…У гэты ранішні час па скверы збольшага сноўдалі выгульшчыкі сабак. Сурмач любіў гэты кантынгент і па-свойму зайздросціў яму. То былі, як правіла, альбо людзі вольных прафесій, альбо пенсіянеры, альбо студэнты другой змены навучання. Ім не трэба ўранні, ледзь расплюшчыўшы вочы, валачыся на кухню і без апетыту пхаць у сябе сняданак, ім не трэба похапкам апранацца і наўзгалоп бегчы да грамадскага транспарту, штурмаваць яго і вісець затым усю дарогу, заціснутымі паміж сварліва-бурклівых сабратаў па долі-нядолі. Яны ўстаюць не раней як у восем гадзін з добрым гуморам, выпіваюць шклянку кефіру, няспешна апранаюцца… Пры гэтым іх, магчыма, наведваюць высокія і светлыя думкі, а ў пярэдняй ужо заходзіцца радасным піскам верны сябар Палкан ці Альма. Яны паважна ідуць дварамі, выкурваюць найсмачнейшую першую цыгарэту, яны плануюць, як змястоўней правесці свой дзень, яны ўсміхаюцца прыемнасцям, што маюць адбыцца сёння… Яны зазвычай філосафы – гэтыя выгульшчыкі сабак. А як жа іначай, калі кожнага дня ты назіраеш узыход і заход свяціла, назіраеш у цішы, абавязкова наводдаль гарадскіх магістраляў, мітусні і галасу, – недзе на сабачай пустцы, у парку, у скверы, у лесе. А калі сонца захінута хмарамі, калі ранак амаль не адрозніваецца ад пахмурнага дня і вечара – не бяды. І хмары лепшыя за непрыветную фізіяномію начальніка Маскаленкі, які штораніцы віжуе твой прыход спадылба і тут жа пазначае хвіліны твайго спазнення…
Дзіўна, але апошнім часам Сурмач нярэдка лавіў сябе на тым, што зайздросціць чужым лёсам. Правільней будзе сказаць, – перажывае немагчымасць улезці ў чужую шкуру, журыцца, што ніколі ў жыцці не ўспрыме белы свет з іншага пункту гледжання, іншай душой, хадой, дотыкам. Ён хацеў бы быць, напрыклад, дзядком, які зараз малайцавата кідае дручок свайму сабаку-аўчарцы; ён хацеў бы быць дзяўчынай, што тырчыць ужо некалькі хвілін ля газетнага кіёска і, пэўна, кагосьці чакае… Ён хацеў бы пабыць мастаком, адчуць пах фарбаў майстэрні і задавальненне ад цвёрдасці сваёй рукі, ад увасаблення задуманага. Ён бы хацеў (не смейцеся) пабыць і касманаўтам, і аўтагоншчыкам і штангістам… Усё адчуць, пакратаць, запомніць. Але не надоўга. Але каб па першым жаданні вярнуцца ў сваю гаротную, бесталковую, напэўна – слабаталенавітую, але такую абжытую і ўтульную шкуру.
24
У памяшканні было душнавата, шчыльналюдна і шумна. За акном звечарэла. Даўно-даўно скончылася ўрачыстае пасяджэнне, канцэрт, ужо былі з’едзены ўсе найсмачнейшыя стравы і выпіта спіртное. Зараз на стале пад галагенавымі лямпамі зіхацеў самавар, стаялі талеркі і блюды з недаедзенымі тартамі, пірагамі, бісквітамі. Ні піць, ні есці ўжо не толькі не хацелася, а і не маглося. Бо па багацці сталоў, па шырыні і зухаватасці гэты юбілей адназначна перасягаў усе памятныя застоллі, што калі-небудзь тут ладзіліся. Пітва накупілі столькі, што супрацоўнікам СКБ праз пару гадзін ад пачатку балявання ўжо было нудна выпіваць у вузкім коле найбліжэйшых саслужыўцаў. Людзі хапалі бутэлькі і ўрываліся з імі ў іншыя сектары ці аддзелы да сваіх знаёмцаў, альбо проста заяўляліся пажывіцца на халяву, пасядзець, пабалакаць, сябе паказаць. Пецька Мяркулаў са сваёй гітарай быў проста нарасхват, і Васіль дзіву даваўся, як прыяцель умудрыўся застацца амаль цвярозым.
На ўсіх паверхах віравалі найжывейшая гамана, жарты, смяшкі і спевы, у калідорах можна было пабачыць купкі дзядзькоў і кабет, дзяўчат і хлопцаў, якія курылі, перагаворваліся, ладзілі дурнаватыя заляцанні, заліваліся калектыўным рогатам.
Менавіта на адным з паверхаў СКБ, у адным з незлічоных яго калідорчыкаў і згледзеў Васіль Сурмач карціну, якая непрыемна яго ўразіла і міжвольна аказала ўплыў на далейшыя паводзіны.
Вяртаючыся з адведак свайго прыяцеля, які працаваў у іншым аддзеле, Васіль натрапіў захмеленым паглядам на дзве постаці, што якраз вынырнулі з калідорнага рукава і крочылі ў пяці метрах наперадзе. Постаці былі разнаполыя. Прычым жаночая весела разгойдвала шырокімі сцёгнамі і на хаду хілілася да мужчынскай, а тая, жэстыкулюючы левай рукой, правай адвольна лапала спіну, талію і іншыя вартасці жаночай. Абедзве постаці, апрача цокату-грукату абцасаў пры хадзе, вылучалі гучныя п’янаватыя словы і адрывісты смех. Зрэшты, усё гэта мала б турбавала падпіты розум Васіля Сурмача, каб не адна, а правільней, дзве акалічнасці: жаночая постаць бясспрэчна належала Зосі Шальговіч, а мужчынская – цыбатая – Яшку Шызову з суседняга сектара.