумаецца, недарэка, ці хочам мы яго чытаць. Правільна, Іваныч? – перакуліўшы другую чарку, штурхнуў у плячо Івана Іванавіча жыхар літаратурнага Алімпу. – А мо мы й чытаць яго не жадаем?
– Ну, у пэўнай ступені… – як бы згаджаўся і як бы не згаджаўся з ім рэдактар. Неўзаметку для сябе ён спустошыў другую чарку і ўжо прымаў з рук гаваркога Бадайскага трэцюю.
– То й я кажу, – нязвязна гаварыў прывычна ап’янелы Язэпавіч, – абрыдла ўсё гэта, во як абрыдла! – Ён узмахнуў рукой паверх галавы. – Пнешся тут, высільваешся ўсё жыццё, у гэтай мышынай валтузні куляешся, а канчатковы вынік – дамавіна ды пласт зямлі зверху. Гэх, давай раты прапалошчам.
– А я гэтую шчэ не выпіў.
– Дапівай!
Іванавіч зморшчыўся і выплюхнуў у рот чарговую порцыю “Напалеону”.
Бадайскі асвяжыў чаркі. Разамлелы ад папярэдніх доз рэдактар ужо не супраціўляўся.
– Круцішся, хай яно ўсё спрахне, начэй не спіш, – гаманіў далей стоўп беларускай літаратуры, – а тут так аддзячаць, бывае, за дабрату ды ласку, што ваўком выць хочацца…
– Ага, – падтакваў Іван Іванавіч, – вось у мяне сёння выпадак быў…
– Так аддзячаць, – перакрываў яго сваім набалелым Бадайскі, – што свет белы пеклам здасца. Чуеш, брат, што сынок мой, вочы б яго не бачылі, адмачыў!
– Гэта які? Рыгор? – зацікавіўся рэдактар.
– Якое там Рыгор! Хведзька, пустая яго душа, малодшанькі мой… Шэльма! – раптам рыкнуў Міхась Язэпавіч і джвагнуў кулаком па стальніцы. – Адмалку для яго крукам гнуліся: цю-цю-цю – цукерачку, сю-сю-сю – лялечку; веласіпедзік найноўшы хочацца – на! матацыкл – на! машыну – на, бяры! Усё на сподачку яму, гатовенькае, перажаванае падавалі. Гаварыў жа жонцы – сапсуём хлопца. Ды дзе там: “Вой які прыгожанькі хлопчык! Вой Хведзечка…”
Усхліпнуўшы, Бадайскі сарамліва нагнуў галаву, схапіў бутэльку, напоўніў сваю чарку і рэзка выпіў. Гэтак утаймаваў слязу.
– Ты ж, Вань, ведаеш, колькі я зарабляў за Саветамі. Кожны год новую кнігу выдаваў! А яшчэ – перавыданні, а яшчэ – пераклады! Ні ў чым дзецям адмовы не было. Дзвюх дачок замуж выдаў, Рыгора жаніў. Ды ўсіх кватэрамі забяспечыў. А гэтага, бач, не паспеў – перабудова абрынулася. Дык і тут мы яму насустрач пайшлі. У мяне ж чатырохпакаёўка была ва ўрадавым доме – за семдзесят квадратных метраў. Размяняў! Жытло сваё, дзе гады мае лепшыя пражыліся, раздзяліў дзеля гэтага бэйбуса на двух- і трохпакаёўку. З даплатай, зразумела. Па яго міласці цяперака з жонкай не ў цэнтры жывём, а так – проці ліха на ўзгорачку. А ўсё чаму? Ажаніўся, бесталач, у дваццаць гадоў і да нас прывёў сваю цацу. А ў іх, маладзёнаў, цяпер сам ведаеш якая любоў!
– Паганая цяпер моладзь, вось у мяне сёння… – намагаўся ўклініцца ў казанне Язэпавіча сабутэльнік.
– Вой, Вань, паганая! – абарваў яго няшчасны галава сямейства. – Пакахаюцца пару начэй і ўжо ў загс шпараць. Інфантылы! Карацей, не ўжыўся ён з жонкаю: з першых жа дзён – скандал за скандалам! То Хведзька з дому сыходзіць, то яна збягае да сваіх бацькоў. Толькі памірацца, як ізноў – дэбош, лямант, бойка! А тут яшчэ гэты ірад задумаў мяне папракаць: ты вінаваты, гэта з-за твайго ўладалюбства няма мне жыцця, не можам мы жыць з табой пад адным дахам! Яй-бо, як баба цалюткія дні скуголіў. А сам, крывасмок, хоць бы капейчыну ў жыцці зарабіў! Тутака і жонка, дурніца спагадлівая, пілаваць падключылася: разменьвай ды разменьвай кватэру. Трываў я так з месяц, а потым махнуў на ўсё, ёлупень, і заняўся разменам. Век сабе не дарую!