Што гэта было? Выпадковы ідэал маладосьці? Форма пратэсту супроць ідыятызму жыцьця? Спроба прарыву з замкнёнай прасторы ў бязьмежжа віртуальнага сьвету, умоўна названага Беларусьсю? Цяжка сказаць, але вось ужо дваццаць сем гадоў я цялёпкаюся на нябачнай мяжы паміж рэалам і віртуалам, захраснуўшы там намёртва, не прыдбаўшы нічога, апроч хваробаў, адчуваючы розумам, што ніякай Беларусі няма, што гэта прыдумка паэтаў і летуценьнікаў — няшчасных людзей, што скончылі жыцьцё на чужыне, на сьляпучым калымскім сьнезе, у цямноцьці варкуцінскіх капальняў і ў Курапатах. І ўсё адно, у хвіліны горкіх жаляў, пачуўшы назолую фразу: “На што ты паклаў сваё жыцьцё?” альбо пастаяўшы ў чарзе з мужыкамі і бабамі, якіх ці то жартам, ці то па злой гіроніі называюць беларускім народам, я дастаю з кніжнай паліцы куплены ў траўні 1971 году дзьвюхтомнік і сьцярожка разгортваю першы том. Ён заўсёды разгортваецца на трыццатай старонцы і ўваччу мільгцяць да болю знаёмыя радкі: “Сонца ціха скацілася з горкі, месяц белы, заплаканы сьвеціць...” І сэрца кожнага разу поўніцца ці то сумам, ці то ціхай радасьцю. І кожны раз з душэўнай палёгкай уяўляеш, што ты не самотны, што ёсьць сотні, а мо’ й тысячы гэткіх жа летуценьнікаў, якіх таксама грэе сонца Максімавай паэзіі.
У 1971 годзе мы зь сябрамі разьвіталіся са школай і разьвітаньне прайшло пад грукат жалезнай бочкі. Увечары 22 чэрвеня расьпісалі «на памяць» цокаль школьнага будынку лёзунгамі кшталту «Long live Beatles!», а раніцою наступнага дня ўсіх выпускнікоў сабралі ў актавай залі і дырэктар школы падупалым голасам паведаміў, што учора ўвесь савецкі народ з болем у сэрцы адзначыў трыццатую гадавіну нападу гітлераўскай Нямеччыны на Савецкі Саюз, а тым часам Мудроў, Шлыкаў і Рыбікаў па-свойму адзначылі гэтую дату, размаляваўшы школу нэафашыстоўскімі заклікамі. Дырэктар паведаміў таксама, што калі мы сёньня ж не пабелім цокаль, дык атэстатаў не атрымаем. Вось і давялося ісьці на будоўлю, браць там бочку, вапну, яшчэ нейкую халеру і майстраваць з пакульля дыхтоўныя квачы. Цокаль мы пабялілі як мае быць і Абрам Залманавіч, ці не ўпершыню за апошнія два гады, застаўся задаволены з нашай працы.
Два летнія месяцы адседзеў за падручнікамі – трэба ж было некуды паступаць, — пасьля чаго, праўдамі і няпраўдамі (пісьмовую матэматыку сьпісаў), паступіў у мясцовую філію Беларускага тэхналягічнага інстытуту, якую сталічна-акадэмічныя снобы не без падставаў называлі сьвінагадоўчым комплексам. Комплекс быў на 1000 галоў і мае душэўныя парываньні былі скіраваныя на пошук галоваў, неабыякавых да ідэі свабоды і нацыянальнага адраджэньня.
На нашым патоку палова студэнтаў была зь вёскі — вось да іх я і пачаў “пад’яжджаць”, мяркуючы, што калі яны генэтычна зьвязаныя зь беларускай мовай, то пасьля пэўнай апрацоўкі гамузам стануць у шыхты змагароў за Бацькаўшчыну. Гэта цяпер я разумею, што вёска даўно ўжо згубіла ўсялякія духоўныя пачаткі і ёсьць у сутнасьці рассаднікам паталягічнага халуйства і нацыянальнай дэградацыі (ці не таму сярод навачасных адраджэнцаў спрэс адны месьцічы ды “мяшанцы”), а тады, у верасьні 71-га, пачуўшы вясковы пранонс, я лез да яго носьбіта ў знаёмцы, гаманіў пры гэтым па-беларуску і бачыў на тварах былых вяскоўцаў ці то спалох, ці то недавер, ці то ніякаватасьць.
З той пары запомнілася адна размова. Мы, чатыры студэнты, яшчэ добра не перазнаёміўшыся, ехалі ў кодабе цяжарніка “на бульбу”, і я, вядома ж, усчаў гаману ў пэўным кірунку. Маўляў, францускія студэнты на бульбу ня езьдзяць — для тамтэйшай эканомікі падобныя непрадукцыйныя падыходы непрымальныя. Пасьля такога зачыну вытрымаў паўзу і працягваў: вось калі б у нас, беларусаў, была свая дзяржава, такая ж магутная, як Францыя, і калі б усё навокал было беларускае — якое б гэта было жыцьцё! Пачуўшы мой сьпіч, адзін з хлопцаў, сын вайскоўца, ураз спахмурнеў — у ім прачнулася гадаванае бацькамі непрыняцьце ўсяго беларускага, другі — выпускнік адной зь вясковых школ Дрысенскага раёну, які дагэтуль голасна апавядаў вясёлыя показкі, аціх і потым цэлы год трымаў дыстанцыю, і толькі Валодзя з Полацку, такі ж “мяшанец”, як і я, пацешыўся з маіх словаў. “Ну ты і параўнаў... член з пальцам, — выдыхнуў зямеля, — што такое Францыя, і што — мы...” “А што — мы?” — з крыўдаю ў голасе перапытаў я. “Куча гаўна”, — патлумачыў Валодзя, і гэтая немудрагелістая фраза запомнілася на ўсё астатняе жыцьцё.