— Э-э... таварыш журналіст... Колькі я з-за тае мовы наслухаўся розных кпінаў... — вэтэран уздыхнуў, правёў далонямі па сівых валасах, ціха дадаў: — Толькі гэта не для газэты.
Працяглую паўзу перарваў яшчэ адзін пакутлівы ўздых.
— Да вайны ведаеце як было: усе падручнікі беларускія. Вучыўся я добра; скончыў сямігодку, потым дзесяцігодку, і ў Ленінград падаўся — паступаць у ваенную вучэльню. І вось, сяджу на іспыце. Адказаў усё без запінкі, выкладчык ківае і задае дадатковае пытаньне. “А ну, — кажа, — какова мощность двигателя танка Т-35?”
“Мощность двигателя танка Т-35, — адказваю, — 280 конских сил”.
Усе, хто сядзеў у аўдыторыі, у тым ліку і выкладчык, палеглі ад сьмеху. Па-расейску ж трэба: «лошадиных». А я сяджу, нічога не разумею, а калі сьмех суняўся, зноў — ці-іха так кажу: “280… конских сил...”
І колькі я там, у Піцеры, вучыўся, столькі мяне Конскай Сілай называлі. У саракавым годзе, пасьля заканчэньня вучэльні, у Кіеў разьмеркаваўся. Іду па горадзе, шукаю сваю частку. На сэрцы крыху трывожна. Але супакойваю сябе: вось, думаю, і адкаснулася ад мяне гэтая паганая мянушка. І толькі так падумаў, чую — гарлае хтосьці за сьпінай: “Конская Сіла-а!” Азірнуўся: Васька Альхоўскі з нашага выпуску; бяжыць праз вуліцу, рэчторбай махае. Я, вядома, выгляду не падаў, парукаўся з Васькам, а на разьвітаньне папрасіў яго больш мяне так не называць.
Вэтэран змоўк, адкінуў нагой ката-назолу і, пасьля паўзы, незадаволена прабурчэў: — А вы кажаце — беларуская мова...
За акном з зычным вэрхалам узьнялася вераб’іная чародка й нехта па-старэчы непракерхана выдыхнуў: — Пятровіч!
Суразмоўнік падняўся з крэсла.
— Ну што, Конская Сіла... Выходзь, “казла” заб’ем, — прагучала знадворку і вэтэран, вытыркнуўшы ў акно сівую галаву, прамармытаў: — Сьпіна баліць, ды і чалавек у мяне... з рэдакцыі... артыкул да Дня Перамогі піша.
Я таксама падхапіўся на ногі.
На парозе мы паціснулі адно другому рукі.
— А вы кажаце... — паўшэптам паўтарыў вэтэран.
Кроў прыліла да твару. Мне карцела штосьці адказаць: маўляў, супакойцеся, пахавалі беларускую мову і магілу прысыпалі вапнай, ды шэры кот сувора зірнуў на мяне жоўтымі зекрамі і, на знак згоды з гаспадаром, бязгучна вякнуў.
Ноччу мне прысьніўся танк Т-35. Жалезная гаргара, напінаючы ўсе свае 280 конскіх сілаў, пёрла насустрач, а на брані, трымаючыся за поручні верхняй вежы, стаяў вэтэран Пятровіч і махаў пустым рэчмяшком. “Вася! Вунь ён!” — нема загарлаў Пятровіч, паказваючы ў мой бок. Усе пяць танкавых вежаў разам зварухнуліся, і ў назіральнай шчыліне мэханіка-кіроўцы злавесна бліснулі каціныя вочы...
— Што, зноў на сьценку лезеш?! — пачуўся заспаны жончын голас, і я перавёў дых. — І калі ўжо сыдзеш з той газэты... — прамармытала жонка, ускінула на мяне руку і празь імгненьне стоена засапла.
Я доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма, глядзеў на рухомыя сукосьнікі — адбіткі аўтамабільных фараў, — што паўзьлі па сьцяне, а калі жонка схрапянула і абхапіла мяне гарачай рукой, прымаючы ў сьне немаведама за каго, падняўся з ложку і пайшоў на кухню піць валяр’янку.
Хрушч
Пасьля бяссоннай ночы, праведзенай у задушным вагоне, пасьля замарачнага тахканьня колаў і вакзальнай мітусьні душу спавівае ціхая весялосьць, і вочы глядзяць на сьвет з жарсьцю і захапленьнем. І ты глядзіш на густы зялёны ельнік, на старую прыстанцыйную вежу, на рабую казу, што пасьвіцца ля чыгункі, штохвілі перакідваеш з рукі на руку цяжкую валізу і з прытоенай насьцярогай адчуваеш як выпростваецца твая скамечаная душа і бязьмежны сьвет адкрывае ёй свае запаветныя тайны. У такія хвіліны лёгка дыхаецца, ні пра што ня думаецца, і чаравікі з задавальненьнем шорхаюць па мяккай тваве.
Тае раніцы я йшоў лугавінай, глядзеў на рабую казу, прыслухоўваўся да пошуму цягніка, які заміраў за даляглядам, і разьняволеная душа мая прасіла песьні. Я ўдыхнуў паветра, зьбіраючыся выдыхнуць эпіталяму з опэры Рубінштэйна “Нэрон”, ды нечакана ў вышыні, над маёю галавой, праляцела штосьці круглявае і цьмяна-бліскучае. Дакладней, не праляцела, а з НЛАшным імпэтам прасьлізнула, не пакінуўшы па сабе ні гуку, ні паху, ні якога іншага сьледу. І не пасьпеў я падумаць: “Што ж гэта было?” і зьвесьці вочы да пераносься, як новы цьмяна-бліскучы кругляк вылецеў зь нябеснага прыціну і, праляцеўшы па дузе, даў нырца ў прыдарожны быльнік. І разьняволеную душу крануў шчымлівы ўспамін, і душа скруцілася абаранкам і памкнулася выкаціцца з цёмнага нутра на залітую сонцам лугавіну...