Фэерычным атрымаўся эпілёг.
Шэрыя тэчкі асабістых справаў, сьпісы агентаў і стукачоў, пажоўклыя старонкі даносаў — усё гэта гарыць і курчыцца ў пякельным агні, і толькі важкі, перахоплены аборкай пачак, аніяк не жадае гарэць. Нарэшце, ён паволі чарнее з аднаго кута, полымя дабіраецца да літары “А”, потым да маленькага, сіняй фарбай намаляванага ліхтарыка й нечакана ўспыхвае зыркім слупом, асьвятліўшы мітусьлівыя рукі й зварухнуўшы цені на пашарпанай сьцяне.
1997 г.
Травеньскім вечарам
(успаміны пра будучыню)
Пагоднымі адвячоркамі, калі сонца, заліўшы пяшчотнай вохрай нерухомае люстра Дзьвіны, рыхтуецца панурыцца за далягляд, — стары Пархвен любіць выйсьці на лёджыю. Там ён паволі, з працяглым крэканьнем, сядае ў шэзлёнг, прыпальвае цыгару і неадрыўна глядзіць альбо на залацістыя крыжы Мікалаўскага сабору, альбо на спаруду недабудаванага Палацу Рэспублікі, якая скелетам дагістарычнай жывёлы туліцца між высокіх гмахаў. Такімі хвілінамі душа Пархвенава становіцца бязважкаю. Яна лёгкім воблакам лунае ўвышыні, згадваючы прамінулую маладосьць, і старому, каб зноў злучыць яе зь целам, даводзіцца кожнага разу сьцепанацца, а потым мацаць даланёй здранцьвелае сэрца.
Сёньня, аднак, душа не адлятала, і цыгара – а паліў стары выключна ямайскія, кампаніі “Мантэнэгра” – мела непрыемна-гаркавы прысмак. Віной таму быў унук Мікола, які надоечы прыехаў на пагасьціны. Хлопец быў ягоным улюбёнцам. У свае дванаццаць гадоў вывучыў тры мовы, двойчы ўдзельнічаў у навуковай моладзевай канфэрэнцыі і марыў пайсьці дзедавай дарогай: стаць дэпутатам парлямэнту. Мікола, дзякаваць Богу, асабліва не дакучаў. Сіднем сядзеў на гарышчы ды чытаў старыя газэты – іх там было процьма, — але ўсё адно: рып драўлянай столі над галавой разьвейваў салодкія крозы, і душа Пархвенава цяжка варочалася ў грудзіне.
Дыхнуўшы гаркавага дыму, Пархвен зьбіраўся быў закашляцца, ды тут унук – і адкуль толькі ўзяўся! – паляпаў даланёю па сьпіне, і выдыхнуў у правае, больш чуйнае вуха:
— Гляньма, дзеду, што знайшоў!
Падшыванец трымаў у руках капэрту з размашыстым надпісам “Сойм”.
Дрыжачыя пальцы крануліся капэрты, зь лёгкім хваляваньнем намацалі цупкі дыск.
— Між газэт ляжаў… можа паглядзім?
— Запісу немаведама колькі гадоў… на чым ты яго паглядзіш? – прамармытаў Пархвен, прыгадваючы, у якім годзе гэта магло быць запісана.
— У вас жа камбайн, можна паспрабаваць… — падшыванец нячутным крокам рушыў у сьвятліцу, вынес на лёджыю пляскаты манітор.
— Ці бачна што? – крыкнуў хлопец праз пару хвілінаў, завіхаючыся ля электроннага камбайну, але Пархвен не дачуўся.
На экране несупынна беглі каляровыя паскі, потым іх бег запаволіўся, а яшчэ празь імгненьне Пархвен убачыў сябе – маладога, бадзёрага, які зь лёгкім румянцам на голеных шчоках ішоў да парлямэнцкай моўніцы…
— Высокі Сойм!
Пархвен адарваў сьпіну ад шэзлёнгу, аблашчыў вачыма бел-чырвона-белы значак на штрыфелі дэпутацкага фраку і, у адказ на запытальны Міколавы позірк, амаль бязгучна прамовіў:
— Абмеркаваньне паправак да Канстытуцыі.
— Я, шаноўныя калегі, ня буду казаць пра гістарычную значнасьць Полацку як духовага цэнтру Вялікай Крывіі, пагатоў, пра гэта тут ужо шмат казалі; змаўчу таксама пра наступствы зьнішчэньня генафонду нацыі і пра той магутны духовы імпэратыў, які атрымае нацыя зь пераносам сталіцы ў Полацак…
На экране ізноў пайшлі каляровыя паскі, і падшыванец, ляскаючы пальцам па гадзіньніку, дзе быў умантаваны пульт, патлумачыў: — Дыск падрапаны, таму й глючыць.
Манітор нечакана згас, потым зноў запаліўся, а малады Пархвен, здрыгануўшыся ў кадры, працягваў прамову.
— Перанясеньне сталічнага цэнтра з аднаго гораду ў другі… — у гэтым месцы зноўку пайшлі паскі, — … звычайная зьява. У пацьверджаньне сваіх словаў прывяду канкрэтныя прыклады за апошнія сто гадоў. Такім чынам, у 1960 годзе сталіцу Бразыльскай Фэдэрацыі перанесьлі з Рыо-дэ-Жанэйра ў наноў збудаваны горад, які атрымаў назву Бразылія. Праз два гады разьвітаўся са сталічным статусам пакістанскі Карачы: часовай сталіцай быў абраны Равалпіндзі. У другой палове мінулага стагодзьдзя колькі афрыканскіх краінаў зьмянілі свае сталіцы. Пачатак паклала Малаві – у 1975 годзе сталіцу там перанесьлі з Зомбы ў Лілонгвэ, тое ж самае зрабілі Нігерыя , Танзанія і Кот-д’Івуар…
Дзесяць гадоў таму, пасьля інсульту, лекары параілі Пархвену Аляхновічу – былому віцэ-старшыні Крыўскае партыі працы – паберагчы нэрвы. Адчуўшы, што й папраўдзе можа накрыцца вечкам, Пархвен кінуў палітыку, пачаў вырошчваць ружы, зрэдзьчасу езьдзіў на рыбалку ды раз на тыдзень глядзеў старыя кінафільмы. Лекары раілі таксама кінуць паліць, але ад такога задавальненьня ён ня мог адмовіцца, і штовечару дазваляў сабе выпаліць духмяную “монтэнэгрыну”. І вось, расхваляваўшыся, стары таропка, не адрываючы вачэй ад манітору, прыпаліў новую цыгару, прычым не абрэзаў тупы канец сьцізоркам, як рабіў дагэтуль, а проста надкусіў і, выпускаючы скрозь зубы пяршывы дым, працэдзіў: