Павісла паўза.
Сурмач абняў партнёрку і прыцягнуў да сябе.
26
У гэтую суботу ў кватэры Сурмачаў было мітусліва. Зрэшты, як і штосуботы. Па даўняй завядзёнцы, нядзеля ў іхняй сям’і лічылася днём выключнага адпачынку, і таму ўсе побытава-гаспадарчыя справы прыпадалі на суботу.
А сённяшні дзень быў і наогул звышадказны: Сяргей Уладзіміравіч распачаў асеннюю нарыхтоўку квашанай капусты. У цеснай куханьцы поплеч з ім увіхалася Людміла Пятроўна. Паколькі сям’я Сурмачаў была досыць вялікая і на адсутнасць апетыту ніхто як быццам не скардзіўся, то і аб’ём капусных работ мусіў быць значным. Сурмач-бацька меркаваў запрэгчы сюды Васіля, але той, прама не адмаўляючыся, зашыўся ў зале з кніжкамі ды сшыткамі і не спяшаўся бацькам на падмогу. Перад Яўгенам і Галяй стаяла свая адмысловая задача: поўнасцю прыбраць кватэру, уключаючы і выбіванне дываноў, і пыласос. Яны адрання сумленна і ўпраўна рупіліся на гэтай ніве, бо хацелі закончыць яшчэ да абеду: у сем гадзін іх чакала прэм’ера ў драматычным тэатры.
З прычыны лайдацтва малодшага сына Сяргей Уладзіміравіч быў не ў гуморы. І чым вышэй расла горка нашаткаванай капусты на кульгавым кухонным століку, тым у большае раздражненне прыходзіў Сурмач-бацька. Ён мацней і бязладней мянташыў нажом, усё больш зацята абыходзіўся з качанамі ды з непрыхаванай лютасцю кідаў храпкі на падлогу. Людміла Пятроўна, наадварот, працавала з зайздросным спакоем і метадычнасцю. Капусная стружка выходзіла з-пад яе нажа раўнюткай і нібыта самастойна ўкладвалася праваруч ад Пятроўны ў акуратную кучку. Гэта дадаткова гнявіла Сяргея Уладзіміравіча, бо ад яго капуста ляцела ў розныя бакі, гулліва пырскала сокам, заляпваючы белую брудапрыцягальную майку, а два разы нож слізгануў па качане і да крыві парэзаў пальцы.
– Вось жа гад, дык гад! – не стрываўшы нарэшце, здушана крыкнуў галава сям’і, саўгануў напаўабрэзаны качан да сцяны і кінуў нож на грудок скрышанай капусты.
– Не разумею, чаго ты ўвесь час псіхуеш, – скоса зірнуўшы на мужа, працягвала сваю неадступную працу Людміла Пятроўна. – Каб быў спакайнейшы, то і справа б спарней ладзілася, і пальцы цэлыя былі.
Вузкагруды муж спадылба зірнуў на яе поўную, дужую, цягавітую постаць і амаль з нянавісцю вымавіў:
– А не магу я быць, як ты кажаш, спакайнейшым, калі гэты дармаед там за сценкай чытанні-пісанні разводзіць!
Жонка змаўчала, і ў кухні некаторы час адно раздаваўся мерны, упэўнены, як бы канвеерны стук нажа аб шаткавальную дошчачку. Маўчанне Людмілы Пятроўны моцна заела гаротнага Сяргея Уладзіміравіча.
– Як жа так, Люда! – Ён узяў свой нож і зноўку прыняўся за працу. – Як ты можаш раўнадушна глядзець на яго нахабствы? Я ж яму яшчэ пазаўчора сказаў, што ў суботу капустай займаемся! Я толькі сягоння тры разы яго прасіў-маліў памагчы!
– Ну, і сказаў жа ён табе, што паможа. Чаго шалееш? – не адрываючы ад нажа вачэй, з расстаноўкай гаварыла Людміла Пятроўна. – А чым больш ты да Васіля будзеш чапляцца, тым пазней ён сюды прыйдзе. Гэта нармальны пратэст на твае камандзірскія прыставанні…
– Што? Пратэст?! – ускіпеў Сурмач-старэйшы. – А жэрці квашаную капустку ў яго пратэсту няма? Нябось кілаграмамі паглынае, прорва!
– Замаўчы! – з пагрозай зірнула на яго жонка.
– Сама замаўчы! – задзірыста крыкнуў бацька і тут жа віскліва заскавытаў, адшпурнуў нож ды схапіўся правай кісцю за адзін з пальцаў левай. З пальца пацякла кроў.
Праз пяць хвілін, закончыўшы чарговую перавязку і адзяваючы на мужаву руку гумавую пальчатку, Людміла Пятроўна супакойліва гаварыла:
– Ну сам сабе вораг! Ведаеш жа сябе: і язва і печань у цябе – усё ад нерваў.
– Не ад нерваў, а ад гэтага злыдня. Ад гэтага гультая-паэта хутка ў магіле буду, – бурчаў муж.
– Намый пакуль што морквы, – параіла Людміла Пятроўна. – У цябе ж рукі ад шалу калоцяцца. Гэтак скалечыцца можна…
– Гэта ты сыночку свайму ненагляднаму гавары. – Натурысты Сяргей Уладзіміравіч на злосць жонцы ўзяўся за нож і карцінна, усім корпусам налягаючы на качан, пачаў яго бэрсаць.
– За дурной галавою і рукам няма спакою, – з прыкрасцю махнула на яго рукой Людміла Пятроўна.
– Не будзе дзве смерці, раз трэба памерці, – адчайна здасціпнічаў муж і шустрэй замянташыў нажом па капусце.
Але працаваў нядоўга. Праз хвілін пяць, адкінуўшы рыштунак, Сяргей Уладзіміравіч ізноў звярнуўся да жонкі:
– Не, ты як сабе хочаш, а я яго паклічу, – у роспачы пачаў ён. – Я яго прывалаку ды носам уваткну ў гэтую кучу. Я яго рукі свае перарэзаныя цалаваць змушу!
– Закрый рот, ненармальны. Зараз суседзі збягуцца, – строга папярэдзіла мужа жонка.