Выбрать главу

І тым не менш, нягледзячы на відавочны заняпад і бесперспектыўнасць гэтай канструктарскай установы, нягледзячы на ўнутрыкалектыўныя браджэнні і звады, свой трыццацігадовы юбілей яна мелася святкаваць з найшырэйшым размахам. Куркулістае кіраўніцтва гэтым разам аднекуль знайшло грошы не толькі на паказуху – урачыстую афіцыйную частку і канцэрт запрошаных прафесійных артыстаў, – але і на ўнутрысектарскія застоллі не паскупілася.

Маючае адбыцца мерапрыемства было несумненна цікавым ва ўсіх адносінах. Але найадметнае, што больш за ўсё дзівіла Васіля, – гэта ўсё-ткі яго размах. Бо апошнім часам яўна намецілася тэндэнцыя на змяншэнне маштабаў падобных пагулянак. Прычынай таму, вядома, было катастрафічнае пагаршэнне дабрабыту супрацоўнікаў СКБ. Тры гады назад, калі зялёны інжынер Сурмач пераступіў парог гэтай тэхнічнай установы, яго ўразіла частата і шырыня святкаванняў як народзінаў асобных саслужыўцаў, так і агульначалавечых дат (Новы год, Восьмае сакавіка і іншых). Аднак паступова, месяц за месяцам, па меры таго як агульны развал эканомікі біў па кішэнях супрацоўнікаў СКБ, сталі меншаць не толькі маштабы застолляў, але і пагаршацца душэўныя якасці іх патэнцыйных удзельнікаў. Людзі спакваля суровелі, гублялі былую бестурботнасць і ветлівасць, станавіліся раздражняльнымі і скнарлівымі. Цяпер шмат хто наравіў “замаўчаць” свой дзень нараджэння, прыбаўку ў сямействе ці (што надаралася крайне рэдка) расшырэнне жылплошчы. Гэта немінуча спараджала нядобрыя настроі і пагалоскі ўнутры калектыву. Некаторыя жанчыны, напрыклад, толькі тым і займаліся, што раўніва адсочвалі па сектарскім журнале даты дзён нараджэнняў саслужыўцаў і з усіх кутоў шальмавалі злосным перашэптам тых, хто не праставіўся. Для такога “грэшніка” наступныя пасля ўтоенага свята дні былі проста мукай. Ён хадзіў напружаны, з ненатуральна ганарлівым выразам твару і мусіў удаваць, што аглух і аслеп. Ён стараўся не мець шчыльных зносінаў з калегамі, а калі даводзілася па рабоце з імі кантактаваць – не глядзеў ім у вочы. Некаторыя нервовыя асобы – збольшага затурканыя сямейным побытам і непазбыўнай бяднотаю кабеты – наогул за дзень да даты свайго нараджэння бралі адгулы ці здабывалі ліпавыя медыцынскія даведкі. Лягчэй тут было людзям з прасцейшай псіхічнай арганізацыяй – асобам, так бы мовіць, без сумлення і сораму. Яны маглі сёння жлукціць гарэлку на саракагоддзі якога-небудзь Іванова, а праз тыдзень, у дзень сваіх народзінаў, захоплена гуляць з ім жа ў настольны тэніс пад час абедзеннага перапынку ці ажыўлена абмяркоўваць у курыльні апошні футбольны матч. Не чырванеючы.

Дык вось, сённяшні дзень меўся паламаць гэтую заганную традыцыю і згуртаваць усіх пакрыўджаных, памірыць усіх нядобразычліўцаў. Паколькі восемдзесят працэнтаў выдаткаў на застолле нечакана ўзяло на сябе кіраўніцтва СКБ, то ніхто з супрацоўнікаў не назваўся хворым, занятым і непітушчым. Зранку ў Сурмачавым сектары па спецыяльнасці не працавалі. У чаканні ўрачыстай часткі, якая рыхтавалася ў заводскім клубе, дзяўчаты і кабеты перамывалі посуд, камандавалі мужыкамі пры перастаноўцы сталоў, радзіліся: дзе, хто і як сядзе. Некаторыя дзядзькі і хлопцы, праўда, філонілі – карыстаючыся часовай адсутнасцю Маскаленкі, біліся ў кампутарныя гульні. Сеў быў гэтак жа размяцца і Васіль, але не прайграў і дзесяці хвілін, як на яго гурмою наляцелі кабеты, усунулі ў рукі казённыя грошы і спіс неабходных прадуктаў і выштурхнулі за дзверы. Па харчы выправіўся не адзін толькі Сурмач. Яшчэ некалькі чалавек іхняга сектара, і кожны з адмысловым спісам, шнырылі па бліжэйшых харчовых крамах. Васіль дзякаваў Богу, што яго не кінулі здабываць гарэлку і віны, – хлопец не любіў таўчыся сярод валацугаў ля смуродных гарэлачных прылаўкаў. У той час яшчэ існавалі перабоі з завозам спіртнога: хаця заганная сістэма талонаў ужо сышла ў нябыт, “гаручае” дастаўлялася нерэгулярна і не заўсёды ў патрэбным асартыменце і колькасці. Дый самі вінныя аддзелы ў асноўным яшчэ захоўвалі турэмны, па перабудоўчым трафарэце, выгляд – нейкае там маленечкае акенца на слізкім брудным ганку ў тарцы дома.