Выбрать главу

Каб адчапіцца ад балаболкі, Газевіч тыцнула той у рукі выбарчы бюлетэнь, а Пісьцюльга падняўся з крэсла і ўдумнай хадою выйшаў з залі.

На школьным ганку Пісьцюльга дыхнуў салодкага паветра, прыпаліў цыгарэту, міжволі прыслухаўся да людзкой гаманы.

— І навошта было скідаць Кебіча? – скаланаў паветра зычны голас Пятра Дзядзюлі – тутэйшага праўдалюба-пазьнякоўца, якога выгналі з усіх прац і які цяпер езьдзіў па вёсках ды пілаваў дровы вясковым пэнсіянэрам. Пяцёра падпітых суразмоўнікаў, да якіх зьвяртаўся Дзядзюля, згодна ківалі галовамі. – Ну скажыце: хто такі Ганчарык? – задаўшы пытаньне, праўдалюб счакаў хвіліну і сам жа адказаў: — Ганчарык — гэта Кебіч сягоньня.

Людзкі збой заварушыўся, загаманіў і бязладную гаману пакрыў сіплаваты Дзядзюлеў голас: — Вось ён, парадокс сучаснасьці: тыя людзі, што скідалі Кебіча, сёньня агітуюць за Ганчарыка.

Пісьцюльга наструнена агледзеўся. Яму, кіраўніку сярэдняга зьвяна, слухаць такія размовы не выпадала, таму, зацягнуўшыся цыгарэтай, кіраўнік рушыў да дзьвярэй і ў сьпіну яму прагучала дарэшты крыўднае: — А скажыце, Іван Канстанцінавіч, чаму гэта ў нас столькі халуёў разьвялося?

Дзядзюля стаяў пасярод прыціхлага збою, глядзеў на Пісьцюльгу, падставіўшы ветрыку буйныя, часнычнага колеру зубы.

— Адкажы лепш, чаму ў нас столькі ідыётаў? – буркнуў у адказ Пісьцюльга, адкінуўшы недапалак.

— Гэтаму ёсьць навуковае тлумачэньне, — праўдалюбец, не зразумеўшы намёку, бліснуў вясёлым вокам. – Мала спажываем ёду, таму і-і… — Дзядзюля крутнуў пальцам каля скроні, і суразмоўцы задаволена рагатнулі.

— Во-во, — мовіў старшыня камісіі, грукнуў дзьвярыма, ды так хвацка, што на галаву пасыпалася цамянка.

Настрой быў сапсаваны. Пастаяўшы ў задуменьні на парозе спортзалі, Пісьцюльга кашлянуў, пацёр далоньню падбародзьдзе ды нечакана, нібыта згадаўшы пра штосьці, адамкнуў суседні пакой. Іншым часам у пакоі тым захоўваўся спартовы рыштунак, а цяпер тут стаў, чакаючы заканчэньня выбараў, сьпехам сэрвіраваны стол.

— Бэнээфавец сраны, — уголас выдыхнуў Пісьцюльга і рашучай рукою наліў з пачатай бутэлькі трыццаць грамаў “Белавескай”.

Ад ранку тут ужо частавалі аднаго назіральніка – кіроўцу перасоўнай мэханізаванай калёны Дзібунова, які, па чутках, быў зьвязаны з апазыцыяй, і таму яго вырашылі прыбраць з участка. Пісьцюльга выцер вусны, пералічыў пляшкі, што стройным шыхтом стаялі на стале, і бязгучна вылаяўся: вадзіла, мяркуючы па ўсім, выжлукціў амаль літар гарэлкі.

Гаючая вадкасьць яшчэ не дапяла да страўніку, а Пісьцюльга ўжо прыкметна захмялеў і асавела паглядзеў на складзеныя ў куце прапыленыя маты. ”Ці не паспаць гадзінку?” – падумаў старшыня ўчастковай камісіі, прыкрыўшы далоньню зяхлівы рот. Дрымота адольвала ня так сабе: мінулай ночы давялося “рэвізаваць” скрыню папярэдняга галасаваньня – крэсьліць крыжыкі насупраць прозьвішча Лукашэнкі, потым цэлую гадзіну накручваць тэлефонны дыск (увесь час было занята), каб гукнуць у трубку няўцямную фразу: “Усё гатова!” – а дзесьці а пятай раніцы ён ужо сядзеў за старшынёўскім сталом на ўчастку. Пісьцюльга – цяпер ужо з поўным адчаем – пазяхнуў, піхнуў ключ у замковую шчыліну і пачуў Газевічын голас: — Іван Канстанцінавіч, з акруговай прыехалі…

Старшыня акруговай камісіі Калістрат Мікалаевіч Шняга – не па гадах маладжавы, ружовашчокі чараміс – пераняў яго на калідоры і, ні слова не сказаўшы, рушыў да выхаду. Яны выйшлі на ганак, Шняга падчапіў бяскроўнымі вуснамі цыгарэціну, і Пісьцюльга паслужліва пстрыкнуў запальнічкай.

— Ну, што там у цябе? – запытаўся “акружэнец”, густым дымам дыхнуўшы ў Пісьцюльговы твар.

— Поўны парадак… Седзесят тры працэнты прагаласавала… — няпэўным голасам азваўся Пісьцюльга, а ўгледзеўшы дрогкія Шнягавы рукі, падумаў: ці не памёр хто з кандыдатаў у прэзыдэнты?

— Карацей, давядзецца круціць назад, — Шняга зацягнуўся пякучым дымам, а Пісьцюльга, ляснуўшы даланёй па сьцягне ў пошуках цыгарэты, уражліва прамармытаў: — Як гэта?

— Загадана шэсьдзясят адсоткаў скінуць Ганчарыку. Так што бяры ў багажніку бюлетэні – і за працу, — “акружэнец” кіўнуў у бок выканкамаўскай “Волгі”. – Глядзі толькі, каб ціха… і рознымі асадкамі… Скрыня з “папярэднікамі” далёка прыхаваная?

— У лягапэдычным габінэце… — пралепятаў Пісьцюльга, уздыхнуўшы. — Што ж гэта… мінулай ночы Ганчарыка выкрэсьлівалі, цяпер Лукашэнку… — Пісьцюльга хацеў прыкурыць, але Шняга рэзкім рухам выхапіў зь ягонага роту цыгарэту.