– Я не пісала?! – у сваю чаргу непадробна абурылася Галя.
– Канешне, ты! – накінуўся на яе муж. – Хіба твае артыкульчыкі, твае рэгулярныя дыфірамбы ў афіцыёзныя, заангажаваныя ўладамі газеты можна назваць творамі? Ды я загадзя ведаю, якія слоўныя мадэлі ты ўлепіш у водгук пасля таго ці іншага спектакля! Гэтыя “непаўторныя жэсты”, “светлыя грані душы”, “непераймальна”, “непераўзыдзена”, “брава” – як яны мне агорклі за сем гадоў!
– Можа, і я табе агоркла? – вусны Галіны задрыжалі ад крыўды. Здавалася, яна зараз заплача.
Яўген, зразумеўшы, што перагнуў, апамятаўся, імкліва падышоў да яе, абняў.
– Даруй, Галя. Вось ізноў цапаемся па пусцяковінах.
Яго поўны твар выяўляў няштучную дабрыню і дзіцячую нявіннасць. Гэтага маладога перспектыўнага літаратара можна было звінаваціць у чым заўгодна, апроч нелюбові да жонкі.
– Дурненькі, – Галя дакранулася пальцам да яго носа, – думаеш, я сама за цябе не хвалююся? Ды я жыву толькі табой ды тваёй творчасцю…
Яны прыселі на лаўку побач са скруткамі дываноў.
– Павер, мілая мая, няма для мяне чалавека бліжэйшага за цябе, – гаварыў Яўген. – Але гэтак мяне разглуздала тая неспадзяванка, што сабой не валодаю. Тры ночы амаль вачэй не самкнуў. Зразумей жа, чым ёсць для мяне мае творы!
– Я разумею…
– Гэта ж у галаве не ўкладваецца: з-за аднаго нязграбнага руху галавацяпа вярстальшчыка праца пяці гадоў наўспрах пайсці можа! Дзень і ноч, з года ў год носіш у сабе вобразы, увасабляеш іх на паперы, дзесяткі разоў перарабляеш-перапісваеш, са скуры вылузваешся, каб гэта дасканала, праўдзіва было… А тут – гах! – і ўсё развалілася. Нейкая д’ябальшчына выходзіць. Собіла ж гэтаму разгільдзяю менавіта на народным пісьменніку спатыкнуцца! У нашым жа часопісе такія птахі мо раз на год друкуюцца. Чаго гэты дзед сюды палез!
– І ўсё-такі, Жэнь, – Галя кранула яго за руку, – заўчасна душу сабе не вярэдзь. Усё яшчэ абыдзецца, у мяне прадчуванне такое. І наогул… – яна запнулася, – усе твае беды ад аднаго: ад празмернай засяроджанасці на літаратуры.
– Ну, завяла катрынку! – адмахнуўся ад яе муж, неяк па-старэчы падняўся і ўзяў выбівалку.
– Хіба жыццё на адной літаратуры сышлося?
– Для мяне – так! – Яўген падышоў да турніка і ўжо замахнуўся выбівалкай на шырокі грувасткі дыван.
– Каб дзіцё завялі, то і праблемы б твае памерклі, – раптам адчайна выпаліла Галя. – Не было б часу іх сабе надумваць.
Яўген замёр з выбівалкай у руках. Затым марудна развярнуў свой масіўны корпус і дакорліва ўтаропіўся на жонку.
– Ды як ты можаш, Галь, – замармытаў ён. – Як ты можаш! Усе ж сілы мае… раман… Ды я… за ідэю… у пісьмовы стол днём і ноччу… – вымаўляў ён няскладныя фразы.
– Магу, – рашуча перарвала яго Галіна. – Маю права я табе такое казаць! – Яна наблізілася да мужа і шэптам сказала: – Бо мне ўжо з пад’езда стала сорамна выходзіць. Кожная кабета на лаўцы так і свідруе вачыма. “Ай-яй, бяздзетная яна. Ой-ёй, а такая ж прыстойная пара! Божухна, мусібыць, яна хворая”, – вось што іхнія пагляды красамоўна гавораць. А я здаровая! Чуеш: нармальная здаровая баба. І, як кожная здаровая баба, я хачу дзяцей, звычайнага, прабач за банальнасць, сямейнага шчасця.
Яўген тупавата і прыпалохана глядзеў на яе.
28
Васіль сядзеў на канапе з нагамі, падкурчыўшы іх да грудзей, і быў унураны ў тоўсты патрапаны сшытак. У адной руцэ ён трымаў аловак, а свабоднай рассеяна калмаціў валасы на патыліцы. На канапе і часопісным століку былі раскладзены рукапісы, сшыткі і розныя кнігі.
Настрой хлопец меў выбухованебяспечны, бо яшчэ да сняданку ўзяўся праглядаць свае, збэшчаныя ў непрыступнай рэдакцыі тоўстага часопіса, вершы і загруз у іх безнадзейна. Было ўжо каля адзінаццаці гадзін дня, у жываце нешта дакучліва сціналася, у галаве стаяў туман, але ж Васіль упарта доўжыў калупацца ў злашчасных вершах. А яшчэ даймаў бацька, які некалькі разоў загадваў ісці на кухню ды памагаць упраўляцца з капустай.
Працоўны тыдзень прайшоў у Сурмача таксама ніякавата. Вядомыя дачыненні з Марыяй Лухвіч не ўдалося, як ён планаваў, спыніць на самым зачатку. Два дні ён усялякімі хітрыкамі пазбягаў палюбоўніцы, унікаў яе поклічнага пагляду, сыходзіў з работы раней ці праз аддаленую прахадную, але на трэці дзень сумленне яго не вытрымала, і прыйшлося зноўку заначаваць у спальні з зялёным абажурам і высокай столлю. Праз два дні Сурмач загасцяваўся там яшчэ раз і сцяміў, што гэта ўваходзіць у звычку, якой цяжка пазбыцца. Да таго ж на трэці раз Маша не адправіла свайго сына Косціка да дзядулі-бабулі, і раніцой было прыкра і сорамна выходзіць з чужое спальні ды затым снедаць на кухні пад дапытлівым позіркам хлопчыка. Аднак сорамна бывае толькі першага разу, і хораша ўсведамляў Васіль, што ўжо праз які месяц без ценю няёмкасці будзе ён расходжваць тут у дамашніх нагавіцах і тапках, мыцца пад душам ды шастаць у халадзільнік. Але самым складаным у іхніх узаемаадносінах было захаванне нейтральнага вонкавага выгляду на рабоце, што, на Сурмачаў досвед, з’яўлялася амаль невырашальнай задачай.