Выбрать главу

Васіль ужо быў гатовы капітуляваць, але на тым канцы лініі неспадзявана завязалася нейкая спрэчка, барацьба, і праз колькі секунд мяккі дзявочы голас авалодаў трубкай:

– Ало, слухаю!.. Прабачце…

Затым Сурмач улавіў прыглушанае:

– Тата! Ды колькі ж можна дурэць! Ідзі вунь навіны глядзі…

– Таня, гэта Васіль… Сурмач, – Васіль скарыстаўся невялікай паўзай і ўплёўся ў слоўную перапалку дачкі з наравістым бацькам.

– А, Вася! – як старому знаёмаму, адказала Таццяна. – Ты не крыўдуй, я ж цябе пра майго татачку папярэджвала. Гэта ягоны канёк – грубіяніць па тэлефоне.

– Нічога… – прамармытаў Сурмач. – Слухай, чаго званю… Я тутака да Куліка пад’ехаў па справе, а яго і след прастыў… Хаця дамовіліся. Можа, ты пра яго які досвед маеш?

– Не, я пра яго дзён дзесяць нічога не чула… Магу, праўда, Наташцы патэлефанаваць.

– Ага, патэлефануй, калі ласка, – папрасіў Васіль.

– Добра. А ты мне перазвані. Хаця… чакай, адкуль ты звоніш?

– З-пад твайго пад’езда. Я, папраўдзе, сустрэцца з табой хацеў… Ды заадно Змітрака падпільнаваць… А тое як з’еду ў свой міні-горад, то яшчэ месяц сюды не выберуся.

– Ну дык падымайся да мяне, – нязмушана прапанавала Таццяна. – А я пакуль да сяброўкі дазвоньвацца буду.

– А ці ёмка гэта? – засумняваўся Сурмач. – Каб продак твой не… таго…

– Перастань! – засмяялася дзяўчына. – Гэта ён для постраху толькі… Заходзь – шэсцьдзесят дзевятая кватэра, пяты паверх.

– Ладна. – Васіль выйшаў з-пад навеса тэлефоннай будкі і пакіраваў у бок пад’езда.

…Пяты паверх. Тут правы ад ліфта агульны двухкватэрны калідорчык замыкаўся на ключ, а кнопкі званкоў былі выведзены на лесвічную пляцоўку. Сурмач тыкнуў пальцам у кнопку пад шыльдачкай “69”. Хутка ў глыбіні “прылазніка” шчоўкнуў замок, рыпнулі дзверы, пачуўся мілагучны дзявочы вокрык: “Гэта да мяне! Ідзі глядзі тэлевізар!” Нарэшце Таццяна, у доўгім квяцістым халаце і тапачках, паўстала перад Васілём.

– Прывітанне! – сказала яна, кіўком страсянуўшы з ілба кудлатыя цёмныя пасмы. – Праходзь, толькі асцярожненька… Тутака стары мой дошак наставіў.

– Разбяромся. – Хлопец аптымістычна ступіў у паўцемрадзь калідорчыка.

Там сапраўды чорт мог нагу зламаць: нейкія жэрдкі, дошкі, шчыты, скруткі шпалераў, некалькі скрынь – адна на адной, лыжы, вертыкальна прыхілены да сцяны ровар. Пад нагамі валяліся цвікі, балты, гайкі.

– Суседзі яго ўзненавідзелі за гэта. – Таццяна кіўнула на дзверы з надпісам “70”. – Гэта яшчэ што! Ты б на балкон наш паглядзеў!

– Будуецеся? – спытаўся Сурмач, калі ўжо перасек парог кватэры.

– Якое там! Гэтак бацька грошы матэрыялізуе… Але гэта балючая тэма – не будзем працягваць. – Гаспадыня дапамагла госцю павесіць куртку. – Бяры вось тыя тапкі… Не-не! Жоўтыя. Ага.

Яны зайшлі ў маленькі пакой тыповай, акурат як у Змітрака, двухпакаёўкі. Памяшканне асвятлялася толькі слабасільным таршэрам. За сцяной, у зале, верашчаў тэлевізар.

20

– Занята пакуль у Наташкі. – Таня ўказала Васілю на тахту, што стаяла ля ўвахода. – Ты прысаджвайся, а я зараз яшчэ разок набяру.

Яна ўзялася за тэлефон.

– Я лепш у тое крэсла сяду. – Сурмач падыбаў да процілеглай сцяны.

Там, у куце ля акна, акрамя крэсла, туліўся маленькі трэльяж, на адмысловай тумбачцы стаяла магнітола і касетніцы, на авальным прыземістым століку былі раскіданы газеты і часопісы ў стракатых вокладках.

– Наташа? – Таццяна нарэшце дазванілася да сяброўкі. –- Кулік не ў цябе? Дакладна? Чаго я пытаюся?.. А тут Васіль Сурмач, ты яго памятаеш, з ім сустрэцца дамовіўся, пад’ехаў, а дома нікога няма. А? Ну, ладна… Раптам ён табе патэлефануе, то адразу ж мне давядзі. Згода? Ага, я дома буду.

– Што – не чуваць? – азваўся Сурмач са свайго кута, калі дзяўчына паклала трубку.

– Не, сёння яна з ім не звязвалася.

– Ну й трасца з ім! – махнуў рукой Васіль. – Хаця пачакай, Тань. Слухай, для ачысткі сумлення… набяры ты тэлефон гэтага шалапута, зрабі ласку.

Кватэра Змітрака не адказала.

– Ты, можа, есці хочаш? – Таццяна прысела на бліжэйшы да Васіля край тахты.

– Не-не, – рэзка адмоўна закруціў галавой яе госць, хаця насамрэч паміраў з голаду. – Калі можна, вады папіць… простай вады.

– Я табе зараз кавы звару. – Таня ўстала і накіравалася да выхаду.

– Ды не, Тань… Навошта залішні клопат…

– Я хутка. – Гаспадыня выйшла з пакоя і зачыніла дзверы.

Але літаральна праз хвіліну дзверы расчыніліся зноў, і ў пакой зайшла вельмі цікавая постаць. А іменна галава гэтае сям’і – Танін бацька. Быў ён сярэдняга росту, гадоў пяцідзесяці пяці, сівы і з лысінай мысляра – на лбе. Апрануты: зашмуляная жоўтая майка, мятыя дамашнія шаравары, тэпці на босую нагу. Пры ўсім сваім несамавітым выглядзе, дзядзька меў ваяўнічую паставу і, відаць, поўніўся нязводным пачуццём уласнай годнасці. Паводзіў ён сябе досыць незвычайна: уваліўшыся ў пакой, знерухомеў ля вушака, скрыжаваў рукі на грудзях, задраў падбароддзе і з насмешліва-паблажлівым выглядам утаропіўся на Сурмача.