Выбрать главу

Мозг яго, аднак, працаваў напружана i ўсё ўзважваў. I тое, што немцы яшчэ не апамяталiся як след пасля налёту i пастрэльваюць зрэдку i ў беспарадку, i тое, што прынеслi ўжо гарматную гiльзу з вадою, i што Забiла ўжо спяшаецца да яго траншэi.

- Патронаў не лiчылi, але iх на дзень хопiць, а гранат пяцьдзесят ды пяць нямецкiх, - далажыў той.

- А цяпер бяжы збяры ўсе iндывiдуальныя пакеты, складзi ў сумку, а сумку тую пакiнь у зямлянцы. I перадай: калi каго здорава паранiць, хай туды i паўзе.

Забiла сарваўся з месца, але праз некалькi крокаў прыпынiўся i, на хаду павярнуўшыся, сказаў, успомнiўшы:

- Ага, там яшчэ дзве супрацьтанкавыя мiны хлопцы знайшлi. I запалы да iх таксама.

Гэтае паведамленне прымусiла маёра шпарка сунуць бляшанку кансерваў у рэчавы мяшок i падхапiцца. На яго твары раптам з'явiлася смяртэльная бледнасць. Ён яшчэ раз акiнуў вачыма наваколле. Усё больш днела, i ўсё выразней выступаў хмызняк з паўзмроку ў канцы таго поля, па якiм адыходзiлi адступаючыя.

- Мiны i запалы зараз жа нясiце да мяне. Тым, што прыносiлi ваду, скажы: зараз жа хай iмчацца да ракi. Там у лазняку, дзе прычальваў наш плыт, ляжыць жардзiна. Я аб яе яшчэ спатыкнуўся, калi на бераг выбiраўся. Нiшто жардзiна метраў дванаццаць, бадай, у даўжыню будзе. Зараз жа каб прынеслi гэтую жардзiну сюды. Ды хутчэй, хутчэй, пакуль зусiм не развiднела. Хутчэй, чуеце? i ён нервова пляснуў сябе далонямi па сцёгнах.

- Ёсць! - казырнуў камсорг, а Плешчавеня, павярнуўшыся тварам да захаду, пачаў уважлiва разглядаць поле перад сабою.

Узгорак, як i ўсякi ўзгорак ля ракi, быў пясчаны. Вiдаць былi глыбокiя сляды ворагаў, што ўцякалi адсюль. Але далей, метраў за трыста нiжэй узгорка, зямля дзiрванела, расла густа трава, вытырквалася куп'ё.

Дзве важкiя мiны - металiчныя талеркi - маёр разглядаў з выглядам добрага знаўцы. Нездаволена пакруцiў галавой:

- Каб гэта iх тры. Трэцяй не было?

- Не было, - адказалi байцы.

- А можа, яна была, ды ўзарвалася, калi бамбiлi? - пацiкавiўся Плешчавеня.

- Не, мiны мы знайшлi да бамбёжкi.

- Хм, - хмыкнуў Плешчавеня. - Малайцы немцы!

Пасля гэтай пахвалы ў адрас ворага ён пакруцiў каля самага свайго носа запалы, i байцы, што ўвесь час асцерагалiся iх, падступiлiся да Плешчавенi блiжэй.

- Запалы добрыя, - сказаў маёр.

- Тую жардзiну знесла вадою, - далажылi ў гэты час яму, - плыт таксама знесла. А мы знайшлi тры нашы шасты.

- Добра, - сказаў Плешчавеня. - Звяжыце ўсе тры тады ў адзiн, ды так моцна, каб гэта было як усё роўна адзiн шост. Забiла, астанешся тут за мяне. А ты, - i ён тыцнуў пальцам у знаёмага байца, - папаўзеш са мной. Будзем паўзцi паралельна - я справа, ты злева, а мiж намi гэты самы шост. Мiны моцна не прысыпаць. Канцы шаста пакласцi на запалы i ўмацаваць калкамi. Ды глядзi ж, каб не было так, як мiнулы раз, помнiш?

- Помню, - сказаў баец.

- Эх, каб гэта нам трэцяя мiна! - пашкадаваў маёр.

Прынеслi звязаны шост. Плешчавеня пакратаў яго, праверыў трываласць звязкi, сказаў:

- Там мой рэчавы мяшок у траншэi. Занясiце ў зямлянку.

