— Зараз Карузьлік выпаўзе…
І сапраўды, неўзабаве на моўніцы ўзьнік маленькі, падобны да карузьліка, чалавечак, твар якога толькі напалову вытыркаўся з-за моўніцы.
— Майдановіч, старшыня Аграрна-прамысловага зьвязу, — паведаміў Пархвен, зьвёўшы да пераносься кусьцістыя, зь сівымі падпалінамі бровы.
Карузьлік адкашляўся, прывітаў кіўком галавы сьпікера, і загаварыў – пераканаўча і барытоніста.
— Я вельмі паважаю свайго калегу, дэпутата Аляхновіча, але ягоныя словы пра тое, што ў Менску не засталося анічога сьвятога, лічу зьнявагаю менчукоў і ўсяго нашага трохмільённага мэгаполісу. Тым больш крыўдна чуць такія словы нам, людзям, якія гэты горад будавалі…
— Не, вы чулі? Ён будаваў… — выдыхнуў Пархвен. – Сядзеў у бээрсээме, потым у выканкаме... на хабарах два разы лавілі… — па твары Пархвенавым пайшлі чырвоныя плямы.
Карузьлік каўтнуў мінэралкі, мелькам паправіў устаўбураныя валасы.
— Я таксама ня буду казаць – ува што выльецца перанясеньне сталіцы ў Полацак, пагатоў, гэтыя лічбы вам, калегі, вядомыя. Скажу, аднак, што прыведзеныя дэпутатам Аляхновічам прыклады мяне на падобныя дзеяньні не натхнілі. Чаму бразыльцы ды пакістанцы перанесьлі свае сталіцы — рэч зразумелая: у новых сталіцах больш прыдатны клімат. Да таго ж, новыя сталіцы будавалі ў мясьцінах, максымальна набліжаных да геаграфічнага цэнтру краінаў. У нас, здаецца, у цэнтры знаходзіцца Менск, а ня Полацак. І потым… — карузьлік ізноў каўтнуў мінэралкі, – ніхто ў гэтай залі ня супраць таго, каб старажытны Полацак стаўся нашым духовым асяродкам. Пэўныя крокі ў гэтым пляне ўжо зробленыя. Штораніцы мы чуем у этэры бомканьне званоў Сьвятой Сафіі, патрыяршая рэзыдэнцыя даўно перанесеная ў Полацак, усе тамтэйшыя бажніцы адноўленыя, вырашанае пытаньне пабудовы Палацу Рэспублікі, дзе будуць ладзіцца размаітыя імпрэзы, улучна з прысягаю дэпутатаў Сойму, найвышэйшых судзьдзяў, ваяводаў ды інаўгурацыі прэзыдэнтаў…
Пархвен заплюшчыў вочы, стамлёна перавёў дых. Майдановіч балбатаў штосьці пра нясплачаныя складкі ў фонд Эўрапейскай бясьпекі, пра эканамічныя цяжкасьці і паводку на Палесьсі, але голас ягоны гучаў глуха, як зь бяздоннай бочкі, і зноў прарэзаўся толькі тады, як карузьлік, кашлянуўшы ў жменю, згадаў далёкую Балівію.
— Нас тут запрашаюць прагаласаваць за папраўку да Канстытуцыі, і тым жа часам парлямэнт, урад і дыпкорпус пакінуць, да лепшых часін, у Менску. Але лепшых часін, дарагія калегі, ня будзе. І я баюся, што мы паўтарым “подзьвіг” балівійцаў, якія свойчас абвясьцілі аб пераносе сталіцы ў горад Сукрэ, але яна так і засталася ў Ля-Пасе. Ну а калегу Аляхновічу ды іншым нашым адраджэнцам, якія прагнуць абвясьціць сталіцай Полацак, раю зьмяніць, як колісь казалі, менскую прапіску на полацкую…
У Пархвена зьлёгку закружылася галава, ён махнуў рукой, і ўнук Мікола, зразумеўшы такі жэст, ціскануў пальцам на гадзіньнік.
— Дзядуля, а што такое прапіска? – запытаўся ўнук, заносячы манітор у сьвятліцу.
— Была такая кніжачка, — зь неахвотаю прамовіў Пархвен, — у якую…
— Што за кніжачка? Фэйс-карта?
— Ды не… папяровая. У ёй пазначалі месца жыхарства ды іншыя зьвесткі. Скажам: «Мікола Аляхновіч, места Полацак, Рагвалодавыя прысады… і нумар дому, дзе жывеш». Прапіску, як сышоў Лукашэнка, адразу ж адмянілі.
— А чым ты за часамі Лукашэнкі займаўся?
— Вучыўся… ва ўнівэрсытэце. Тры курсы ў Менску скончыў, потым у Бостане, state Massachusetts, давучваўся.
— Ну і як вы, студэнты… — падшыванец крутнуў пальцамі абодвух рук, — змагаліся?
Ня ведаючы, што адказаць, Пархвен ізноўку заплюшчыў вочы. “Якое там змаганьне… ну пасядзеў, разам зь сябрамі, на Валадарцы, аднаго разу атрымаў, пад час дэманстрацыі, дручком у лабешнік і потым стаў кепска чуць левым вухам. Але ж якое гэта змаганьне…”
Пару хвілінаў Мікола стаяў у дзьвярной пройме, чакаючы адказу, а потым, падумаўшы, што дзед заснуў, пабег на двор і зь ціхім стракатаньнем стаў кружляць па двары на электрасамакаце. А Пархвен і сапраўды заснуў, дакладней, гэта быў ня сон, а нейкая сонная замарач, якая перанесла яго ў маладосьць, і ён са шчымлівым сэрцам убачыў асьлізлыя турэмныя сьцены і ўсхваляваныя твары сяброў. Больш ад усіх хваляваўся Лёшка Майдановіч – вечна смаркаты недаростак, якога ўсе скрозь называлі Карузьлікам. “Што будзем рабіць, мальцы? Выганяць… з трэцяга курсу… І навошта я папёрся на тую дэманстрацыю?!”