Зрабіўшы такое адкрыццё, Васіль сцішыў ступу, дачакаўся, пакуль памянёная парачка збочыць на лесвічную клетку, і, нягледзячы на алкагольнае ачмурэнне, усур’ёз задумаўся… Пасля памятнай сваркі з Зоськай Сурмач начыста выкінуў палюбоўніцу з галавы, на вочы яна яму неяк не траплялася, і ў свядомасці сама сабой запанавала аксіёма, што ўсякія адносіны з Шальговіч закончыліся самі сабой і бязбольна. Баба з калёс – каню свята. Тым больш што перажыванняў апошнім часам Васілю не бракавала. Але ж зараз хлопец з прыкрасцю адзначыў, што бачыць Зоську ў такім радасным і бестурботным стане ды яшчэ побач з такой нікчэмнасцю і пустамелем, зацятым курыльшчыкам і лайдаком Яшкам Шызовым яму не вельмі прыемна. “Во ж знайшла сабе кабяліну! Ні фігуры, ні твару, ні розуму – адны толькі ногі даўжэзныя!” – сердаваў Сурмач. Ён стаяў у апусцелым калідоры і тупа шукаў нечага ў кішэнях штаноў. Васіля даўно і ўстойліва раздражняў гэты Шызоў: як ні сунься ў курыльню – ён ужо тамака; і заўсёды ў атачэнні такіх жа пераросткаў-аболтусаў – казкі бае, пляткарыць, рагоча пасля кожнай сальнасці. Сурмач нават апошнія пару тыдняў спускаўся паліць у далёкую курыльню вопытнага цэха – так узненавідзеў Яшкава пустаслоўе. І тут – на табе! “Удружыла, старая сябровачка!” – Васіль азірнуўся і джвагнуў нагой па сцяне, на пабелцы ўтварылася крывая чорная паласа ад гумавай падэшвы. А асабліва злавала тое, што Шальговіч, мабыць, не вельмі і бедавала ад іхняга разрыву і, ужо тым болей, не задумвалася аб яго сапраўднай прычыне.
І вось зараз, седзячы ў хаўрусе саслужыўцаў, Васіль адчуваў, як узрастае ягонае, справакаванае Зосяй, раздражненне, павялічваецца незадаволенасць сабою. Справа даносілася балбатанне кабет пра шмаццё і побытавыя варункі, злева маладыя хлопцы спрачаліся наконт курсу даляру. Але Сурмач намагаўся прыслухацца да гаворкі паміж сваім шэфам – Пятром Яфімавічам Маскаленкам – і бывалым інжынерам, пажылым Грышам Шпаком. Яна здавалася спахмурнеламу Васілю найболей змястоўнай.
– Адно балячка, а другое – гарачка! – бушаваў Шпак, адбіваючы сваёй узмакрэлай лысінай галагенавыя промні. – Як пры Саюзе пагана жылося, гэтак і пры незалежнасці, каб ёй запуставала! Раней хоць усе аднолькава зараблялі – зайздросціць не было каму. А цяперака народзік на дзве часткі падзелены – адны свалота, а другія галота.
– А не скажы! – абвяргаў Грышкавы довады дабрадушны ад сытага хмелю Маскаленка. – За Саюзам проста былі паны – наменклатуршчыкі, а шэрая скацінка – усе астатнія. А цяпер: тыя, хто быў гэтай шэрай галотай, яшчэ больш згалелі; паны ж панамі і засталіся, толькі называюцца ўжо не камуністамі, а дэмакратамі, лібераламі.
– Не, Пятро Яфімавіч, – Шпак сербануў з кубка рэшткі халоднай гарбаты, – пры ўсёй павазе да вас, я тутака запярэчу. Вось сусед мой, Яўхімка, толькі крыху за мяне маладзейшы. Пры камуністах дуб-дубам быў, з-за сваёй бяздарнасці ўсё жыццё пракарпеў радавым бухгалтарам. Выпіваў, вечна хадзіў мяты і зацухмолены. А выбухнула перабудова – і пайшоў гэты целяпень угору. Спярша ў фірму нейкую ўладкаваўся, затым там жа галоўным бухгалтарам стаў, а пасля гайдараўскага абвалу і наогул сваю справу адкрыў. Цяпер раскашуе – на “мерсе” раз’язджае, ды не сам, а вадзіцель яго возіць. А вы гаворыце… – Грышка дастаў з кішэні пакамечаны напаўпусты пачак “Паміру”, задумліва пакруціў яго ў руках і паклаў на стол каля свайго кубка. – І ён, колішні няздара Яўхімка, цяперака людзей з суседніх кватэр перасяляе, каб харомы сабе займець шматпакаёвыя.
– Гэта як? – здзівіўся Маскаленка.
– А хіба вы не ведаеце? – хітра зірнуў на яго Шпак. – Купляюць побач некалькі кватэр, прабіваюць муры; пераходы, лесвіцы між паверхамі наладжваюць. Вось вам і палац гатовы! Хе-хе! Абы грошыкі вадзіліся.
– Ды як жа ён столькі кватэр набывае побач? – шчыра не разумеў Маскаленка.
– А вельмі проста! – горача тлумачыў Грышка. – Дамаўляюцца з суседзямі і купляюць ім кватэры большай плошчы ў іншых раёнах горада, а іхнія жылплошчы да сябе далучаюць.
– І суседзі згаджаюцца?
– А чаму не? Вось, прыкладам, дачка ў вас на выданні, і жанішок маецца, ды бяда – жыць ім няма дзе. І тут нейкі багацей прапаноўвае вашу двухпакаёўку памяняць ажно на трохпакаёўку ў іншым раёне, абы вы яму сваю нягеглую кватэрку (з кепскай сантэхнікай, са збуцвелымі перакрыццямі) саступілі. Не згодзіцеся?