Пасля гэтага яны папаўзлi - кожны з мiнаю пад пахай, паралельна адзiн аднаму, як i хацеў таго маёр.

Днела з казачнай шпаркасцю. На абодвух берагах раптам разгарэлася ранiшняя перастрэлка, праскавытала, як падбiты сабака, першая мiна, плёхнуўшыся недзе ў прырэчных лазняках. Па ўзгорку Плешчавенi - як значыўся ў штабах цяпер гэты кавалачак зямлi - стралялi ўсё яшчэ як бы нехаця - працiўнiк, вiдаць, яшчэ не ведаў нi сiлы, якая змагла пераправiцца i замацавацца на гэтым беразе, нi гранiц плацдарма. Таму трасiры часам iшлi значна далей трох траншэй, якраз над тым месцам, куды папаўзлi Плешчавеня i баец. Там нават аднойчы ўзарвалася мiна, выкiнуўшы ў паветра снапок апню. Залаты час на фронце - ноч. Толькi днём па-сапраўднаму пазнаюцца ўсе змены, што неяк адбылiся ў змроку. I Плешчавеня гэта добра ведаў, спяшаючыся.

У траншэях усё больш насцярожвалiся. Забiла паглядаў то наперад, то ўгору, дзе кружыўся ўжо карэкцiроўшчык. Нi маёр, нi баец не вярталiся. Ужо так развiднела, што вiдаць была жардзiна, пакладзеная iмi ад мiны да мiны i злегку прысыпаная дзе-нiдзе пяском. Час пачаў цякцi нязвыкла марудна, адчувалiся нават удары маятнiка, хоць дзень па-ранейшаму iмчаўся з лiхаманкавай шпаркасцю. Забiлу захацелася крыкнуць маёру, каб ён не марудзiў i хутчэй вяртаўся, i ён крыкнуў, але голас яго як бы назаўсёды патануў у агульным трэску i грукаце стралянiны, што нi на момант не сцiхала i справа, i злева, i нават недзе наперадзе. Як камсорг ён абвiнавачваў маёра за рызыку сваiм жыццём, але разумеў, што, апрача яго ды таго байца, нiхто так добра не ўладкуе справы з супрацьтанкавымi мiнамi. Прысутнасць маёра выклiкала ў Забiлы мiжвольную пачцiвасць, а калi ён успамiнаў, як той еў кансервы ў траншэi, дык i падначалены страх i здзiўленне, аднак Забiла адчуваў сябе i мацнейшым за маёра, бо мог не толькi ўбачыць яго душу, але i як след разабрацца ў ёй, як i ў iншых. Цяпер да ўсяго гэтага прымешваўся непакой страцiць гэтага чалавека, якi зрабiўся для яго родным, якраз тым, што на фронце называюць "бацькам", i Забiла, не вытрымаўшы, крыкнуў яшчэ раз.

Яны не вярталiся, i ўсе таксама пачыналi непакоiцца. Нарэшце, бледныя, з галавы да ног у пачарнелым пяску, абодва звалiлiся ў траншэю, i баец цяжка задыхаў, седзячы на дне, а Плешчавеня, павагаўшыся, загадаў:

- На месца назiральнiка за ракою паставiць во яго, - i зноў тыцнуў пальцам у свайго напарнiка. - Ну, цяпер чорт ма! Можа, як да вечара пратрымаемся, - i ўжо суха i строга: - Без каманды не страляць, патроны i гранаты берагчы. Ды не вытыкацца без загаду: на тое ў нас назiральнiкi.

I пакрочыў да зямлянкi. Там прыпаў да гарматнай гiльзы i доўга пiў ваду мiзэрнымi, ледзь прыкметнымi глыткамi - найбольш мачыў губы ды язык.

Сеў, намерыўшыся падрамаць, але не мог; праклiнаючы самога сябе за слабасць, яшчэ раз абышоў траншэi, яшчэ раз усё праверыў i, як след зразумеўшы, што, не ў прыклад iншым, заснуць i нават адпачыць хоць i некалькi кароткiх хвiлiн не зможа, нездаволены самiм сабою, ненадоўга прымасцiўся ля назiральнiка. Нешта выцягнуў з кiшэнi i зноў зажаваў.

Прырэчны бераг захлынаўся стралянiнаю. Праскавыталi мiны i ахнулi недзе мiж трэцяй (у немцаў яна была першая) i другой траншэямi.