Выбрать главу

– Надыдзе, надыдзе грозны час, і адкажаце вы, юды, за раскрыжаваную матухну-Беларусь!

21

Знадворку ўсё яшчэ імжэла. Уражанага прамінулымі падзеямі Васіля разбіраў смех. Хлопец ненатуральна часта адварочваў галаву ад Таццяны, якая ішла з ім пад руку. Кіравалі яны ў бок Куліковага дома.

– Ну і павесяліў мяне продак твой, – звярнуўся Сурмач да сваёй спадарожніцы. – Гэта тое, што называюць махровым нацыяналізмам.

– Ёлупень ён стары, а не нацыяналіст! – сярдзіта адказала дзяўчына. – Яму што нацыяналізм, што камунізм – абы ідэя была, абы было за што зачапіцца.

– А ідэя, Таня, яна ўсім патрэбна. – Каб прыкурыць, Васіль запаволіў крок. – Без ідэі сэнсу няма. Вера ў Бога таксама – ідэя.

– І ў д’ябла, – дадала Таццяна.

– Так, – згадзіўся Сурмач.

– А што бацька мой шызануты, то гэта невылечна. Тут адно цярпі ды прынароўлівайся. Ён жа за савецкім часам актыўнейшым камуністам быў, розныя там парт’ячэйкі ачольваў. І рабіў усё гэта не з карысці якой, а па шчырасці. Ані капейкі ён ад парцейшчыны сваёй не займеў, а колькі затое на сходках папасядзеў, колькі людзей загітаваў, колькім галовы замарочыў! Аднак чалавек жыў гэтым, гарэў сваёй справай… А напрыканцы васьмідзесятых, як пачалася перабудова, татачка мой першы скумекаў што па чым і да нацыяналістаў перамахнуўся. Там звада ў іх нейкая з начальнікам цэха выйшла.

– А ён кім працуе?

– Ды раней ажно ў цэхавае начальства ўваходзіў. А як з БНФ завязаўся, партбілет выкінуў, то і паляцеў потырч… Словам, да майстра дакаціўся. І ваюе, несупынна ваюе, дурань! Мноства разоў па вытворчых і грамадскіх справах судзіўся, сапраўдным суцягам стаў. Бывала, з-за судовых выдаткаў у халадзільніку – шаром пакаці. А яму нішто! “Я ім дакажу сваю рацыю!” – лямантуе.

– А за што, твой бацька… як, дарэчы, яго зваць?..

– Кузьма Аляксеевіч.

– Дык за што ж Кузьма Аляксеевіч судзіцца?

– А за рознае, – нервова хіхікнула Таццяна. – Ты ж, я думаю, зразумеў, што гэта за чалавек?

– А ўсё-такі? – Сурмача апаноўвала цікаўнасць.

– Ну, хаця б за беларускую мову ў грамадскім транспарце агітуе, дакучае людзям, і за гэта яму даюць, як той казаў, на арэхі. Выкрыквае нацыяналістычныя лозунгі ў публічных месцах – міліцыя ў пастарунак валачэ. У цэху які рабацяга непачціва пра БНФ выкажацца – тата да яго затым прыдзіраецца, цкуе. Нарэшце, начальства “левакі” ладзіць, а ён свой нос совае куды не трэба, справядлівасці патрабуе. Ды мала чаго… – Дзяўчына паморшчылася, успомніўшы нешта дужа непрыемнае.

Некалькі крокаў яны здзейснілі моўчкі.

– А самае смешнае, што яму хоць кол на галаве чашы – не ўціхамірыцца! – не вытрывала Таццяна. – Такім людзям чым горш – тым лепей. Пачні заўтра ўсе размаўляць на па-беларуску, дык ён прымянення сабе не знойдзе, з нуды захварэе.

– Мне здаецца, ты залішне на яго нападаеш, – сказаў Сурмач. – Не сакрэт, што на дзіваках сусвет трымаецца. Хрыстос таксама па тадышніх паняццях дзіваком быў. А Кузьма Аляксеевіч…

– Дык каб у яго пры ўсім тым хоць рэшткі розуму захаваліся! – перабіла яго дзяўчына. – Хаця б логіка якая была. Аж не! Слухаць нікога не хоча. Як дзесяць гадоў таму з пенай у рота адстойваў ідэалы камунізму, гэтак цяпер пры слове “камуніст” шалее!

– Скажы, Таня, – Васіль наважыў накіраваць размову ў іншае рэчышча, – вы з бацькам толькі ўдваіх жывяце, альбо…

Ён з прыкрасцю адчуў, што закрануў досыць балючую тэму: Таццяна адказала не адразу і неяк натужліва.

– Мама памерла дзевяць гадоў таму, – прамовіла яна, – а яшчэ брат у мяне ёсць родны – Андрэй… Старэйшы за мяне на сем гадоў.

– Асобна жыве?

– Не проста асобна, а ў іншай дзяржаве. Ён афіцэр у нас, падводнік, капітан цяпер.

– Ясна, – хмыкнуў Сурмач, – не плаваць жа яму ў беларускіх балотах.

– Ага. Пераехаць сюды для яго – значыць усё жыццё на глум кінуць. Там жа і сям’я: жонка, двое дзяцей… кватэра. Як у песні пяецца: “Нас цяпер незалежнасць назаўжды разлучыла…” – нявесела ўсміхнулася Таццяна.

– І што – не прыязджае? – спытаўся Васіль, дапамагаючы спадарожніцы пераскочыць цераз выбоіну.

– А хіба наездзішся з Далёкага Усходу? Адзін раз прылятаў – на тыдзень… А яму хаця б з месяц тут пабыць, бацьку ўціхамірыць. Перад ім тата больш-менш чалавекам трымаецца.

– А мо ёсць магчымасць брацельніку твайму сюды перавесціся? Ну, не падводнікам, вядома, а проста афіцэрам, у штаб які?

– “У штаб”! – сыкнула Таццяна. – А можа, і кватэру тады трохпакаёвую запатрабаваць? Глядзі, паднясуць на сподачку! Ласыя месцы тут спрэс блатнымі заняты. А служыць мараку сухапутным камандзірам роты нягожа.