Выбрать главу

…На стук ніхто не адказаў, ды Сурмач і не збіраўся чакаць адказу. Ён павярнуў ручку і расчыніў дзверы. Тут не гарэла ніводнае лямпачкі, але яркае калідорнае святло рынулася ўнутр і ўперлася ў шырокую кніжную секцыю. Васіль ступіў за парог і адразу ж зірнуў направа. У далёкім куце пакоя, на тахце пад акном, нешта страпянулася, і вочы распазналі цёмную кучу, якая пачала шавяліцца. Заскрыпела тахта. Васіль інстынктыўна зрабіў пару крокаў да пераключальніка, які быў выведзены на сцяну за шафай, працягнуў да яго руку…

– Не ўключаў святло, не трэба, – пачуўся нейкі надломлены голас братавай.

Васіль аслупянеў, хаця які яшчэ голас ён меркаваў тут пачуць?

– Галя? – Ён адняў руку ад сцяны. Раптам стала няёмка і сорамна за свой страх, за тое, што бесцырымонна ўваліўся ў чужы пакой. – Прабач… я думаў…

– Падыдзі сюды, Вась. – Галя села, абаперлася спінай аб падваконне і падкурчыла ногі. Сурмач ужо даволі выразна бачыў яе – вочы прывыкалі да паўзмроку.

Ён наблізіўся да тахты і нерашуча спыніўся.

– Сядай, – сказала Галя. Так, голас у яе быў яўна ўсхваляваны, няроўны, а вочы, наколькі мог разгледзець Васіль, – звільгатнелыя.

Хлопец сеў не на канапу, а на крэсла, што стаяла ўсутык да яе.

– Здарылася што? – Васіль усур’ёз прадчуваў непрыемную неспадзеўку, калі не трагедыю, і таму...

– Я з Жэнькам палаялася, – сказала Галя і неяк па-дзіцячаму ўсхліпнула.

“Дзякуй Богу”, – падумаў Васіль, а ўголас сказаў:

– Як палаяліся так і памірыцеся. Тае бяды.

– Ты не разумееш, Вась. Гэта пусцяковіна для тых, хто штодзень у сварках жыве. А ў нас з тваім братам – за сем год і голасу адно на аднаго не павышалася.

– А вось гэта якраз ненармальна, – паблажліва гаварыў Васіль, з палёгкай развальваючыся ў крэсле. – Затое цяпер – вы паўнавартай сям’ёй будзеце.

– Не, гэта катастрофа! Гэта… Божухна, што ж я яму нагаварыла! Я выказала яму ўсё, разумееш – усё! І пра тое, што невыносна мне жыць без дзіцяці ў чаканні немаведама чаго, і пра яго літаратурныя ўтопіі… Ведаеш, Вась, гэта асабліва для яго страшна – літаратура. Я ж абазвала яго бяздарнасцю.

– Дык гэта ж праўда! – цынічна заўважыў Васіль. – Якая справа, такая і слава.

– Так, гэта праўда, – сумна згадзілася Галя. – Але ж гэта тая праўда, якую трэба трымаць пры сабе… калі ты чалавека любіш. Тут лепш маўчы, як жаба ў карчы. – Яна роспачна перапляла пальцы рук. – Для яго гэта катастрофа. О, ты б толькі бачыў ягоны твар. Гэта ж дзіцёнак, трыццацігадовы дзіцёнак, які жыве ў сваім вузкім літаратурным асяродку, абсалютна не ведае жыцця, піша свае лялечныя раманы з плоймай надуманых герояў, нацяжак. Ён жа баіцца прасторы, грубай сапраўднасці. Сказаць яму гэтую праўду – што адлупцаваць немаўля. Ты разумееш?

– Лепш гэта яму зараз сказаць, чым у шэсцьдзесят гадоў, калі ўжо нічога не зменіш.

– Ды я люблю яго! Разумееш ты ці не? – усклікнула Галя. – Як я магла, чаго я дабілася сваёй праўдай?! Ды я проста спаганяла сваю злосць, гэта ж так відавочна! Сваю незадаволенасць жыццём, свой затоены адчай я выліла на харошага ціхага чалавека. Хай ён не таленавіты! Аднак ад яго опусаў ні карысці, ні шкоды. Я ведаю лёс такіх твораў. Яны пішуцца не для чытачоў, а для крытыкаў, рэдактараў, для гэтага футаральнага пісьменніцкага хаўрусу. Па іх выхадзе з друку неўзабаве з’яўляецца некалькі дзяжурных рэцэнзій, а праз які месяц на іх усе дружненька забываюцца. І ляжаць гэтыя раманы-аповесці без усякае шкоды на паліцах бібліятэк і кнігарань.

– Тут я з табой не пагаджуся. – Васіль упарта не хацеў спачуваць брату. – А плошча на паліцах? А папера? А рабочыя месцы ў рэдакцыях? Навошта іх займаюць пустыя і бяздарныя асобы? Хіба гэта не відавочная шкода?

– Ты яшчэ малады, Вася. Табе не зразумець… – пачала Галя.

– Ды я амаль твайго ўзросту, – нагадаў Васіль. – Два гады розніцы. – І тут жа падумалася: “А і праўда, я заўсёды ўважаў яе за значна старэйшую”.

– Прабач, але ў літаратуры ты малады. Ты не ведаеш усёй яе паднаготнай, гэтай закуліснай валтузні, гэтых падкопаў, каверзаў, бруду… Яўген сумленны работнік, хаця б фармальна сумленны… і старанны, па-свойму прынцыповы. Можа, на такіх і трымаецца наша літаратура. Ён верыць у ідэю – і гэта немалаважна.

– Ён літаратурны бюракрат, будучы душыцель усяго прагрэсіўнага, – не здаваўся няўмольны Васіль. – Нябось ужо не адну дарогу перасякерыў.

– Ды як мы можам завочна ганіць чалавека, які недзе ў адчаі зараз блукае па горадзе! Вась, памажы мне! Яго трэба адшукаць. Ён жа без шапкі пайшоў. На вуліцы каля нуля. Што калі нап’ецца, заваліцца дзе?.. О Госпадзе, якая ж я сцерва! – Галя закрыла твар рукамі.