І ўсё ж там, “на бульбе”, давялося сустрэцца з адным, скажам так, несьвядомым адраджэнцам. Звалі яго Лёнем, жылі мы зь ім у адной хаце, спалі поруч на саломе і вечарамі Лёня чытаў мне беларускія вершы з школьнай праграмы. Асабліва мяне ўражваў “Пахне чабор”. Кульнуўшы чарку, я віснуў на сябруковай шыі, п’янавата глядзеў у вочы й здушаным голасам прасіў: “Лявонка, прачытай...” Лявонка чытаў, я ўражана шморгаў носам і дзівіўся, як мог няздара Броўка напісаць такі мілагучны, па-беларуску шчымлівы верш.
Аднойчы ўвечары ў хату ўбіўся мой школьны сябрук Валера Шлыкаў — ён гасьцяваў недзе пад Дзісной і вырашыў прыйсьці ў адведкі. Пратупаў 8 кэмэ, цягнучы ў руках кайстру зь пяцьма пляшкамі “чарніла” й патэфон з кружэлкамі. “Набыў у аднае цётухны”, — патлумачыў сябра, крутнуўшы корбу “музону”. І так, пад салодкія сьпевы Бунчыкава й Нячаева, мы выжлукцілі пяць пляшак “чарніла”, я пачаў заклікаць сяброў зараз жа стаць на абарону прыгнечанай Бацькаўшчыны; грамада выкулілася на падворак і неўзабаве паснула на сьвежым паветры, у сьціртах саломы.
Наагул, інстытуцкая пара калі чым і запомнілася, дык гэта апраметнымі п’янкамі. П’янкі мелі пэрманэнтны характар, доўжыліся усе пяць гадоў навучаньня. Гэта былі выкінутыя з жыцьця гады, але, зь іншага боку, калі б я нават і паступіў у якую сталічную гуманітарную вучэльню, дык доўга б там не правучыўся. З маімі пераканьнямі самы раз было падавацца не ў ВНУ, а ў сталічную “амэрыканку”. На шчасьце, Бог уратаваў ад падобных унівэрсытэтаў.
У сьнежні 1971 году Максіму Багдановічу спаўнялася 80 гадоў. Думалася: адбудуцца мастацкія імпрэзы, паэту паставяць помнік, адаб’юць памятны мэдаль... Замест усяго гэтага ў Менску правялі шкадобы варты сходзік, на якім беларускія пісьменьнікі страшэнна неінтэлігентнымі галасамі наўзахваткі апавядалі пра дабратворны ўплыў вялікай расейскай літаратуры на творчасьць Максіма Багдановіча. Тымі днямі прачытаў амаль усе цэнтральныя беларускія газэты, шукаючы згадкі пра юбілей, але адны газэты пра Максіма нават не згадалі, а другія зьмясьцілі, відавочна дзеля адчэпкі, караценькія, па-савецку прымітыўныя артыкульчыкі зь невыразнымі фотаздымкамі, на якіх паэт выглядаў пяцідзесяцігадовым столаначальнікам. Мая наіўная душа абуралася. У іншых народаў творца такога памеру стаўся б апосталам нацыі, месца ягонага нараджэньня сталася б месцам паломніцтва ўдзячных нашчадкаў, а тут... Маё абурэньне сублімавалася спачатку ў мацюгі, потым у роздум над тым, як ушанаваць паэтавы ўгодкі, і, нарэшце, галаву наведала канструктыўная ідэя: арганізаваць нацыянальную суполку і назваць яе імем свайго куміра. Так у Наваполацку ў сьнежні 1971 году ўтварылася суполка пад даволі велягурыстым назовам: «Творчае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне імя Максіма Багдановіча».
У аб’яднаньне, апрача аўтара праекту, увайшлі Валера Шлыкаў, Толік Рыбікаў, Лявон Пятроў, а таксама Толікава сяброўка Тоня, якая пісала вершы па-расейску й якую мы залічылі ў сваю суполку з палітычных меркаваньняў — каб разбавіць шыхты расейцамі і, такім чынам, пазьбегнуць абвінавачаньняў у нацыяналізьме. На першым сходзе — а адбыўся ён, калі не памыляюся, у Валеравай кватэры — кожны чалец атрымаў адмысловае пасьведчаньне й наказ: пашыраць адраджэнскае кола за кошт прыцягненьня ў яго нацыянальна-сьведамых і творчых асобаў. Літаратурна-мастацкая суполка мусіла мець свой “друкаваны орган”, таму я таго ж дня ўзяў кавалак ватману, склаў у столку і на тытульным баку напісаў тушшу і чырвоным алоўкам слова АЛЬМАНАХ. Ніжэй, дробнымі літарамі, пазначыў: “Творчае літаратурна-мастацкае аб’яднаньне імя Максіма Багдановіча. 1971 год”.
Цяпер ужо й ня памятаю — што пісаў у тым першым нумары. Штосьці пра родную мову, пра ўгодкі Максіма Багдановіча і пра задачы суполкі. Была ў альманаху і рубрыка “Наша творчасьць”. Тут у рэдактара-выдаўца і ўзьніклі праблемы. У рэдакцыйным партфэлі былі толькі кволы вершык самога рэдактара ды мілосны, па-расейску пісаны мадрыгал Толікавай сяброўкі. Ня ведаючы, чым запоўніць рубрыку, я адклаў альманах і пачаў агітаваць чальцоў аб’яднаньня, у прыватнасьці, Валеру Шлыкава, які штосьці там пісаў па-расейску, заняцца літаратурнай творчасьцю на ніве Беларушчыны. Неўзабаве пачалася экзамэнацыйная сэсія, потым прысьпелі доўгачаканыя вакацыі, падчас якіх я чарговым разам езьдзіў у Піцер, потым... — у гэтым месцы стаўлю тры кропкі і цяжка ўздыхаю — я закахаўся, і выданьне альманаху было адкладзена на няпэўны час.