Выбрать главу

– А я ведаю, адкуль такія адчуванні, – сказала дзяўчына. – Пры фізічным збліжэнні людзі пераходзяць на іншую ступень узаемаадносін. Ну, напрыклад, мы з табою добрыя сябры – гэта адно. Паміж намі ўзніклі пачуцці – гэта другое. І ўжо зусім іншае – абдымкі і пацалункі.

– І чаму ж абдымкі-пацалункі – зусім іншае?

– А вось іншае… іншае – і ўсё! – сумелася Таццяна.

– Ат, жанчыны, жанчыны… Заўжды ж вам бракуе логікі, – уздыхнуў Васіль. – Ладна, я даскажу за цябе. Цялесныя ўзаемаадносіны, хоцькі-няхоцькі, а пасягаюць на свабоду абоіх людзей. Той, хто рашыўся на сэксуальныя дамаганні, – таксама несвабодны, бо ён рызыкуе сустрэць непрыхільнасць, моцны адпор, абразы… Мужчына тут мае шанц усумніцца ў сваіх вартасцях, а гэта ўрон самалюбству.

Таццяне, мажліва, была не даспадобы такая тэма. Але ж Сурмач у жаданнях пафіласофстваваць і бліснуць красамоўствам не ведаў упыну. Яму і ў галаву не прыходзіла, што гаманіць з дзяўчынай пра міжпалавыя дачыненні, па меншай меры, недарэчна.

– І самае паганае тое, – працягваў паэт-самавучка, – што кожны чалавек усё жыццё толькі і думае пра аб’ект сваіх сэксуальных дамаганняў, кожны толькі пра гэта і марыць. Марыць пакутліва і напружана. І аб’ект гэты – прынц на залатым кані ці прынцэса ў незямных строях – як правіла, уяўны.

– Глупства ўсё гэта. – Каб не так цёмна, можна было б пабачыць, як запунсавела Таццяніна аблічча.

– А ты паслухай. – Васіль узяў яе за руку. – Мала таго, я сцвярджаю, што прыкладна з дванаццацігадовага ўзросту ўсе памкненні чалавека накіраваны на адно – знайсці палавога партнёра. Астатняе: вучэнне, хараство прыроды, дастойныя мары тыпу “хачу стаць касманаўтам” – другараднае. І гэта нармальна.

– Не нармальна!

– А калі я табе аб’яўлю, што я есці ніколі не хачу? Вось не ем, і не хочацца. Паверыш? Правільна! Палічыш мяне за вар’ята. А чаму ж тады я павінен даваць веры бабылю ці векавусе, што жывуць адзінока і кажуць, быццам бы ў іх усё цудоўна, што ім аніхто і не патрэбны? Калі так, то яны – святыя. А сапраўдных святых людзей – адзінкі. Яны такая ж рэдкасць, як у паэзіі Пушкін і Блок.

– Ну, Вась, як можна параўноўваць каханне, паэзію і яду?!

– Я хачу толькі сказаць, што без кахання, як і без ежы, і хварэюць, і блажэюць, і канаюць таксама. Не задумвалася ты, што адсутнасць кахання, любові – смерць для ўсяго жывога? Бо Сусветны закон просты – паяднаць жаночую і мужчынскую сутнасці. Тут нічога заганнага і быць не можа. Як няма заганнага, калі галодны знясілены чалавек вар’яцее ад паху ежы, зацята рве яе на кавалкі і каўтае, не перажоўваючы. А каб ён не прыпадабняўся жывёліне – не трэба яго даводзіць да крайняй ступені голаду, а перыядычна карміць. І тады ён не будзе хціва драць спажыву і запіхваць яе ў рот рукамі, а паважна сядзе за стол, возьме відэлец, сурвэтачку і з добрым гуморам паспытае і тое і гэта.

– А пры чым тут гэта? – Васіль больш пацяшаў Таццяну, чым пераконваў.

– Тое ж і з каханнем! – нервова, апасаючыся, што яго так і не зразумеюць, працягваў гаманіць Сурмач. – Каб не зрываў дзядзька з цёткі адзенні на люднай вуліцы, не валок яе ў хмызняк і не рабіў усё гэта насуперак грамадзянскай маралі, дайце яму сям’ю, дзяцей, сямейнае шчасце. І тады яго прыродны юр сыдзе на гожую справу, запачаткуе і выгадуе нашчадкаў. Усе бядоты ў нашым жыцці ад неспатоленых жадункаў – як плоці, так і духу.

– А мо ад таго, што мы не ўмеем тымі жаданнямі кіраваць?

– Яно канешне, калі вакол спрэс галодныя людзі, а чалавек раскладзе сярод іх далікатэсы ды са смакам, з прыцмокваннямі жэрці пачне, то ім непрыемна будзе, ім таксама есці зарупіць… – настойліва выкладаў сваю пазіцыю Сурмач. – Гэтак жа ніякавата будзе людзям, калі нейкая парачка на іх вачах мілавацца пачне. Што б палюбоўнікі ні вычваралі ў сваім ложку – успрымаецца абывацелямі абсалютна нармальна. Але хай паспрабуюць закаханыя вынесці на людзі самую малую і бяскрыўдную долю сваіх начных забавак! Адразу ж – скандал, лямант, выкрыкі: “Юрліўцы, распуснікі, блудлівыя жывёлы!”

– Правільна, каму прыемна на гэта глядзець. – Таццяна са скрытай насцярогай пазірала на Сурмача.

– А вось у тым і закавыка, што прыемна! Якраз большасці людзей і прыемна глядзець на гэта. Пачакай! Ды дай жа сказаць, Таня! – занепакоіўся Васіль, убачыўшы, што дзяўчына зноў збіраецца запярэчыць. – Абывацелю і прыемна і ўсцешна назіраць прылюдную распусту, ды вось бяда – няёмка яму, што ўсе вакол бачаць, з якой прагнасцю ён гэта робіць. І толькі каб не быць западозраным ва ўласнай блудлівасці, ён і крычыць: “Людцы, што ж гэта робіцца сярод белага дня! Зусім, шэльмы, сумленне згубілі!” А сам употайкі думае: “А неблагія ж у дзяўчынкі ногі! Ух бы я тут разгарнуўся!” Вось што жахліва!