Абсалютна моўчкі ён прастаяў так з хвіліну, і Васілю стала дужа няёмка. Хлопец прыпадняўся з крэсла і, недарэчна хітнуўшы галавой, павітаўся:
– Добры дзень!
На гэта дзядзька не зрэагаваў, а працягваў разглядаць госця сваёй дачкі з нездаровай пільнасцю.
Сурмач не ведаў, што рабіць, і таму сеў. Але ж сядзець і маўчаць пад праніклівым позіркам дзядзькі было пагана, і ён прамямліў:
– Я да Таццяны… Яна на кухню пайшла… Зараз вернецца…
Памаўчаўшы яшчэ хвіліну, дзівачлівы гаспадар нечакана запытаўся:
– Гэта ты толькі што званіў?
– Я, – нясмела адказаў хлопец.
– Ну-ну, – ацэначным тонам хмыкнуў дзядзька і зноў акунуўся ў немату.
“Чаго там яна важдаецца! – сердаваў пра сябе Васіль. – І якой хваробы яму ад мяне трэба?”
– Ты скуль будзеш? – прадоўжыў свой лаканічны допыт гаспадар.
– Як гэта – “скуль”? – недаўменна паглядзеў на яго хлопец.
– Чыіх родаў-каранёў, дзе народжаны? – паясніў дзівак.
– А… – нарэшце сцяміў Сурмач. – Адсюль я… мінскі. У нашым горадзе і нарадзіўся.
– Гэта ў якім – у нашым? – не пераставаў выводзіць Васіля з цярпення Танін бацька.
– Ну як… У Мінску…
Дзядзькаў твар проста перакасіла ад гідкасці.
– Ня ведаю я такога гораду! – гнеўна фыркнуў ён.
Невядома, што б адказаў вахлакаватаму гаспадару Сурмач, каб Таццяна, якая падаспела ў гэты момант з чайным падносам, не праясніла сітуацыю.
– Тата! Годзе да чалавека чапляцца! – папікнула яна бацьку, стаўляючы дымныя кубачкі на часопісны столік. – Не ўсе ж у нас ведаюць, што па-вашаму не “Мінск”, а “Менск” вымаўляецца. Не ўсе ж пра твой фундаментальны нацыяналізм досвед маюць.
Сурмач пачухаў патыліцу.
– Каву будзеш? – Таццяна павярнулася тварам да бацькі, які працягваў тырчаць ля дзвярнога праёма.
– Слухай, што гэта ў цябе за пяльмень сядзіць? – гнуў сваё яе продак. – Не прыблуда якая расейская?
– Тата! – пагрозна крыкнула на яго дачка. – Ішоў бы ты тэлевізар глядзець. Нудна яму, дык дакучае людзям… Нармальны ён чалавек, інжынер, мой прыяцель… Ды беларус ён, беларус – супакойся!
Супакоіўшыся, бацька, як стаяў, апусціўся на канапу. Аднак не адрываў ад Васіля падазронага позірку. Было няўцям – ці разыгрывае ён камедыю, ці насамрэч не ў сваім, так бы мовіць, розуме. Сурмач адчуваў, як калючыя мурашкі раз-пораз сноўдаліся па спіне.
Таня павярнулася да Васіля, узяла кубачак і бестрывожна пачала адсёрбваць з яго духмяны напітак. Яна ўсміхалася. Тым недарэчнейшай была прысутнасць у пакоі яе панурага дзівакаватага бацькі.
– Ты пі, пі, не звяртай увагі, – падбадзёрвала Васіля мілавідная гаспадыня.
Той узяўся за кубак, але, паколькі рукі падрыгвалі, сарамліва паставіў яго на месца.
– Гарачая пакуль, няхай ачахне, – паясніў Сурмач.
Каб пераламаць няёмкасць свайго становішча, ён ужо хацеў быў спытацца ў дзяўчыны аб жыцці-быцці, як яе непрадказальны бацька выгукнуў са свайго кута:
– Дык якое ліха цябе прынесла?
– Гэта вы мне? – Васіль ажно расплюхаў каву з пасудзіны, якую зноўку спрабаваў паднесці да рота.
– Табе, васпане, каму ж яшчэ! – доўжыў прыставаць гаспадар кватэры да нялюбага госця.
– Тата! Я зараз з дому збягу! – нежартоўна раззлавалася Таццяна. – Займей ты сумленне!
– У мяне сумлення ў дзесяць разоў больш за вас усіх! – не адступаўся тата. – Ты мне лепш адкажы, чаго гэты маладзён ад цябе хоча? Што – адказу нямашака?! А я знаю: пажаніхаецца, галаву табе, дурніцы, затлуміць, зладкуе подлую справу і кіне!
Васіль ведаў, што ў гэты момант чырвань папаўзла па яго шчоках. Ён, як толькі дазваляла поза, адсунуў галаву ў цень.
Таццяна ўскочыла з месца.
– Вась, ты выбачай, калі ласка. Яшчэ пяць хвілін пацярпі, пакуль я збяруся, і пойдзем на вуліцу. Добра? – Яна адчыніла шафу, спрытна дастала адтуль неабходныя рэчы і накіравалася да дзвярэй.
Калі праходзіла паўз бацьку, які з яхідным выразам твару назіраў за яе дзеяннямі, упікнула:
– І не сорамна табе?
На што пажылы самадур адказаў:
– Сорамна дзеўкам, дый тое – першага разу.
Таня адно шарахнула дзвярыма.
– Паслухайце, – аклікнуў Васіль натурыстага гаспадара кватэры. – Як вас зваць-велічаць?
– А табе што за клопат? – непрыветна прабурчаў той і пакасіўся на хлопца.