Выбрать главу

Тут можа ўзнікнуць справядлівае пытанне: а навошта ж было адкладаць усё на апошні момант, ці не лягчэй набыць размаітую святочную пажыву загадзя – каб пазбегнуць непатрэбных нерваванняў і мітусні? Адкажам: грошы на юбілей былі выдадзены ў абрэз – сёння а дзевятай гадзіне раніцы; сваімі ж сродкамі ніхто з саслужыўцаў рызыкаваць не схацеў. Дарэчы, Васіля моцна цікавіла – ці хопіць на гэты раз пітва? Апошнім часам яго заўжды ў рэшце рэшт не ставала. У складчыну няможна было накупіць гарэлкі ўдосталь, і мужыкі заўсёды імкнуліся высмактаць тое, што ёсць, як мага імклівей (жанчынам зазвычай куплялася пару бутэлек сталовага віна). Прытым кожны маладзён (і дзядзька) пільна сачыў, каб яго не абнеслі, прыкмячаў, ці не паўней наліваюць суседу. Карацей, то было досыць непрыгожае відовішча. Выпіўшы ўсё даастатку за якія паўгадзіны, мужыкі нудзіліся, гаворка не вязалася. Яны хмурыліся, выходзілі перакурыць, радзіліся, а затым пачыналі заўсёдны наступ на Пятра Яфімавіча Маскаленку – уломлівалі яго расшчадрыцца на тэхнічны спірт, пэўныя запасы якога заўсёды стаялі ў начальніцкім сейфе. Шэф, як правіла, супраціўляўся колькі хвілін для прыліку, затым ішоў у свой “акварыум”, звінеў ключамі, скрыпеў дзверцамі і нарэшце выносіў да прагнага люду паўлітровую пляшку з непрывабнай строгай этыкеткаю. Пляшку ўскрывалі, спірт пералівалі ў пластмасавую бутэльку з-пад мінералкі літровай ёмістасці і разводзілі вадой у прапорцыях пяцьдзесят на пяцьдзесят. Затым застолле ішло значна жывей, весялей і змястоўней.

…Пастаяўшы ў роздуме пару хвілін, Васіль рушыў чамусьці не ў бок прахадной, а перасек вуліцу і пачаў павольна спускацца па брукаваным завулку да набярэжнай. Там, у лагу, што за трохпавярховымі даваеннымі дамамі, раскінуўся шыкоўны гарадскі сквер. Яго звіліста праразала рака, закутая ў бетон. У гэтым месцы яна была незвычайна шырокая, спакойная і велічная. На супрацьлеглым беразе праз ружаватую сырую павалоку высвечваліся рудыя будынкі мудрагелістай архітэктуры. Паверхня вады ледзь праглядвалася пад коўдраю туману, які, баючыся гарэзнага сонца, шчыльна туліўся да сцюдзёнай вады, збіраўся ў пасматыя згусткі і марудна сплываў пад берагі, дзе яшчэ панаваў начны цень. У сярэдзіне рэчышча туман амаль развеяўся, і асобныя плямкі вады ўжо мігатліва адгукаліся жыццядайнаму свяцілу.

Сурмач не паглыбіўся ў сквер, а сеў на адну з пустых лавак на забетанаванай пляцоўцы, ад якой долу спускаліся дзве крутыя лесвіцы. Пад пляцоўкай бліскалі ранішняй шэранню блакітныя яліны, уздоўж ракі выстраілася ліпавая алея. Згалелыя ліпы цягнулі свае крывыя рукі-галіны да сонца, і яно краналася іхніх кончыкаў.

Сурмач завітаў сюды невыпадкова. Ён хацеў перачакаць пачатак афіцыйнай часткі мерапрыемства, а затым заявіцца наўпрост у сектар з пакупкамі. Ён ведаў, што пара-тройка жанчын застанецца там для падрыхтоўкі святочнага стала, і вельмі дарэчы будзе ім памагчы. Васіль яшчэ са школьных гадоў, мякка кажучы, недалюбліваў усялякія афіцыйныя зборышчы. Ад іх заўжды тхнула камунізмам, яны ціснулі на псіхіку і выбівалі з жыццёвае каляіны на цэлы дзень. Сядзець там было невыносна, бо падавалася, што бюст дзядулі Леніна пранікліва свідруе цябе вачыма са стала прэзідыума, бачыць і асуджае не толькі тваю нястрогую асанку, але і няўважлівасць, і ўнутраную незадаволенасць, і вальнадумства. Пасля школьных і піянерлагерных лінеек, піянерскіх і камсамольскіх сходаў, нават не будучы прапясочаным, Васіль пачуваўся прыніжаным, абражаным, непаўнавартым. Па іх заканчэнні колькі дзён праследавала адчуванне, што жывеш, дыхаеш і мысліш ты як бы не сам, не самастойна, а з указкі і ласкі нейкага ўсёмагутнага і ўсюдыіснага дзядзькі, які адзін толькі і ведае, як табе трэба жыць, дыхаць і мысліць. Гэты барадаты прыжмураны дзядзька па-сатанінску прысвойваў сабе функцыі Госпада Бога, ён нават і паўставаў у свядомасці зацюканых савецкіх грамадзян як нейкая псеўдаевангельская тройца – Марксізм, Ленін, Кампартыя.