“Напішы заяву ў БРСМ, можа даруюць”, – прамовіў Пархвен, і тут жа зразумеў, што яму ніколі ня выбрацца з гэтай сьмярдзючай камэры, што яго да канца дзён будуць атачаць гэтыя халодна-асьлізлыя сьцены, і няўтольная душа ягоная, вырваўшыся з грудзіны, памкнулася да закратаванага вакна. І хаця ён спрабаваў вярнуць яе, і клікаў, мылячы сасьмяглымі вуснамі і спрабуючы адарваць сьпіну ад шэзлёнгу, душа не вярнулася: паляцела насустрач згасальнаму сонцу, на імгненьне запаволіўшы лёт над крыжамі Мікалаўскага сабору і абляцеўшы на разьвітаньне ўкол гатэлю “Ўсяслаў” – самага высокага гмаху сталіцы Вялікай Крывіі.
Ахвяра дэмакратыі
казка
Сёньня ўжо і ня знойдзеш таго, хто першым прамовіў гэтае страшнае слова: дэмакратыя. Зьвяруга той цяпер сядзіць у сваёй нары, страпянаецца ад кожнага зыку і не вылазіць вонкі нават па пільнай патрэбе. Але хто б ён ні быў, той недалуга, ясна адно: слова гэтае ён прыцягнуў з суседняй Вялікай Багны. У той час дэмакратыя ў суседзяў ужо віхурыла, і замест таго, каб рыхтавацца да сэзону дажджоў і рыць глыбокія норы, тамтэйшыя зьвяры паласкалі раты на мітынгах, а потым, падзяліўшыся на партыі, доўга лаяліся ды кідаліся адно ў другога пустымі кедравымі шышкамі.
Сёньня пра дэмакратыю ніхто й ня згадвае, а шэсьць гадоў таму нібыта чмура якая апанавала насельнікаў Белага Лесу. Яны павылазілі з барлогаў і нораў, прадзерлі прыспаныя вочы і сталі ўголас лаяць небараку Льва — гаспадара тутэйшых мясьцін, — ды патрабаваць ад яго свабоды друку, прыватнай уласнасьці й правядзеньня дэмакратычных выбараў.
Леў, вядома ж, мог гыркнуць, а то і разьдзерці каго з гарлапанаў, але той парой і на яго найшло ачмурэньне. Ён сядзеў у сваёй пячоры, піў нагбом медавуху і напаўвуха слухаў бязладную гаману, што далятала ад Вячыстага Баабаба — месца, дзе звычайна зьбіраліся гарлапаны. Урэшце гаспадару тутэйшых мясьцін абрыдлі бясконцыя мітынгі і ён даў загад — наладзіць выданьне “Зьвярынай газэты” ды распачаць штодзённыя трансьляцыі ляснога радыё. (У дужках адцемім, што калі газэта пачала выходзіць на добрай паперы і вялікім накладам, дык з электроннымі СМІ адразу ж узьніклі праблемы: адну гадзіну на радыё вырашана было аддаць глыткадзерам, а паколькі радыёрубка месьцілася ў дупле згаданага баабабу, дык туды навыперадкі лезьлі аматары пагарлаць у мікрафон). І вось, калі падчас чарговай бойкі, няўрымсьліваму Барсуку надарвалі вуха, а вілахвостай Чайцы — штатнаму работніку ляснога радыё — выдзерлі паўхваста, ля дупла паставілі двух мядзьведзяў, якія мусілі пускаць, па чарзе, прамоўцаў да мікрафону, а на гучнагаварыльнік пасадзілі стракатага Дзятла, які адключаў трансьляцыю, калі хто перабіраў свой час.
Свабода слова, такім чынам, была забясьпечана. Дзеля поўнай дэмакратыі заставалася толькі правесьці прыватызацыю ды арганізаваць выбары новага гаспадара Белага Лесу. Вось тут Ільву і давялося пачухаць парадзелую грыву: паспрабуй, прыватызуй тыя ж кедравыя шышкі...
Між тым жарсьці ля Вячыстага Баабаба кожнага дня напаляліся. Дэмакраты сагналі з гучнагаварыльніка стракатага Дзятла, пасадзілі там чорнага Дразда і ўжо не адну гадзіну, а круглыя содні гукалі ў мікрафон, патрабуючы выбараў. Нарэшце, скрычаўшыся, яны прыйшлі да пячоры і сталі гамузам скандаваць, патрабуючы адстаўкі “намэнклятурнага Льва”. І хаця ля пячоры сядзеў тузін шакалаў са службы аховы, ахоўнікі лавілі зяпамі мух, лена чухаліся і ўсім сваім выглядам паказвалі, што абараняць гаспадара ім зусім не выпадае.
Неўзабаве Леў прызначыў выбары і пры гэтым цяжка ўздыхнуў. “А як не аберуць?”— падумаў быў цар звяроў, і тут жа адагнаў такую думку.
Хвалявацца і сапраўды не было падставаў. Галоўны Шакал прынёс сьпіс тых, хто гарлаў ля баабаба, і спіс той аказаўся ня надта вялікім. Да таго ж Бабёр — галоўны рэдактар “Зьвярынай газэты” — правёў апытаньне насельнікаў Белага Лесу і высьветліў, што ў сёньняшняга ляснога гаспадара папросту няма канкурэнтаў. І ўсё-такі стрэмка непакою вярэдзіла Львіную душу. Напярэдадні першага туру выбараў ён патэлефанаваў старому сябру — чаратоваму Кату, які жыў у Вялікай Багне і таксама любіў медавуху. Кот зьявіўся таго ж дня, выпіў цэбар хмельнага пітва і, абняўшы Льва, п’янаватым голасам прамармытаў: — Ды не хвалюйся ты, Лёва... Ды якія там выбары... Гыркні пару разоў, каб іх усіх бягунка праняла...