Выбрать главу

Васіль многа чытаў паэзіі, збольшага – класічнай; яна служыла яму крыніцай уласнай творчасці. Ён запаляўся некаторымі радкамі Блока, Гумілёва, Караткевіча і часцяком зачытваў іх вечарамі жонцы брата – Галіне, а затым яны доўга гутарылі пра літаратуру, творчасць, жыццё. У Галі ён адчуў сябра, роднасную душу. Ён адкрыў, што да маладой і прыгожай жанчыны можна ставіцца з павагай, захапляцца яе розумам і проста чалавечай прыгажосцю. Раней ён лічыў маладзіц нечым ніжэйшым, гэтакім аб’ектам для выхаду сваіх страсцей і ўладарных амбіцый. Чым бліжэй Васіль пазнаваў Галю, тым больш дзівіўся, чаму яна – такі высокаадукаваны і неардынарны чалавек – не займаецца мастацкай творчасцю. Затое яе муж, Яўген Сурмач, духоўны паталок якога быў відавочна ніжэйшы, каторы год запар марнуе паперу і прытым упэўнены, што робіць вялікую справу. Васіль ведаў братавы творы назубок, бо ахвочы да пахвалы Яўген літаральна прымушаў усіх дамашніх чытаць свае опусы па выхадзе з друку, мала таго – затым раўніва і назойліва распытваў пра тыя ці іншыя персанажы.

Пры канцы лістапада надарыўся выпадак, які шмат чаго праясніў з вышэйсказанага. Прынамсі падаўся Сурмачу лагічным.

36

Была субота. Васіль увесь дзень правёў у Марыі Лухвіч. Між іншым, пасля неспадзяванай сустрэчы з яе былым мужам Сурмач ані разу ў той кватэры не начаваў. Па-першае, хацелася ўнаравіць бацькам, адносіны з якімі ўвачавідкі пайшлі на лад, па-другое, ён моцна засумняваўся, ці тая Маша жанчына, з якой ён хацеў бы звязаць свой лёс. Аргументы “за” тут пакуль што не пераважалі аргументаў “супраць”. З аднаго боку, Васілю было хораша і спакойна з Лухвіч; чуццё падказвала, што пабітыя жыццём жанчыны ўмеюць цаніць такія ўзаемаадносіны, больш за тое – яны чэпка за іх трымаюцца; яны не схільныя да беспадстаўных сварак, да жахлівых істэрык з уцёкамі з дому і пагрозамі самагубства; яны цвяроза ставяцца да рэчаіснасці, з імі надзейна. Апрача таго, кватэра Марыі Лухвіч знаходзілася блізка ад месца работы, дый жылплошчы ёй не бракавала. З іншага боку, Сурмачу, як і большасці мужчын, хацелася мець свайго (а тое і сваіх) нашчадкаў. А ці захоча Маша нарадзіць яшчэ адно дзіця? А ці палюбіць Сурмача яе сын, а ці зможа Сурмач даць яму ўсё неабходнае, ці не абдзеліць яго ўвагай за кошт уласнага дзіцяці? Ці не вырасце Косцік чарговым бязбацькавічам, ушчэмленым, з шэрагам небяспечных комплексаў чалавекам? Гэтыя пытанні свядома і падсвядома непакоілі Васіля, і ён быў пакуль яшчэ далёкі ад лёсавызначальнага рашэння. Насцярожвала таксама і Машына шалёнасць у пасцелі ў спалучэнні з крайне невысокім інтэлектуальным узроўнем: чытала яна, як і бальшыня так званых інтэлігентных жанчын, выключна раманы з фантастычнымі любоўнымі сюжэтамі, па тэлевізары глядзела слёзныя меладрамы, карацей – была заклапочана ўсё той жа пасцеллю, сям’ёй, каструлямі.

Дык вось. Прабавіўшы дзень у Марыі Лухвіч, Васіль прыбыў дамоў а восьмай гадзіне вечара з прыемным намерам сесці за пісьмовы стол і завяршыць пачаты яшчэ ўчора верш. У нагрудным блакноце меўся яго накід.

Бацькоў не было дома, дый не мусіла быць. Сяргей Уладзіміравіч і Людміла Пятроўна з самага рання пакацілі на дачу, меркавалі там заначаваць – трэба было канчаткова падрыхтаваць сядзібу да зімоўкі, забраць са склепа рэшткі варэнняў-саленняў. Прапаноўваў сваю дапамогу і Васіль, але бацька збіраўся нагрузіць пажыткамі і задняе сядзенне “жыгулёнка”, так што лішняга месца не прадбачылася. Сын, зразумела, не дужа засмуціўся з тае прычыны, бо не надаралася яшчэ паездкі на лецішча, каб ён не пацапаўся са сварлівым Сяргеем Уладзіміравічам. Спакайней будзе.

Васіль завучанымі рухамі адамкнуў дзверы, кінуў шапку на верхнюю паліцу міні-гардэроба, сунуў чаравікі на ніжнюю, пачапіў на крук паліто і пайшоў у ванную. Ён памыў рукі і прычасаўся, а тады накіраваўся на кухню папіць чаю. Знаходзіўся ён там хвілін пятнаццаць. За ўвесь гэты час кватэра не падавала якіх-небудзь прыкмет жыцця, аднак гэта ні трохі не здзівіла Сурмача, бо Яўген з Галяй маглі выправіцца куды заўгодна. Насцярожыўся ён хвілін праз пяць, калі па дарозе ў залу прамінаў пярэднюю, а затым – зачыненыя дзверы ў брацельнікаў пакой. У кватэры ўсё-такі нехта знаходзіўся, бо было занадта ціха. Васіль падышоў да вешалкі і абутковай паліцы, уключыў верхняе святло і ўважліва іх агледзеў. Яўгенава скураная куртка адсутнічала, затое Галіна выхадное паліто вісела на відным месцы. Тут жа прыгадалася, што Яўген з жонкай як быццам збіраліся сёння ў госці, – Васіль чуў нешта такое краем вуха за сняданкам. Але ж братавая, ён гэта дакладна ведаў, не магла туды пайсці ні ў чым іншым, як у выхадным палітоне. Такая нестыкоўка азадачыла Васіля. Але, цвяроза разважыўшы, хлопец справядліва рашыў, што не яго гэта справа, і паплёўся ў свой пакой.