Выбрать главу

І зараз, на парозе мімавольнага самабічавання, хлопец мяўся на месцы, паліў цыгарэту за цыгарэтай і мысленна шукаў, чым запоўніць гэты сыры кастрычніцкі вечар. Нешта ўпарта штурхала яго ў бок інтэрната: заявіцца да Шальговіч, прычапіцца да Шызова (які, безумоўна, там будзе), учыніць скандал і на кулаках паказаць гэтаму даўганогаму, хто чаго варты. Гэтае жаданне было надзвычай моцным, і чорту б ведама магчымае развіццё падзей, каб на чацвёртай цыгарэце не згледзеў Сурмач у парадзелым натоўпе прахожых знаёмую жоўтую куртку – Марыя Лухвіч спяшалася завярнуць за рог і нырнуць у найбліжэйшую вулачку.

Шпурнуўшы недапалак вобзем, Васіль рашуча пашыбаваў за Машай.

Бывае, надараюцца ў нашым жыцці падобныя выпадкі: ідзеш ты па доўгім змрочным калідоры, паабапал – безліч аднастайных дзвярэй; ты стукаў у іх незлічоную колькасць разоў і заўсёды – безвынікова; ты гэтак натаміўся і зняверыўся адшукаць незамкнутыя дзверы, што ўжо даўно ідзеш панурыўшы голаў, і абрыдлі табе гэтыя бляклыя дошкі, гэтыя аблезлыя сцены бясконцага калідора; і раптам, шарахнуўшы нагой не з надзеі, а са злосці па найбліжэйшых дзвярах, ты з лёгкасцю адчыняеш іх, уваходзіш у светлую ўтульную залу, дзе знаходзіш аддуху душы і целу ды падазраеш затым, што нямала такіх залаў ты ў сваім жыцці абмінуў.

У адну з жыццядайных залаў і патрапіў Васіль, увязаўшыся на падпітку за Марыяй Лухвіч, сталай сваёй саслужыўкай. Усё адбылося надзвычай проста і бесперашкодна. Лухвіч жыла ў трох кроках ад завода, у глыбіні старога цяністага квартала, у адной з цагляных чатырохпавярховак з высокімі столямі і комінамі на выпуклых дахах. Сурмач і раней няўзнак прыкмячаў, як яе ладненькая ўвішная фігурка скрываецца ў адной з блізкіх падваротняў.

Ва ўзаемапрыязнай размове яны хутка прамінулі даволі звілісты шлях да Машынага пад’езда. Калі абыходзілі і пераскаквалі лужыны, жанчына абапіралася на Сурмачаву руку. Перад пад’ездам загаманіліся. Васіль сам дзівіўся свайму красамоўству. Зрэшты, так бывае заўсёды, калі ў партнёра ёсць жаданне слухаць. Гаварыў Васіль пустое – штосьці накшталт кепскага асвятлення гарадскіх вуліц, альбо холаду зімой і гарачыні летам. Праз хвілін дваццаць пайшлі наверх…

Ужо гадзіны праз тры, лежачы на шырокім сямейным ложку, сіліўся прыгадаць Васіль, што паслужыла нагодай для такога позняга візіту. І не мог. Але ж факт быў, так бы мовіць, навідавоку. У цудадзейным святле зялёнага бра, пад квяцістым падкоўдранікам, вырысоўваліся адметныя згібы жаночага цела, а на руцэ ў яго, Сурмача, даверліва ляжала бялявая галоўка, мілавідны твар ласкава быў звернуты да яго, сакавітыя вусны шапталі нейкія пяшчотныя словы. Побач з ім ляжаў чалавек, які яшчэ гадзін пяць таму быў калі не бясконца далёкі, але такі ж недасяжны, незразумелы, як сотні тысяч жыхароў іхняга горада. Так, Сурмачу і раней падабалася Маша. Але ён вылучаў яе не болей, як і любую харошанькую маладую супрацоўніцу іхняй шматлюднай установы. Толькі ў іхнім сектары былі яшчэ дзве-тры маладзіцы, якія хвалявалі яго проста як здаровага мужчыну. Прычым хвалявалі найхутчэй патэнцыйна, бо пасля завязкі з Шальговіч Васіль і ў думках не дапускаў новага службовага рамана. Што тычыцца Лухвіч – пагатоў. Яна ж была маці-адзіночка, развядзёнка, а Васіль знаходзіўся ў такім узросце, калі шукаюць сапраўдных нявест і, прабачце, стараюцца адарваць сабе куш як найсаладзейшы.

Скажам больш, каб Сурмач і паставіў за мэту дамагчыся Машы, ён бы, хутчэй за ўсё, напартачыў і пайшоў шылам кашы паеўшы. Відаць, каб аказацца вось так папросту на гэтым ложку ноччу ў пустой трохпакаёвай кватэры, патрэбны нейкі чарадзейскі збег абставінаў. І што тут першапачатковае: раўнівая нянавісць да кінутай ім жа Зоські, злосць на пустабрэха Шызова, беспрасветная туга Лухвіч па мужчыне, альбо тое, што яе сын Косцік начуе сёння ў бабы з дзедам?

У перапынках выплескаў страсцей маладых целаў, пакурваючы і выпускаючы цыгарэтны дымок у высокую столь, займаўся Васіль своеасаблівай філасофіяй. У гэтую ноч ён зрабіў для сябе шэраг важных высноў. Бо каханне, звычайная патрэба здаровай плоці, таксама з’яўляецца для нас адным са спосабаў пазнання быцця.

Чаму, задаваўся пытаннем Сурмач, так лёгка сыходзяцца людзі? Чаму паверыла яна мне? Паклала вока даўно? За гады службы ўпэўнілася ў маёй чалавечай добрапрыстойнасці? Лухта! Я маўчун, скрытны чалавек. За памяркоўным інжынерам можа скрывацца распуснік, маньяк, сіфілітык. Можа, цела маё ў язвах і выродлівых плямах? А што, калі я падонак, жулік, які хоча адцяпаць кватэру, альфонс? Што, калі я садыст, будучы сямейны дэспат? Хіба відаць гэта за маёй прыстойнай службовай вопраткай, акуратна паголеным тварам? Хто б мог падумаць, што гэтыя поўныя плечы і аксамітныя валасы будуць маімі, што гэтыя гладкія сцёгны будуць ахопліваць маё цела, ды так умела, нібы мы разам не адзін год. А гэтыя губы, што так апантана цалуюць мае валасатыя грудзі – грудзі чужога чалавека! – ці не брыдка ім, такім мяккім ружовым губам? А калі – не, то чаму?