Выбрать главу

У лябірынце

“Першы мой сон у полацкім гатэлі стрывожыў ціхі стук у акно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у акне вусатае аблічча “Падземнага Чалавека”.

Так пачынаюцца “Лябірынты” – самая містычная і самая патаёмная аповесьць беларускай літаратуры.

Тым пахмурным кастрычніцкім ранкам полацкі гатэль, дакладней, двухпавярховы гэбрайскі гатэлік асавела глядзеў фіялетавымі вокнамі на мокрую, пазначаную лапікамі першага сьнегу, вуліцу. На цёмным калідоры рыпелі масьніцы, суха трашчала лучына – стары прыдзьвернік распальваў трохвядровы самавар, шторазу выціраючы далоні аб пацёхканую камізэльку, і ў паветры прыемна пахла гарачымі абаранкамі ды халамі, якія гадзіну таму прынесьлі зь пякарні. Такім вось пахмурным ранкам аднаму з пастаяльцаў прысьніўся дзіўны сон пра таямнічыя лёхі, і ён, падышоўшы да акна, спрабаваў угледзець у згалелай маладой таполі, што расла на другім баку вуліцы, відарыс Падземнага Чалавека.

Сама аповесьць, у якой ажывуць цені забытых продкаў і заселяць паралельную прастору, будзе напісаная праз шмат гадоў, на пачатку дваццатых, але першы, дарэшты няўцямны й невыразны зык, зь якога народзіцца неўзабаве гуканьне крыўскай будучыні, быў пачуты Властам менавіта тут, у Полацку. Дый дзе ж яшчэ можна было яго пачуць, як не ў пракаветнай крыўскай сталіцы, і дзе яшчэ мог быць уваход у таямнічы лябірынт, як не на княжым Верхнім замку, у лёхах напаўзруйнаванага Базыльянскага кляштару. Згаданым часам, як піша Власт, “частка ягоная, як раз левы вугал у ніжнім паверсе, меў яшчэ цэлыя скляпеньні”, і, відочна, блукаючы па зьнішчаным расейцамі кляштары, будучы аўтар “Лябірынту” прыгледзеў падобны да ўваходу ў падземныя лёхі атвор, які ўзбунтаваў ягоную сьвядомасьць.

Мінулага аўторку, ці, як называў гэты дзень тыдня Власт, ярцу, я завітаў на Верхні замак. Быў золкі адвячорак – тая пара, калі асабліва востра адчуваеш сваю аддзеленасьць ад сьвету. Волкі туманок, што наплываў ад Дзьвіны, халадніў твар, рабіў невыразнымі відарысы пракаветнай Сафіі і старых таполяў, што шумелі ад ветру. Навокал шэрай рыбінай луской ляжалі лапікі першага сёлетняга сьнегу, а пад нагамі ціха рыпалі кавалкі цаглянага друзу – адзінага напамінку аб старым Базыльянскім кляштары. Я адмераў ад сьцяны сабору сто дваццаць крокаў – менавіта ў гэтым месцы знаходзілася, па маіх падліках, вуглавая заля, дзе быў ход у падзямельле, і намаляваў мыском чаравіка на зямлі вялікі крыж. Падумалася: у летувісаў, зь якімі Власт быў зьвязаны крэўнаю лучнасьцю, і ў якіх уся старажытная гісторыя – адзін суцэльны міт, на гэтым месцы б стаяла сылюмінавая шайба з надпісам, што менавіта тут Vaclovas Lastauskas ir Požeminis Žmogus (Падземны Чалавек) спусьціліся ў нетры лябірынту. І, вядома, нават самаму дурному летувісу ніколі б не прыйшло ў галаву нашкрэбаць на шайбе кароткае слоўца “bibis” альбо разьбіць аб яе пустую пляшку з-пад улюбёнай властаўскай “Старкі”.

У кішэні ляжаў дыктафон – узяў на ўсялякі выпадак, каб запісаць якіх галасоў. Акурат непадалёку зьявілася купка жанчын, але ісьці да іх не хацелася. Спытаеш, а потым давядзецца тры разы паўтарыць прозьвішча, каб пачуць, што яны не тутэйшыя і пра Ластоўскага нічога ня чулі. Я быў перакананы, што Власт, калі ўпершыню наведаў гэтую мясьціну, усклаў далоні на ўсходнюю, старажытную сьцяну Сафійскага сабору. Я таксама падышоў да сьцяны, і сьледам за сваім вялікім папярэднікам прашаптаў: “Вось яна, наша крывіцкая Сьцяна Плачу”. Далоні працяў холад. Але гэта быў ня холад восеньскай зямлі, а халадэча вялікага абледзяненьня. І падумалася, што мы, адраджэнцы, і ёсьць тымі падземнымі людзьмі, якім няма месца на паверхні і якім ніколі ня выбрацца з завілага лябірынту.

Эсэ напісанае для перадачы „Вострая Брама”Беларускай службы Радыё Свабода.

Героі прамінулай эпохі

Колькі сябе памятаю, у краіне гэтай заўсёды нешта забаранялі і зь нечым змагаліся.

Змагаліся з саксафаністамі і фармалістамі, з стылягамі і вэйсманістамі, зь міні-спадніцамі і сыяністамі, з ансамблем Веаtles і буржуазнымі нацыяналістамі, з царкоўнікамі і абстракцыяністамі, з даўгімі валасамі і экзыстэнцыялістамі, з шабашнікамі і абстрактнымі гуманістамі, з дысыдэнтамі і бязроднымі касмапалітамі, з гумовай жуйкай і баптыстамі, з джынсамі, з заходнімі ўплывамі, з амэрыканскай ваеншчынай, з бонскімі рэваншыстамі, з кітайскімі гегеманістамі, з правымі й “левымі” апартуністамі... Савецкая ідэалягічная інквізыцыя не стамлялася выкрываць зьвярыную сутнасьць, абяшкоджваць, ідэйна абяззбройваць, зрываць маскі, сур’ёзна папярэджваць, рашуча пратэставаць, зьвяртацца да людзей добрай волі, дарэшты выяўляць, гнеўна ганьбіць і, нарэшце, узьнімаць мужныя галасы ў абарону вязьняў імпэрыялістычных катоўняў. І хаця “змагары за мір і сацыяльны прагрэс” траплялі за краты, як правіла, па “мокрых” справах, тарквэмадам агітпропу гэта не замінала ладзіць з тае нагоды гучныя палітычныя кампаніі.