– Ты не засынай, чуеш? – Маша села наўсколенцы, нахіліла да яго твар. – Я схаджу ў ванную.
Яна кашэчым рухам саслізнула з ложка і нячутна патэпала да дзвярэй. Абсалютна голая. Яе гожае шчадралюбнае цела блішчэла кропелькамі поту ў хітрым зеленаватым святле. Неўзабаве недзе меладычна зацурчала вада. А Васіль зноў аддаўся роздумам.
Можна б, канешне, паразважаць пра высокія матэрыі, успомніць чалавечую адзіноту, байку пра нябесныя шлюбы, наканаванасць лёсу і гэтак далей. Аднак пра тое ўжо шмат напісана кніжак, пастаўлена спектакляў і знята фільмаў. Увесь жа жыццёвы Сурмачаў досвед аніяк не хацеў прымаць гэтыя пастулаты. Зазнаныя ім за дваццаць пяць гадоў быційныя законы якраз пераконвалі ў адваротным.
Так, Сурмач адзінокі і, мабыць, нават няшчасны ў сваёй адзіноце чалавек. Але, каб развеяць тугу, хіба абавязкова лезці ў першую ж прыдатную пасцель ды валтузіцца там у звярыным шале? І калі сапраўды толькі ад адзіноты пакутуе Васіль, чаму ён не ляжыць у ложку з жылістым каравым мужыком, а з пяшчотнай мяккацелай жанчынай? Чаму ж і жанчыну ён выбраў не абы-якую – не гарбатую, не прышчавую, не насатую, – а якраз звышпародзістую самку? І хто сказаў, што адзінота развейваецца выключна цялеснай блізкасцю? А каб дапамагаў ён роднай маці – напраўду самаму блізкаму і адданаму чалавеку – з гаспадаркай упраўляцца па вечарах? А каб не фыркаў на бацьку, а пагаварыў бы сардэчна – адзін-адзінюткі раз за апошнія гады? Можа, і адзіноты б – як не бывала? Ды не! Забавак шукае ён, усялякіх слодычаў – чаго крывадушнічаць. Цела жаночага прагне ўся згаладалая істота яго. Бо яно, гэтае вабнае цела, і ёсць самым значным у нашым жыцці. За яго мы, мужыкі, адмалку і змагаемся. Можна, вядома ж, сказаць, што гэта пошла, што гэта не па-чалавечы, не па-хрысціянску гэта. Але ж любы найтупейшы матэрыяліст рассмяецца табе ў твар і абзаве ёлупам. І заўсёды будзе мець рацыю. Бо цела жаночае – само жыццё, і каб не вабіла яно да сябе неадольна, то і жыцця б не існавала. Не было б і філасофіі гэтай. Не запачаткаваліся б тыя разумнікі-ўсяведы. А на паверхні зямлі – вада, пясок ды голыя камяні…
Мы апранаем на сябе сучасныя адзенні, заканчваем інстытуты, рушым наперад навуку, удаём прамудрыя міны ды разважаем пра агульначалавечыя каштоўнасці, пра сэнс існавання спрачаемся. Ханжы мы! А сэнс гэты прасцейшы ад простага: з дапамогай разнамасных станкоў ды рыштункаў здабыць сабе харч, увечары нажэрціся ад пуза, разысціся парамі па спальнях, скінуць з сябе адзенні і нарэшце зноў ператварыцца ў пячорных людзей – набыць, так бы мовіць, сапраўдныя свае абліччы.
Усё, што робіцца ўдзень, робіцца з натугай, з хітрыкамі ды нянавісцю. Бо гэта – праца, гэта здабыванне свайго куска. А хто ж працаваць любіць! І не працавалі б, каб можна было так пад’есці. А насалода ўся – вечарам за багатым сталом, ды ў пасцелях. Спакон веку за гэта білася 0,99 чалавецтва. І толькі асобныя кволыя недарэкі нешта там прапаведавалі, вучылі, пісалі кніжкі, перасцерагалі ад блуду, гвалту. А іх дубцамі пляжылі за гэта, каб не ўносілі смуту. Забівалі гэтых дзівакоў насмерць ды зноўку кідаліся выдзіраць сабе спажыву: ежу саладзейшую, дзяўчыну бялейшую. Добра яшчэ што Усявышні абавязаў чалавека хоць харч сабе ўласнаруч здабываць. А іначай бы адзін блуд і застаўся, дваццаць чатыры сутачныя гадзіны ім бы запоўніліся.
Усе нашы цялесныя адпраўленні, думаецца, і дадзены для таго, каб памяталі мы, недарэкі, нізасць сваю і жывёльнасць. Памяталі кожны дзень – на унітаз сядаючы, кім мы ёсць. Каб не забываліся. Асабліва тыя, хто разумны вельмі.
Гэтыя развагі пранесліся ў Васілёвай галаве хвілін за пяць, акурат пакуль Маша не вярнулася з ваннай.
– Ну як ты тут, мой харошы? – Яна шуснула пад коўдру і цесна прытулілася да яго. Ейнае цела было вільготным і халаднаватым. Сурмачу стала непрыемна. Унікаючы жаночых ласак, ён пацягнуўся па цыгарэту, запаліў і лёг да Машы спінай. Попел страсаў у шклянку, што стаяла на тумбачцы. Спаць зусім не хацелася. Карцела гаварыць, але думкі, што віравалі ў яго галаве, і якія нам удалося падслухаць, ніяк не стасаваліся са спальняй, прасцінамі ды голай красуняй Лухвіч.