Выбрать главу

Бадайскі дрыготкай рукой напоўніў чаркі.

– Ну, каб мне Бог хоць пад старасць розуму даў!

Выпілі.

– І што ты думаеш? Колькі пажылі яны ў той раскошнай, на трыццаць сем метраў, двухпакаёўцы? – скрушна спытаўся ў прыяцеля Язэпавіч.

– Адкуль жа мне знаць? – асцярожна, каб мацней не раздражніць гарапашнага бацьку, прамармытаў Іван Іванавіч.

– Два месяцы! – зрабіўшы страшныя вочы, ускрыкнуў Бадайскі. – І галоўнае ж, так подла, так нечакана мне свінню падлажылі! Як сярпом па адным месцы, свалата, паласнулі. Учора адвечар заяўляецца мой даражэнькі сыночак п’яны як гразь і абвяшчае, што жыць у мяне будзе. Калі разабраліся: сцерву сваю ён ужо два тыдні як выгнаў, а кватэру прадаў – за картачны доўг разлічыўся! Во бармалей! Гэтакага завароту і ў самым жахлівым дэтэктыве не прачытаеш! У жонкі сардэчны прыступ надарыўся. “Хуткую” два разы выклікалі. Далібог, каб не жонка, я б гэтага мярзотніка на вуліцы начаваць пакінуў. Яе шкада!

…Спагадаючы гору шматпакутнага бацькі, ажно два разы бегаў тым вечарам па гарэлку ў бліжэйшую краму Іван Іванавіч. А другой гадзіне ночы даставіў ён на таксі непрытомнага Бадайскага дадому – на апеку дарэшты знерваванай жонкі.

Толькі ў тры гадзіны, калі цішком адчыняў дзверы ўласнай кватэры, успомніў рэдактар пра выкляты Цемрашэвічаў рукапіс. “Мяне выганяць з работы, – варухнулася ў ачмурэлай ад выпіўкі галаве. – Пранясі, Божухна!”

18

Калі сказаць, што Васіль Сурмач выходзіў з рэдакцыі паважанага тоўстага часопіса ў кепскім настроі, гэта – не сказаць анічога. Сказаць, што яму наплявалі ў душу, – таксама будзе невыразна і слаба. Пачуванне маладога паэта можна было хіба што ахарактарызаваць так: высокага здаровага дзецюка цягам пятнаццаці хвілін нейкі заморак, што называецца, з ласкі на пацеху хвастаў наводмаш па шчоках, затым акаціў з вядра памыямі, павярнуў за шкірку тварам да выхаду і паддаў ладнага выспятка; ад гэтага выспятка хлапчына пакаціўся кулём і ўсведамляць, што з ім надарылася, пачаў толькі на свежым паветры. Было крыўдна і сорамна. Праўда, прыгадвалася, нібыта і ён, Васіль, нешта такое вякаў, абураўся, слабасільна даказваў свае правы. У душы ж ён быў перакананы ва ўласнай рацыі… Але ўсё адно стаяў тут, на шумлівай вуліцы, згвалтаваны і зняважаны недалужным дзядком-рэдактарам, які зараз, мусіць, адно пасміхаўся ў сваіх апартаментах з недарэкі-паэта.

Праставалосы, расхрыстаны, з дыпламатам і шапкай у адной руцэ, з гаротным рукапісам у другой, у страшэннай разгубленасці стаяў Сурмач пад кастрычніцкім сіверам. Але ж менавіта халодны вецер і выводзіў яго паступова з бяспамяцтва, іменна ён насычаў кіслародам лёгкія і мозг, вяртаў магчымасць больш-менш цвяроза ўспрымаць рэчаіснасць.

Першае, што надзвычай здзівіла абражанага паэта, было наступнае. Нягледзячы на здзейсненае сярод белага дня самачынства, на гвалт над чалавечым сумленнем і годнасцю… нягледзячы на ўсё гэта, народ, якога ў гадзіну пік было вакол цэлае мора, разважна, засяроджана і мэтанакіравана гаманіў, гуў, тупаў, пыхкаў цыгарэтамі, браў штурмам грамадскі транспарт і абсалютна не зважаў на адметную постаць Васіля, на рукапіс у яго руцэ, на яго душэўнае галашэнне: “Памажыце, абрабавалі!” Не і яшчэ раз не. Людзей чакалі цёплыя кватэры, сытная вячэра ў сямейным коле, тапкі і тэлевізар.

“Як жа так?! За што? Гэтага быць не можа… Несправядлівасць!” – брыдучы скрозь натоўп куды вядуць вочы, тупа задаваў сабе пытанні Васіль, а ў галаве міжволі круцілася, перакрывала цвярозыя разважанні штосьці накшталт “не па носе кветачка, не па хлопцу дзевачка” ды “кожны каток знай свой куток”.

Гусцела сутонне. Недзе праз квартал ад жахлівай рэдакцыі Васіль уразумеў, як недарэчна выглядае рукапіс у ягоных руках, адчуў, што ад дробнага дажджу намокла непакрытая галава, што зябка целу пад незашпіленай курткай. Зладзеявата азірнуўшыся, ён выкінуў шматпакутныя вершы ў найбліжэйшую урну. Ад гэтага нібы палягчэла на душы, крыху прасвятліліся думкі… Хлопец палез у кішэнь па цыгарэты, але пачка там не намацаў. Паспрабаваў прыгадаць, ці закупляў пасля абеду цыгарэты, але не змог. Азірнуўся па баках у пошуках гандлёвага шапіка і са здзіўленнем адзначыў, што згубіў арыентацыю: гэтакіх вычварных шэрых будынін, гэтых тоўстых слупоў і такіх празмерна разгалістых дрэў – ва ўсякім разе, у такім зрокавым ракурсе – ён ніколі не бачыў. І вось тут новая дэпрэсіўная хваля захліснула душу, зноў стала нясцерпна балюча і моташна, зноў вонкавае адышло на другі план.