Выбрать главу

– Я гэтую нахлебніцкую псіхалогію з яго выкалачу! – Сяргея Уладзіміравіча ўжо цяжка было спыніць. – Падлюга! Дармаед! – лямантаваў ён. – Ты мне, маці, не затыкай рота! Хай чуе, такая дрэнь, хто ён ёсць! Дармаед! Нягоднік!! Скаціна!!!

Людміла Пятроўна рэзка паклала нож, сарвала з крука фартух і замахнулася на развар’яванага мужа.

– Замаўчы! А то я цябе ўціхаміру.

Яе рашучая дужая постаць і цвёрды, упэўнены голас крыху ахаладзілі разгарачанага Сяргея Уладзіміравіча. Ён нават машынальна прыкрыў твар рукамі, напраўду апасаючыся хвосткага ўдару злямчаным фартухом. Ягонае аблічча на секунду баязліва скрывілася. Затым вузкагруды галава сям’і шарахнуўся ўбок – да сцяны – і апусціўся на табурэтку каля стала.

– Што ж гэта творыцца, Божухна! – ашчаперыўшы галаву, заенчыў ён немым шэптам. – У сваім, уласнаручна пабудаваным доме, прыбіральшчыкам, чорнарабочым жыву.

– Паплач, паплач.

– Гэта ж у галаве не ўкладваецца такое: стары хворы бацька нарыхтоўвае на ўсю зіму капусту для здаравеннага бэйбуса, які ў гэты час валяецца на канапе і вершыкі строчыць! О, Госпадзе, за што ж мне такая старасць!

– Памаліся, памаліся, – неспагадліва бурчала жонка. – Палягчэе!

– Ірады вы, крывасмокі! – з адчаем выпаліў муж.

– Што?! – гаркнула Пятроўна.

– Не крычы, не запужаеш – пужаны! Вось ты яго пакрываеш, дурніца. З эгаізму свайго бязглуздага. А, памяні маё слова, сама ад яго шчэ нацерпішся. Канаць будзеш – ён табе нават вады не падасць, бо ў той момант тварыць будзе. Пісака хрэнаў!

– Пачакай, зараз Яўген з Галяй прыйдуць – мы цябе завязём куды трэба.

– Што, праўда вушы рэжа? Я б маўчаў, каб мог скрозь зямлю праваліцца. Аднак жывым у магілу не ляжаш. То выкажуся! Вось ад такіх, як Васіль, і ўсе нашыя беды! Гэта такія, як ён, у нас усё сумленна заробленае адабралі. Бо яны дужэйшыя за нас, больш нахрапістыя. Гэта мы іх, на сваю бяду, выкармілі. Ты паглядзі, хто цяпер на іншамарках раз’язджае: нашы з табою сынкі, гарылападобныя істоты з неахопнымі плячамі і маржовымі каркамі. Гэта мы іх дваццаць гадоў таму – з’еш за маму ды з’еш за тату – адкормлівалі. Адгадавалі, трасца на нашы душы! Сталіна на іх трэба.

– Я з табой спрачацца не буду. Дарэмна стараешся. – Людміла Пятроўна здолела ўзяць сябе ў рукі і, вонкава бестрывожная, доўжыла шаткаванне. – З вар’ятамі не спрачаюцца. Іх ізалююць.

– Яны цяперака з намі папросту: пажыў – аслабаняй месца, – зусім не слухаў яе Сяргей Уладзіміравіч, бо галасіў аб даўно набалелым. – Канешне ж, Савецкі Саюз распаўся, эканоміка спляжана, ежы куды як паменшала. А яны, гэтыя нашы мардатыя сынкі, наважылі з намі гэтай паменшанай ежай і не дзяліцца! Яны проста прыходзяць і забіраюць усё. На правах дужага. На правах гарлахвата. Гэтакая барацьба за існаванне. Яны скідаюць нашыя сцягі, ганьбуюць гімны, ставяць свае. Яны сядаюць на нашыя працоўныя месцы і перарабляюць іх на свой капыл. А называюць усё гэта прыгожым словам – дэмакратыя. Дужа ёмка ім за гэтым словам справункі свае хаваць. Не выйдзе! – узвысіў да нельга тон Сурмач-старэйшы. – А я гавару: не выйдзе! – Ён трэснуў кулаком па стале і ўскочыў на ногі. – І калі мой бессаромны нашчадак лічыць, што можна жэрці капусту па літры ў дзень, не ўклаўшы ў яе сваёй працы, я рашуча гавару яму – не! Гавару таму, што заўтра-паслязаўтра з гэтай купустай ён зжарэ і мяне. Упрыкуску. Зжарэ і цябе, дарма што добранькая. Ты мяне чуеш?! – пракрычаўшы гэта, Сяргей Уладзіміравіч агрэсіўна ўтаропіўся на жонку.

– Балабонь-балабонь, – не адрываючы ад работы вачэй, вымавіла яна. – Гаварыць – не мяшкі цягаць.

– Гаварыць?! – задыхаючыся ад шалу і абурэння, прасіпеў Уладзіміравіч. – Га-ва-рыць?!!

Ён хацеў сказаць нешта яшчэ, але ў горле нібыта захрас даўкі камяк, і таму Людміла Пятроўна пачула толькі няўцямнае булькатанне.

Паваліўшы па ходзе зэдлік і вядро, з немым ровам рынуўся Сурмач-бацька з кухні…

27

А Яўген з Галінай выбівалі на двары дываны. На лаўцы, што стаяла непадалёк ад турнікоў, ляжалі рознавялікія скруткі дываноў, дарожак і подсцілаў. На турніку целяпаўся чарговы аб’ект выбівання, над якім напорыста шчыраваў Яўген. Жонка яго стаяла наводдаль, з падветранага боку, але ж дастаткова блізка, каб раз-пораз перакідвацца з мужам словамі.

Дзянёк выдаўся гожы, рэдкі для гэтай пары дзянёк. Сонца гуляла па ствалах і згібістым голлі збяднелых на лістоту дрэў, ззяла ў лужынах і шыбах пяціпавярховак, жаўціла іхнія пахмурныя муры. Нізкае, памяркоўнае, супакойлівае сонца. З прычыны добрага надвор’я вакол было досыць ажыўлена: дзеці гуртаваліся каля каруселяў і гушкалак, некаторыя мужчыны важдаліся са сваімі аўтамабілямі, на прыпад’ездныя лаўкі павылазілі дзядкі і бабулі.