Выбрать главу

– Ну… тут падумаць трэба, – разважаў Пятро Яфімавіч, быццам яму і напраўду такі абмен прапаноўвалі. – А ты згадзіўся?

– Не-а! – выпаліў Шпак і сашчапіў худыя нервовыя кісці. – Адзіная мая дачка жыве добра, ды не тут, а ў Маскве – з сям’ёй. Самі ж ведаеце. А нам з жонкаю гэтыя пераезды некалькіх гадоў жыцця каштаваць могуць. Мы да сваёй кватэркі душой прыкіпелі. Дый – цэнтр горада, рака, парк, стадыён, тэатры. А домік стаіць у глыбіні квартала, сярод ліп і таполяў, – з асалодай апісваў сваё жытло Шпак, – ані паліўнага смуроду, ані вулічнага тлуму нямашака. Дзе яшчэ знойдзеш такое месцейка?

– Праўду кажаш, – згадзіўся Маскаленка. – Не тое што ў мяне: спальны раён ды вокны на магістраль. А паверх, між іншым, трэці. Гэх, быў бы ў мяне такі сусед бізнесовец!

– А зрэшты, паганы гэтыя бізнесоўцы народ, – змяніў напрамак гутаркі Грышка. – Я вось адмовіўся пераязджаць, а цяпер думаю: калі разборкі якія пачнуцца са стралянінай (у іх, багатыроў, гэта завядзёнка), то чаго добрага і мне перападзе. Верыце, Яфімавіч. – Ён перайшоў на шэпт, і Васіль ледзь улавіў наступнае: – Вечарам баюся смецце выносіць, а калі ўжо даводзіцца, то апранаюся, як апошні вахлак, – абы за Яўхімку не прынялі. А ён, халера, цяпер такі важны стаў. Калі здароўкаецца, рукі не падае – рукі ў яго ў кішэнях. Толькі пыхкае цыгарэткай і, не вымаючы яе з рота, мовіць нешта тыпу: “Ну як яно, балесны, жыццё?” “Жыццё – не біццё”, – адказваю я пахмурна. А больш у нас агульных тэм і няма.

– Ат, камуністаў на іх не стае! – уздыхнуў Маскаленка.

Пасля гэтых слоў Сурмач насцярожыўся і пачаў прыслухоўвацца яшчэ ўважлівей.

– Ды ну іх у задніцу, – махнуў Грышка рукой. – Колькі яны ўжо, камуністы-ленінцы, напракудзілі ды напаскудзілі! Вы іх лепей не памінайце дарма.

Адзначым, што і Грышка і Пятро Яфімавіч у свой час мелі партыйныя білеты.

– Не скажы… – Маскаленка задумліва пабразгаў лыжачкай аб край пустога кубка. – Ідэалогія – гэта, канешне, лухта, але ж парадак – быў, але піць-есці – было. Але прайдзісветы, накшталт Яўхіма твайго, тады наверх не пралазілі.

– А мо ён не прайдзісвет, а таленавіцейшы чалавек, – запярэчыў бывалы інжынер свайму шэфу, – толькі яму сістэма тая бязбожная раскрыцца не дазваляла?

– Ат, ведаю я такія таленты! Марадзёры яны! Грэюць рукі на папялішчы вялікай дзяржавы, вялікага народа!

– Гэта якога “вялікага народа”? – нечакана для сябе ўлез у спрэчку Сурмач.

Ён адчуваў, што можа зараз напартачыць, аднак не мог нічога з сабой парабіць: сядзець і моўчкі ненавідзець Шальговіч з Шызовым было яшчэ невыносней.

– Гм.. – застопарыўся азадачаны Маскаленка. – Ну як жа… савецкага… расійскага… беларускага…

– Што ж гэта ў вас за народ такі трохаблічны, не раўнуючы цмок-Гарыныч – з трыма мазгамі і адным страўнікам? – дзёрзка падлавіў начальніка Васіль.

Маскаленка адразу не знайшоўся, што адказаць. На дапамогу яму прыйшоў Грышка.

– А яно, хлопча, так і ёсць! – гаварыў ён, ухмыліста пазіраючы на Сурмача. – Толькі не трох-, а шматаблічны мы народ. Колькі нацый у Саюзе было, столькі ж у нас і абліччаў. Гэтак нас партыя вывучыла, хай яна, праклятая, згоркне!

– Ну, цяпер кожны герой на партыю несці! – зноў уключыўся ў спрэчку Пятро Яфімавіч. – А пагаманіў бы ты так гадоў дзесяць таму, то хуценька б у каталажцы апынуўся. Смяльчак!

У гэтую секунду Васіль пачуў прыглушаны голас з боку купкі гаваркіх жанчын: “Ты б першы і нафіскаліў! Заўжды ў прафсаюзах ды партактывах аціраўся, ведаем!” Голас належаў Марыі Лухвіч. Сурмач асцярожна зірнуў на Маскаленку: той альбо не пачуў гэтае заўвагі ў свой адрас, альбо не падаваў віду.

– Так што, шаноўныя, не будзем гарачку пароць, – доўжыў выкладаць свае аргументы шэф. – Мабыць, праз колькі гадоў так дапякуць вас дэмакраты, што па Савецкім Саюзе завыеце.

– А я ўжо выю! – змрочна пажартаваў Грыша. – У мяне месячная зарплата – як у Нямеччыне чысцільшчык урнаў за паўдня зарабляе.

– Вось бачыш! – ажывіўся Яфімавіч. – А за камуністамі курс рубля вышэй за даляр трымаўся! Так што, браткі, анікуды нам без Расіі не прасунуцца!

– Гэта чаму ж? – утаропіўся на яго Сурмач.

– А ўсё таму, Вась, што хутка не будзе чаго жэрці! Усё з тае ж банальнай прычыны. Вытворчыя сувязі нашыя ўміг разваліліся, а новыя стварыць – гэта дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі. Дый далёка хадзіць не трэба – вазьмі наш завод, наша СКБ. Гаруем жа, вой як гаруем!

– Ды што вы ўсё на свеце праз страўнік мераеце! – з агрэсіўнымі ноткамі ў голасе запярэчыў Васіль. – Можна ж пасадзіць чалавека ў турму, не ганяць на працу і карміць як на зарэз. Ці шчаслівы ён будзе? Тое самае і з Беларуссю: пры камуністах нябедна жылі, але не людзьмі былі, а кастратамі – без мовы сваёй, культуры, гонару.