– Ну, вам відней… – згадзіўся Сурмач.
У гэтую секунду ён узняў вочы дагары, бо яны праходзілі паўз Кулікоў пад’езд… І аслупянеў: два акны прыяцелевай кватэры жаўцелі ў вечаровай цямрэчы разам з іншымі вокнамі дома.
– Ого, зірні, Таня! – Васіль крануўся локця прыяцелькі і паказаў рукой уверх.
– Значыць, дома ён? – здзівілася дзяўчына.
– Нешта няўцям мне… – услых разважаў Сурмач. – Калі мы яму званілі? Колькі мінут прайшло?
– Мінут дваццаць… За гэты час можна дзесяць разоў прыйсці і сысці.
– Вось я яму зараз сыду! Я з ім пагавару... душэўна. – У голасе Васіля загучаў нежартоўны гнеў. – Хадзем паднімемся!
– А ну яго! Мо з дзяўчынай якой забаўляецца? Ці сябрына там… сам ведаеш якая, сабралася… Давай лепш без яго абыдземся.
– Не магу, Тань. У Куліка, разумееш… – сумеўся Васіль, – сякія-такія рэчы мае… яшчэ з таго разу. Забраць трэба.
– Ну заскоч і забяры. А я тут пачакаю.
– Ладна… – згадзіўся хлопец. – Толькі не тут, а ў пад’ездзе пастой – на лесвічнай пляцоўцы. А то як я цябе адну на дварэ пакіну?
– Не, – запярэчыла Таццяна, – у пад’ездзе ж цёмна… Тут весялей.
– Ну, стань хоць на асветленае месца. – Васіль паказаў куды. – А я мігам! – І затупаў па ганку.
На гэты раз чакаць пад дзвярыма не давялося. Яны хутка расчыніліся, і яркае святло, музыка, пахі прыгарэлай ежы разам з Куліком вызірнулі ў калідорчык.
– Во! – Змітракоў твар скрывіўся ў шчырым здзіўленні. – Лёгкі на ўспамін! А я ўжо грэшнай справай падумаў, ці не здарылася з табой нешта.
– Ты мне жвір у вочы не сып! – непрыветліва буркнуў Сурмач, заходзячы ў кватэру ўслед за прыяцелем. – Што, запой чарговы? – Ён зірнуў з пярэдняй у кухню: у пройме дзвярэй віднеўся край нейчае спіны. – Хто там у цябе?
– Дык Валодзька ж, Валодзька Злыбеда! – як аб нечым даўно вядомым і абгавораным, мовіў Зміцер. – Мы ж з ім цябе чакаць прытаміліся. Паўгадзіны цярпелі, а потым, даруй ужо, пачалі самастойна з піўком упраўляцца.
– Ды што ты вярзеш! – абурыўся Васіль, здымаючы з сябе куртку. – Я ж табе паўгадзіны таму дамоў тэлефанаваў. А да гэтага яшчэ хвілін пятнаццаць тырчаў пад дзвярамі.
– Не, Васёк, – яўна хацеў ухіліцца ад непрыемнай размовы Кулік, – нешта ты не тое гамоніш. Як толькі ты пазваніў, я адразу ж у краму па піва пабег: дай думаю, парадую старога таварыша. А тамака якраз з Валодзькам сустрэліся. Думаў, утрох усё ж весялей пасядзім… Ці не так? Да таго ж і з Валодзькам даўно не бачыліся…
– Слухай, – Сурмач узяў шчуплага Змітрака загрудкі і пранікліва зазірнуў у вочы, – ты насамрэч крэцін альбо прыкідваешся?
Змітрок неяк унутрана напружыўся і лісліва ўсміхнуўся.
– Мы ж скоранька, Васёк, адным махам півам затарыліся – і бягом дамоў… Не ведаю, як з табой размінуліся.
“Зусім мазгі адпіў! Кончаны чалавек!” – заключыў Сурмач. І тут жа знікла злосць на прыяцеля. Услых сказаў:
– Ну ладна, размінуліся дык размінуліся – бывае. Не пра тое гаворка.
– Дык хадзем цяпнем па шкляначцы! – ажывіўся Змітрок. – Даўнютка мы з табой не сядзелі.
– Ну, па адной цяпнем, – згадзіўся Васіль. – А перш давай справы вырашым. Штаны – раз! Партманэ ў іх павінна быць – два! І пажраць нешта – тры: я з абеду есці хачу.
– Няма праблем! – Зміцер сігануў у свой пакой і хуценька вынес адтуль абы-як складзеныя штаны. – Кашалёк у кішэні, – паясніў ён.
Сурмач, не разглядаючы, сунуў штаны ў дыпламат і крыху сарамліва прамовіў:
– А порткі твайго бацькі другім разам прынясу. Зараз здымаць пагана… Я тут з дзяўчынай – на двары мяне чакае, а штаны мае значна святлейшыя, чым твайго бацькі… дый заляпаныя. Адразу прыкметна будзе…
– Ат, тае бяды! – узмахнуў рукамі Кулік. – Продак мой іх ужо спісаў, мусіць! А што за мадам?
– Ну, ёсць там адна… Не важна, – сцямніў Сурмач.
Хлопцы прайшлі ў кухню. У невялічкім наскрозь пракураным памяшканні за нягеглым столікам сядзеў Змітракоў хаўруснік Валодзька Злыбеда. Гэта быў дзяцюк гадоў пад трыццаць, але ўжо з грузнай, аплыўшай фігурай, азызлым буракаватым тварам прывычнага алкаголіка. Яго маленькія, амаль нябачныя пад складкамі тлушчу вочкі-шчылінкі свяціліся надзвычай добразычлівым агнём, твар расцягваўся ў дурнаватую прыветлівую ўхмылку.
– Уладзя… Васіль, – прадставіў Кулік аднаго аднаму незнаёмых.
Паціскаючы Сурмачу руку, трыбухаты Валодзька проста ззяў няштучнай радасцю, але не выраніў ані слова. Уся ягоная постаць уяўляла з сябе такую лагоду, такое прымірэнне з сусветам і любасць да сабратаў, што Васілю неадольна захацелася з ім цяпнуць па шклянцы.