– Ладна. – Васіль памяняў панібрацкі тон гаворкі на сур’ёзны. – Ты мне вось што скажы: ці будзеш дома ў бліжэйшыя паўгадзіны? Я тут зараз непадалёку. Па штаны свае заехаць хачу.
– Згода. Буду як штык, – бадзёра азваўся прыяцель.
– Дакладна? – з падазрэннем спытаўся Сурмач.
– А як жа іначай?
– Ну, тады хвілін праз пятнаццаць чакай. – Васіль павесіў трубку і выйшаў са старамоднай – яшчэ ад брэжнеўскіх часоў – тэлефоннай будкі.
…Упартым маўчаннем адказвала яму праз дваццаць мінут адметна вядомая кватэра Змітра Куліка. Сурмач спярша званіў, затым стукаў, грукаў і бухаў нагамі ў абабітыя рудым дэрмацінам дзверы. “Скаціна! – вылаяўся ён у неспатольным шале. – А зрэшты, гэта ў ягоным стылі”.
Васіль з прыкрасці прысеў на жалезную абутковую скрыню. Дзверы прыяцелевай кватэры разам з суседнімі дзвярамі выходзілі ў агульны “прылазнік”, які, праўда, не замыкаўся ніколі. Настрой быў такі, што хацелася напіцца да свінячага віскату. Балазе ў дыпламаце ляжала бутэлька партвейну “777”, якую хлопец прыкупіў па дарозе – думаў зняць стрэс на пару са старым сябрам.
Васіль выглянуў на лесвічную пляцоўку – ці не ідзе хто-небудзь, дастаў пляшку, паварочаў яе ў руках пад лямпачкай… і пачасаў патыліцу: садраць шчыльна запрасаваны пластмасавы корак будзе далёка не лёгкай справай. А, як неўзабаве выяснілася, без нажа, карыстаючыся адно зубамі ды рагамі абутковай скрыні, і наогул немагчыма. Ва ўсякім разе – для Сурмача. Апанаваны інжынерным імпэтам, ён адкінуў верхняе вечка скрыні і некаторы час з дапамогай запалак разглядаў ейнае змесціва. Але, акрамя шматкоў анучак, дарэшты скарыстаных мурзатых цюбікаў і каробачак для крэму, ён нічога там не ўбачыў. Толькі выпацкаў рукі, калі перабіраў гэтае барахло.
“Ідыятызм! – злаваўся Васіль, апускаючы вечка на месца. – Нават абутковай лыжачкі не пакінулі”. Ён ізноў усеўся на скрыню, дастаў кватэрныя ключы і ўсчаў пілаваць самым рабрыстым з іх непадатлівы корак. Аднак справа не спорылася: мяккая пластмаса адно ўміналася і не давала пілавіння, а значыць, і плён намаганняў меўся быць нулявы. Да таго ж і ключоў было шкада. Сурмач яшчэ трохі пакруціў у руках заваблівую бутэльку з трыма загагулістымі сямёркамі і засунуў яе чамусьці не ў дыпламат, а ў глыб абутковай скрыні. Прыкрыў шматкамі рыззя.
…Знадворку (зрэшты, як і ў пад’ездзе) было цёмна – хоць у хованкі гуляй – і даволі малалюдна. Толькі пад горкай, ля універсама, варушыліся купкі выпівохаў, сноўдалі паасобныя грамадзяне. Васіль распячатаў нядаўна куплены пачак “Гродна”, прыкурыў, з асалодай зацягнуўся і ўскінуў вочы на вокны Куліковай кватэры. Яны зеўралі цемрай. “Ну хіба не бесталач ён?” – спытаўся сам у сябе Сурмач. Дальбог, за апошні час ён проста стаміўся ад прыяцелевых выхадак і не мог ужо па-сапраўднаму на яго сердаваць. На дурняў жа не крыўдуюць.
Наперадзе, крыху злева ад Васіля, раздалося нейкае шамаценне, уздыхі і тонкі смяшок. Там, у закутку паміж домам і прыёмнікам смеццеправода, цешыліся двое закаханых – па ўсім відаць, падлеткі. Хлапечая постаць актыўна пячатала дзявочую да шэрых муроў, а тая ў знак удзячнасці ліхаманкава гладзіла партнёра худымі рукамі па плячах і спіне.
Гэтыя белыя далікатныя кісці на цёмнай скураной куртцы хлапца адразу ж нагадалі Васілю пра зграбненькую маленькую Таццяну. І не без прыемнасці. За два тыдні, што прамінулі з іхняй кароткай сустрэчы, Сурмач сур’ёзна не ўспамінаў пра яе. Праўдзівей будзе сказаць – не думаў канкрэтна як пра аб’ект сваіх мужчынскіх заляцанняў. Прычын таму некалькі. І галоўная з іх – балючы ўспамін аб спатканні пад аркай з двума мясцовымі “бультэр’ерамі”. Але ўсё ж нешта лагоднае і цёплае, незважаючы ні на што, пасялілася ў Сурмачавай душы ад таго часу і, пэўна, свайго часу чакала…
Карацей, праз пяць хвілін Васіль ужо набіраў нумар Таццянінага тэлефона па цыдулцы, якую адшукаў у левай кішэні штаноў. У яго была добрая звычка падоўгу захоўваць там усялякую старызну.
– Ало, – пачуў хлопец хрыплы мужчынскі голас пасля трэцяга гудка.
– Добры вам вечар!
Трубка прамаўчала.
– Мне б Таццяну пазваць… – нясмела прамовіў Сурмач.
– А ты што за тыпаж? – фамільярна запытаўся хрыпаты суразмоўца.
Гэткай непачцівасці Васіль не чакаў і таму трохі разгубіўся.
– Разумееце… прыяцель я ейны… Васем мяне завуць.
– “Васем”! – перадражніў хрыпаты голас. – Такога квеце – па ўсім свеце! Ты прозвішча мне далажы...
Сурмач знайшоў гэта занадта грубым. Але ж зноўку ўтаймаваў свой нораў.
– Ды вы, паважаны, проста яе да трубачкі паклічце. Яна сама разбярэцца…
– А ты мне, што рабіць, не ўказвай! У мяне з вамі, шустрыкамі, гаворка кароткая. Прыйшоў нязваны і йдзі нягнаны!