Выбрать главу

Васіль перасеў на канапу і нясмела пагладзіў яе па галаве.

– Дзе ж яго шукаць. Сам прыйдзе, – спрабаваў ён суцешыць Галю. – Вось паглядзіш.

– Ужо позна, блізу дзесяці вечара, Вась… Пазваніць бы куды. А я не магу. Мы з ім збіраліся на вечарынку ісці…

– Дык, мабыць, ён там?

– Не, мне адтуль званілі, – адмоўна захітала галавой братавая. – Прыйшлося зманіць, што Яўгена выклікалі ў рэдакцыю… Хоць сёння субота. А самой куды-небудзь тэлефанаваць, дальбог, сорамна. Што я скажу?

– Ты мне перапішы тэлефоны ўсіх яго знаёмцаў, да якіх ён тэарэтычна можа заявіцца. – Васіль падняўся з тахты. – А я апрануся і прабягуся па нашым раёне. Упэўнены, што ён недзе непадалёк абіваецца.

– Дык можа, спярша адсюль пазваніць? – Галя саскочыла на падлогу і замітусілася каля пісьмовага стала, шукаючы нататнік з тэлефонамі.

– Я з вуліцы ўсіх абзваню. Цяпер жа вулічныя тэлефоны бясплатныя. – Васіль выйшаў з пакоя.

37

Не часта апошнім часам Васілю выпадала роля дабрадзея. Лёгка было сказаць: прабягуся па раёне. Ды нават калі б ён быў упэўнены, што Яўген скрываецца ў адным з двух суседніх дамоў, гэта б не намнога палегчыла сітуацыю. Цяпер цёмна і холадна, швэндацца па гэтай золі нармальны чалавек не будзе. Зрэшты, ці нармальны Яўген? Вядома, што ў стане ўтрапення чалавек здатны на самыя адчайныя ўчынкі.

Усё гэта Сурмач абдумваў, калі стаяў перад пад’ездам і марна шукаў у кішэні кажушка хоць адну-адзіную папяроску. Вакол не было ні душы.

“І собіла ж ім пацапацца, – абурана разважаў Васіль, – бавіліся б цяпер мірком ды ладком на той вечарынцы, пілі, закусвалі, танцавалі, разумнічалі пра высокае мастацтва… І мне б галава не балела. – Тут ён успомніў пра недароблены наравісты верш у сшытку і зусім засмуціўся. – Якое ліха іх сутыкнула! Ды мала таго, што палаяліся, дык гэты вялікі пісьменнік дзвярамі ўздумаў ляпаць, істэрыкі разыгрываць ды з дому збягаць! Як баба”.

Сурмач так і не адшукаў у кішэнях кажушка курыва, і таму яго далейшы маршрут выпрацаваўся сам сабой: бліжэйшая крама (той гастраном за аўтобусным прыпынкам). Ён задраў высокі каўнер, уцягнуў галаву ў плечы, засунуў рукі ў кішэні і паплёўся ўздоўж дома, каб павярнуць за рог. Калі прамінаў крайні пад’езд, здалося, што за нешырокай шыбай дзвярэй мільгануў цень. “Чаго на свеце не бывае!” – без энтузіязму падумаў Васіль і збочыў да ганка. Калі ж рашуча знасцежыў дзверы, то ўбачыў даволі пошлую карціну. Маладзёны – чалавек пяць, – прыхіліўшыся да батарэй ацяплення, курылі і, мяркуючы па характэрным паху, выпівалі злаподлую барматуху. Былі сярод іх і дзве нахабнага выгляду дзеўкі. Пры з’яўленні ў дзвярным праёме постаці Сурмача, хлапцы сумеліся і рэзка абарвалі сваю ажыўленую гамонку. Дзяўчаты ж гарэзна і з выклікам захіхікалі… Васіль знік гэтак жа хутка, як і паявіўся.

Завярнуўшы за рог дома, ён пайшоў не ў абход – па сцяжынцы, а нацянькі праз дарэшты здзічэлы яблыневы садок. Гэты садок быў улюбёным месцам гульняў для тутэйшых хлапчукоў. Нямала палазіў, пабегаў і пакачаўся па доле тут некалі і Васіль. Варта сказаць, што на родным мікрараёне Сурмач заўсёды пачуваўся звышупэўнена. Ён ніколі не апасаўся нарвацца на падпітую шпану, не баяўся цёмных вячэрніх двароў і закуткаў. Гэта была яго вотчына.

Вось і зараз, смела прастуючы паўз панурыя рукастыя дрэвы ў поўнай цемры, Васіль не думаў ні пра што іншае, як пра Яўгена, Галю і пра тое, як іх гору памагчы.

Як Васіль ні недалюбліваў брата, а ўсё ж вымушаны быў прызнаць, што той псіхануў абсалютна лагічна. Больш за тое, каб нейкая ўяўная жонка абазвала бяздарнасцю Васіля, ён бы не толькі развар’яваўся, а, чым самому збягаць з дому, выкінуў бы на вуліцу яе. Акурат так і было б. Але, паколькі ўсё ж абразілі не Васіля, а Яўгена, і той у стане афекту выскачыў за парог, то прыходзілася ставіць сябе на месца брата і разважаць, куды б у такім выпадку можна было падацца. Па-першае, на іхнім раёне няма чаго рабіць. Тут тугу не разгоніш. Адзіны асяродак культуры – кінатэатр “Ленінград”, які зараз на рамонце. Ёсць некалькі харчовых крамаў, большасць з якіх па познім часе ўжо закрыта. Па-другое, Яўген, які ўсё жыццё ненавідзіць просты люд, бруд, п’янства і іншыя праявы грубай рэчаіснасці, вядома ж не пацягнецца да вінна-гарэлачных прылаўкаў, не будзе таўчыся сярод валацугаў, не стане выпіваць за абмочаным рагом гастранома… Нічога гэтага ён не будзе рабіць. Так бы не паступаў і Васіль. А зрабіў бы ён вось што: сеў на любы аўтобус ці тралейбус і праз паўгадзіны выйшаў у цэнтры горада. Там, сярод чыстых асветленых пляцоў і шырокіх вуліц, куды весялей. Там ажыўлены аўтамабільны рух, там шпацыруюць прыгожа апранутыя і з прыстойнымі манерамі людзі; там святочна ззяюць шыльды магазінаў, шынкоў, рэстаранаў, куды можна зайсці і ніштавата перакусіць, выпіць. Там можна пагуляць па хораша асветленай набярэжнай, выпусціць пару, крыху супакоіцца. Адтуль можна пазваніць якому прыяцелю і, калі надарыцца такая магчымасць, завітаць да яго ў госці, пагаманіць, выпіць, развеяцца. А супакоіўшыся канчаткова, патэлефанаваць любімай жонцы Галі, прымірыцца, вызваць таксі і ціхамірна ды бяспечна прыбыць у родныя пенаты.