– Ведаеш, – прамовіў ён, цягнучы праз “саломінку” кіслы напітак, – заўсёды, калі я гляджу адсюль долу, калі бачу гэтыя чароды ліхтароў, гэтую пустку ўнізе і гэтыя аграмадзіны дамоў наперадзе, яны мне ўяўляюцца ў іншым выглядзе…
– У якім? – Таня сцепанула плячамі ад холаду.
– Ну не так, як яны ёсць… Як бы гэта сказаць… Ну, да прыкладу, снежнай зімою я мысленна здымаю з іх белае покрыва і апранаю ў зеляніну, мару: як бы было хораша сонечным ліпеньскім поўднем паваліцца ў мурог вунь пад тым клёнам. – Васіль паказаў рукой кудысьці ў чэрава ночы. – А шчодрай вясною, недзе ў траўні, сярод зеляніны і квецені мне трызняцца гэтыя ж месцы, ахутаныя халодным лістападаўскім туманам… Туман не развейваецца ажно да вечара, і ходзяць скрозь яго людзі…
– Дзіўныя ў цябе жаданні… – сказала дзяўчына. – Я ненавіджу восень, увосень людзі нядобрыя, увосень найбольш адчуваеш сваю адзіноту…
– І дарма. У асенні час абвастраюцца ўсе пачуцці… Мабыць, менавіта ад таго, што няможна схавацца за зеляніну, цяпло ці белую прыгажосць зімы, непрагляднай восенню мы як ніколі бліжэй да Бога.
– Чаму?
– А хто ж нас яшчэ сагрэе? – задуменна не то адказаў, не то спытаўся Сурмач. – Не, я восень люблю. Хаця, папраўдзе, у гэтую пару найбольш і пакутую ад сваёй унутранай недасканаласці… Але інакш бы я не спазнаваў сябе, не імкнуўся б палепшыцца. Летам, зімой і тым больш увесну мой час прамінае бестурботна і весела. Я не задумваюся аб сэнсе жыцця, а значыць – не жыву, а існую. Восень для мяне – пара справаздач…
– А ці не слаўна гэта – не заўважаць часу? – Таццяна прыкметна пастуквала зубамі ад золі.
Сурмач абняў і прытуліў яе да сябе. Гэтае набліжэнне адбылося неяк натуральна і беззаганна – ён гарнуў яе да сябе амаль як сястру.
– Не заўважаць час недаравальна чалавеку, – гаварыў Васіль, перажоўваючы шакалад, – бо ён – ці не самае каштоўнае, што ў нас ёсць. Калі я чакаў нейкую радасную жыццёвую падзею, то неаднойчы прыспешваў хаду часу, я нават хацеў заснуць і прачнуцца ўжо за пару хвілін да гэтай падзеі… Мне здавалася, што час невыносны, што ён наўмысна валаводзіць і здзекуецца з мяне. Так было, напрыклад, апошнія месяцы ў войску – у чаканні звальнення, у чаканні дома і волі.
Васіль падпаліў цыгарэту, выпусціў першы, найболей густы, струмень дыму з рота і доўжыў:
– І наадварот, самае яскравае, адметнае і прыемнае, што адбывалася ў маім жыцці, праносілася нястрымна, недаравальна шпарка. Я заўсёды бедаваў з гэтае прычыны, я зноў кляў час як свайго нядобразычліўца і ворага… І толькі потым, праз некалькі гадоў, калі адбывалася ў маім жыцці нешта радаснае – не радаснае, але важнае і лёсавызначальнае, я выразна пачынаў разумець, што гэтае важнае і ёсць прадуктам тых перажыванняў, тых падзей… Падзей, якія маглі адбывацца толькі ў тым – марудным або, наўсперач, хуткаплынным – часе. Адбывацца па чыёйсьці волі і перажывацца мной менавіта так, а не іначай.
– Усё гэта дзіўна, – прашаптала Таццяна, прыціскаючыся шчакой да Васілёвага пляча. – Чалавек, па сутнасці, сляпая бездапаможная істота. І хаця ў яго ёсць не толькі сваё мінулае, але і мінулае папярэдніх пакаленняў, аднак будучыні няма. Мы ж не ведаем дакладна і бліжэйшых сваіх дзесяці секунд…
– Чаму? – усміхнуўся Васіль. – Я, напрыклад, ведаю дакладна, што праз пяць секунд цябе пацалую і не атрымаю поўху.
Сказаўшы гэта, ён рэзка згроб дзяўчыну ў абдоймы і злавіў ротам яе мяккія вусны. Таццяна замерла, не супраціўлялася, але і не адказала гарачым пацалункам.
– Даруй. – Васіль адліп ад яе і панурыў голаў. – Хаця гэта я па шчырасці… Ты сапраўды прыгожая дзяўчына.
– Не гавары глупствы. – Таццяна паправіла збітыя валасы.
Колькі секунд яны праседзелі бязмоўна. Цішыню парушалі толькі аўтамабілі, што бразгаталі і шорхалі на кальцавым скрыжаванні ўнізе.
– Вось дзівата, – нарэшце падаў голас Сурмач. – Здаецца, я зараз здзейсніў тое, што з’яўляецца самым натуральным у нашым жыцці: пацалаваў дзяўчыну, якая мне падабаецца. А між тым адчуваю сябе, нібы злыдзень.
– Гэта чаму?
– Ага. І я задаю сабе такое ж пытанне: чаму? З якое бяды мне бянтэжыцца? Але нутро не падманеш… У душы ж я ведаю, што зрабіў нешта не зусім прыстойнае. І тут я не апраўдаю сябе ніякімі адгаворкамі…
– Адгаворкамі? – здзівілася Таццяна.
– Так. Бо здаровы сэнс мне падказвае, што, калі хлопцу падабаецца дзяўчына, а ён, мабыць, падабаецца ёй, то…
Таццяна канфузліва хіхікнула.
– То… Ну, толькі збіла мяне! – Васіль з дакорам зірнуў на прыяцельку. – То значыць, абняць і прыгалубіць яе – абсалютна лагічная і нічым не заганная справа. Каб я сілай гэта рабіў, гвалтам – іншая рэч. А так… Я ж не прычыняю табе боль, не адбіраю нейкія там каштоўнасці і, тым не менш, ведаю, што паступаю кепска, быццам цераз нешта пераступаю…