– Культуру на хлеб не намажаш! – падкалупнуў Васіля Шпак. – Што мне з тае культуры?
– Ну й валяйся тады ў гразі! – ускіпеў Васіль. – Чакай, пакуль маскоўскі цар паднясе табе чарговую кадзь гнюснага варыва! Толькі тады май на ўвазе, што калісьці надакучыць яму, цару, выдзяляць табе нават і гэты свіны харч! І прыйдзецца табе сваім атрафіраваным целам і мозгам за скарынку хлеба змагацца!
– І пазмагаюся! – запальчыва выкрыкнуў Грыша.
– Годзе вам сабачыцца, хлопцы! – прымірэнча крануўся начальнік Шпаковага пляча. – Праўду кажа Васіль, лепш усё ж быць незалежным ды, як пустазелле, жывучым (хоць і галодным), чымся – тоўстым еўнухам, які без панскай ласкі і дня не здатны пражыць. Гэта так. Але незалежнасць – тонкая штука…
Маскаленка на міг задумаўся, намагаючыся нешта сфармуляваць. Васіль скарыстаўся гэтай замінкай:
– Эх, Пятро Яфімавіч, уся штука ў тым, што незалежнасці ніякай няма, не было і не будзе! Скажу больш: паняцце “незалежнасць” у корані супярэчыць асноўнаму закону Сусвету.
– Ну, папёр мудрагеліць! – буркнуў пакрыўджаны Сурмачам Грышка.
– Бо Сусвет якраз і трымаецца, – не зважаў на яго Васіль, – на залежнасці ўсяго ад усяго, на ўзаемапрыцягальнасці. Інакш бы ён разваліўся. Нават камень, які ляжыць у цясніне, не можа быць упэўнены, што да яго не пралезе чалавек, не падніме наверх і не раструшчыць у парашок з дапамогай сваіх хітрых прыладаў. А вы кажаце пра незалежнасць нас, што жывуць на ўсіх магчымых вятрах, сярод процьмы хваробатворных мікробаў, сярод нядобразычліўцаў, ашуканцаў, ворагаў.
– Яно канешне, незалежнасць – катэгорыя адносная. Каму, як не нам, тэхнарам, гэта ведаць... – зафіласофстваваў быў Маскаленка, але Васіль беспардонна яго перабіў.
– Я мяркую, што слова “незалежнасць” з’яўляецца проста зручным словам для чарговай злачыннай групоўкі, што хоча захапіць уладу, а потым (ужо без усякай незалежнасці) нас душыць і душыць. “Незалежнасць” – гэта падстава для выкрыкаў раз’юшанаму натоўпу, якому ўсё роўна – ці гарланіць “Дынама чэмпіён!”, ці “Далоў гарэлачныя талоны!”, ці “Жыве Беларусь!” Гэта проста чарговая адтуліна для выхаду адмоўнай энергіі замардаваных жыццём абывацеляў. Але каб той абывацель, замест таго каб раўці “Даеш незалежнасць!”, пачаў бы хоць час ад часу зазіраць у кнігі, перастаў бы курыць і хлябтаць піва, а бегаў бы ўранні трушком… каб ён сам хадзіў у тэатры, музеі і дзяцей сваіх туды браў. Тады б, мусібыць, само сабою спаўзло з яго камуністычнае ачмурэнне. Тады б адкрыў ён, нябога, што цэрквы ў яго краіне будуюцца не так, як у Расеі-матухне, што іначай пішуцца іконы, што растуць іншыя дрэвы і кветкі, што мова яго гэтак жа адрозніваецца ад расейскай, як і польская і сербская мовы. Тады б, мабыць, заўважыў, бедачына, як пачварна гучаць пазначаныя на картах назвы беларускіх рэк, азёр, вёсак.
– Чаму? – недаўменна зірнуў на Васіля Маскаленка.
– А таму, што карты ў нас скрозь савецкія, і назвы падпісаны на іх па-руску. Хіба гэта не здзек: “Перемога”, “Поплавы”, “Осередок”? Морду біць за такое трэба!
– Во дае! – хмыкнуў Шпак.
– Тады як на роднай мове, – працягваў разгарачаны Васіль, – і язык не трэба ламаць, і глузды выварочваць: што ж гэта за “Пе-ре-мо-га” такая? Бо адразу ж усплываюць беларускія карані слоў, і ясна, да прыкладу, што “Паплавы” – не ад слова “паплаваць”, а найперш – ад “поплаў”, “паплавец”.
– Хе! Ды тут самае дзіўнае не гэта, – зноў падаў голас крыху супакоены Грыша, – а тое, што затурканыя ленінцамі вясковыя бабкі гэтак і будуць усё жыццё вымаўляць, гвалтуючы свае галасавыя звязкі: “Перемога”. І хоць ты трэсні! Бо так іхні пан-карміцель – старшыня калгаса – вымаўляе. І смех і грэх!
– Гэх, хітрамудра гэта ўсё – не нашым ротам сёрбаць, – уздыхнуў Пятро Яфімавіч. – Хадзем лепей, хлопцы, курнём.
Спрачальнікі падняліся і рушылі да выхаду. Па дарозе да іх далучылася яшчэ пара-тройка жадаючых перакурыць.
25
Натапыраны ад золкасці, стаяў Сурмач наводдаль галоўнай прахадной, бесталкова тупаў на месцы. Раз-пораз усхліпвалі дзверы, выпускаючы пары, тройкі і асобныя людскія постаці. Яны тут жа ўцягвалі галовы ў плечы, паднімалі каўняры і, унікаючы сіверу, апускалі твары долу. Таропка разыходзіліся ў розных напрамках.
На душы ў Сурмача было ні сумна, ні весела. Задзірысты хмель пакрысе ападаў ад восеньскай халадэчы, і сусвет няўхільна вяртаў свае банальна-шэрыя фарбы. Васіль заўсёды ненавідзеў заканчэнне святаў, баяўся сіндрому ацверажэння, бо бачыў тады сябе нібы зводдалеку і знаходзіў пошлым і да брыдкасці прымітыўным чалавекам. Асоба яго быццам бы падвойвалася, і тады нейкі разважлівы і цынічны Васіль пагардліва ацэньваў узрушанага, парывістага, па-п’янаму шчырага Васіля.