Выбрать главу

Як ката, адарваўшы нападніка-недамерка ад грудзей, Васіль прыўзняў яго і з сілай шпурнуў вобзем. Аднак перш чым нага забіякі кранулася долу, правы чаравік Сурмача шмаргануў па ёй і пазбавіў цела апоры. Ад гэтае падсечкі дзядзька грымнуўся на зямлю плазам, ёкнуў, але, у запале бойкі не адчуваючы болю, вокамгненна спружыніў на калені і ўжо быў спрабаваў устаць… Як страшэннай сілы ўдар між лапатак зрынуў яго долу – Сурмач гахнуў з вышыні свайго росту сашчэпленымі кулакамі. Затым яшчэ па крайняй меры разы чатыры ў немым утрапенні ўзнімаў Васіль абмяклае ненавіснае цела і абрынаў яго на зямлю. Бурая павалока засціла вочы, а з яе вылучаўся адно расплыўчаты твар агорклага рэдактара аддзела паэзіі ды нязломна паўтараў: “Чытайце класіку, малады чалавек, працуйце са словам!”

Помніцца, вісла на Васілёвых руках спадарожніца нізкарослага агрэсара, штосьці крычала; адрынутая, ляцела прэч. Яшчэ сёй-той спрабаваў суняць раз’юшанага хлапчыну. З бяспамяцтва яго вывеў адно аддалены свісток міліцыянта.

Распіхваючы разявак у бакі, да месца злачынства на скрут галавы бег дужы ахоўнік правапарадку. Сурмач адарваўся ад сваёй ахвяры і неяк асуджана знерухомеў.

– Забілі!

– Вось ён – стаіць, дылда…

– Вунь той, расхрыстаны, – недзе паверх галоў акаляючых прашалахцелі трывожныя словы.

Васіль чамусьці асабліва выразна разгледзеў рашучы і няўмольны твар міліцыянта. Не прадвяшчала нічога добрага і гумавая дубінка ў ягоных руках. Хлопец з тугой зірнуў на свой дыпламат, які валяўся ў двух метрах наперадзе – акурат па ўяўнай лініі, што злучала яго і здаравеннага дзядзьку ў камуфляжнай міліцэйскай форме. Усё адбывалася, нібы ў замаруджаным кадры, хаця насампраўдзе доўжылася некалькі секунд. За гэты час па меншай меры разоў пяць парывалася ўся Васілёва істота даць драла, пяць разоў разважлівы розум тармазіў гатовыя спружыніць ногі, пяць разоў станавілася ясна, што па пакінутым дыпламаце, дзе ляжаў заводскі пропуск, Васіля адшукаюць за некалькі гадзін.

І тут, па чыёйсьці магутнай волі, менавіта гэты пракляты дыпламат і адыграў у Сурмачавым жыцці выратавальную ролю. Менавіта аб гэты плоскі і малапрыкметны на цёмным асфальце прадмет спатыкнуўся імпэтны міліцыянт, паляцеў потырч. А самае галоўнае, што грозная дубінка, якая прымяралася прагуляцца па Васілёвай спіне, пры падзенні грузнага свайго гаспадара адляцела прэч і скрылася пад нагамі і сумкамі абывацеляў.

Як па камандзе, ірвануўся Сурмач з месца, адляпіў некалькі рук, што, асмялеўшы пры паяўленні вартаўніка парадку, былі ўчапіліся за куртку хулігана. Разважліва, не губляючы ні сантыметра і ні долі секунды, падляцеў самадзейны паэт да дыпламата, схапіў яго мёртвай хваткай і магутнымі скачкамі памчаўся назад – да аўтобуса, у які якраз заканчвалася пасадка. Але спляжаны нізкарослы забіяка, што дагэтуль змярцвела валяўся на зямлі, раптам ажыў, ускочыў на карачкі і кульнуўся непрыяцелю пад ногі з сіплым крыкам:

– Трымай! Уцячэ, душагубіна!

Нізкарослы прамахнуўся. Васіль наступіў яму на кісць рукі, калі пераскакваў цела. Хлопцу здалося, што хруснулі дробныя косткі. “Усё: калі не ўцяку – турма! – адразу ж шчоўкнула ў галаве. – Заадно, чаго і не было, наматаюць. Гэх! Ногі мае быстрыя!”

Дзверы “Ікаруса” пачалі зачыняцца перад самым носам. Аднак Сурмач паспеў-такі ўсунуцца ў салон, закінуць туды дыпламат і ўхапіцца за чыйсьці локаць… Дзвярныя створкі ён растуляў ужо на хаду, непарыўна бегучы за аўтобусам, нібы вядомы воўк з мультфільма. Жывёльны страх перад пагоняй надаў Васілю дужасці і спрыту, і ўжо праз хвіліну бягляк цяжка аддыхваўся ў цеснаце салона пад навіслымі над ім жыватамі і спінамі.

– Што ж гэта робіцца! Анідзе спакою нямашака! – бедаваў нехта ў двух кроках ад Васіля. – Ужо на людным месцы грабежнікі нападаюць. Бачылі?

– Ды не грабежнікі гэта! – пярэчыў тут жа нехта прыдушаным мужчынскім голасам. – Два мужыкі бабу не падзялілі.

– Што ж вы лухту мелеце, паважаны! – далучаўся да спрэчкі далёкі і ледзь улоўны жаночы голас. – Я сама бачыла, як у чалавека сумку з рук выбілі. Шпана гэта. Цяперака не такое бывае. Вось у мяне надоечы ў пераходзе…

– Разуйце вочы, спадарынька, – перакрываў гэтыя довады мужчынскі бас. – Разборка гэта была. Аднаго дурня “братва” пакарала за грошы – і квіта, дзядзька Мікіта. І не трэба немаведама што прыдумляць… Казачнікі…