Выбрать главу

– Сам ты казачнік, – нервавалася кабета. – Ты на мяне не налягай, не налягай! Налёг так аднойчы адзін, а выйшла я – уся сумка парэзаная і кашалька нямашака.

– Во дурная цётка! – дабрадушна апеляваў да пасажыраў басавіты мужчына. – Мяне ж таксама ззаду піхаюць. Нябось не ў таксі едзем.

Васіль пакутліва чакаў наступнага прыпынку. Унутраны голас падказваў, што трэба выходзіць.

19

Сурмач пакінуў аўтобус, борздзенька перабег малалюдную і даволі асветленую пляцоўку за прыпынкам і пайшоў уздоўж цагляных дамоў. Хаваўся пад заценню голых таполевых прысадаў. Ужо калі прасунуўся метраў дваццаць наперад, убачыў, як аўтобусу, што набіраў хуткасць ад прыпынку, перарэзаў шлях “Масквіч” апошняй мадэлі. Ён абагнаў непаваротлівы “Ікарус”, віскнуў тармазамі і стаў паперадзе метрах у дзесяці як укапаны. Аўтобус ледзьве ў яго не торкнуўся. Тады з вадзіцельскага месца “Масквіча” выскачыў знаёмы Васілю міліцыянт, кінуўся да лабавога шкла “Ікаруса” і, нешта выкрыкваючы, замахаў рукамі. Тут жа раздаўся гвалт сірэны, і ні стуль ні ссюль наўпрост на прыпынак выруліў міліцэйскі “жыгулёнак”. З яго вынікнулі яшчэ два міліцыянты ў камуфляжнай форме і рашуча памкнуліся да задніх дзвярэй аўтобуса.

Лагічным дзеяннем для Сурмача было б узяць ногі ў рукі і – памінай як звалі. Але ён паступіў даволі рызыкоўна і дзіўна: шмыгнуў у падваротню, павярнуў налева, заляцеў у другі па ліку пад’езд і размашыста пабег па сходах. На апошнім лесвічным пралёце, цяжка аддыхваючыся, назіраў хлопец праз паўкруглае закратаванае акенца, як вартаўнікі правапарадку праводзілі грунтоўны ператрус “Ікаруса”. Пасажыры выпускаліся праз пярэднія дзверы, і кожнага з іх пільна разглядаў высокі і дужы міліцыянт, якому собіла некалькі хвілін таму спатыкнуцца аб Васілёў дыпламат.

Працэдура праверкі пасажыраў была крайне марудная. А калі ўзяць пад увагу, што грамадзян набілася ў аўтобусе бітком, то няцяжка ўявіць глыбіню іх законнага абурэння. Не дзіва, што праз хвілін дзесяць каля “Ікаруса” сабралася ладная колькасць разявак, хаця міліцыянты махалі на іх дручкамі і адганялі. Прайшло яшчэ хвілін пяць, і, відаць, цярпенне без віны зняволеных у аўтобусе скончылася. Нехта адчайны нечалавечымі намаганнямі расшчапіў знутры створкі задніх дзвярэй і выслізнуў вонкі. Дзверы тут жа пад напорам пнеўматыкі памкнуліся ў зыходнае становішча. Магчыма, прышчаміўшы па дарозе рукі таго, хто прагнуў вызваліцца з гэтае душагубкі ўслед за адчайным. Па шчырасці, Сурмач з пяцідзесяціметровай адлегласці гэтага разгледзець не мог. Затое выразна адсачыў ён наступнае. Як толькі рызыкант – а гэта быў малады і высокі хлопец – вылузаўся з дзвярэй, ад носа аўтобуса аддзяліліся два бравыя міліцыянты і рынуліся ў ягоны бок. Адзін свістаў, другі роў дзікім голасам. Даўганогі хлопец з перапуду ажно падскочыў на месцы, адштурхнуўся ад маці-зямелькі і пусціўся наўцёкі... у бок той падваротні, дзе нядаўна скрыўся Васіль.

Але на шчасце Сурмача і на вялікую бяду адчайнага ўцекача, той спатыкнуўся метраў за дзесяць ад падваротні і пакаціўся па асфальце. Праз лічаныя секунды па яго спіне, руках і нагах, не даючы падняцца, замалацілі міліцэйскія дручкі, кулакі, боты. Затым ні ў чым не вінаватага хлопца поцягам павалаклі да “жыгулёнка” з мігалкамі, і Сурмачу заставалася адно спадзявацца, што ёсць справядлівасць на свеце.

…Бяздумнае бадзянне па горадзе, тузаніна з нізкарослым забіякам, а таксама ўцёкі ад прадстаўнікоў органаў правапарадку няўзнак завялі Васіля ў той куток горада, адкуль дабірацца дадому было надзвычай пакручаста і доўга. Затое да кватэры бестурботнага прыяцеля – Змітра Куліка – рукой падаць: якіх-небудзь тры аўтобусныя прыпынкі. А Сурмач, як помніцца, меў да Змітра немалаважную справу – забраць нарэшце свае дарагія штаны. Гэтага ён не мог ажыццявіць ужо трэці тыдзень.

– Змітрок? – усцешыўся Васіль, калі пасля дзесяці гудкоў запар прыяцель падняў трубку на тым канцы лініі.

– Ён самы, – мовіў узбуджаны чымсьці голас Куліка. – А з кім маю… А! Гэта ты, абармот?! Дзе ж ты прападаеш па месяцы?

– Нішто сабе! Я ж да цябе амаль штодня тэлефаную, – здзівіўся Васіль. – Два разы толькі бацька твой трубку браў, а так – і наогул як бы нікога дома.

– Ну… – сумеўся Зміцер, – тут, у прынцыпе, напружаныя былі дні… Але ж начаваў дома – гэта факт. Я цяперака харошы сынок, з продкам – мір ды любасць.

– Вось я і чуў, што ў яго пры адным упамінанні пра цябе настрой псуецца, – уставіў шпільку Сурмач. – Ажно па тэлефоне відаць, як яго твар кіслее.

– Глупствы гародзіш, – пакрыўдзіўся Кулік.