Выбрать главу

*** Пташкі ў лесе шчэбеталі…

Пташкі ў лесе шчабяталі, Стукаў дзяцел і жаўна, I пра шчасьце нам казалі, I ў душы была вясна…
А ў вясёлы вечар мая Салавей ў гаі сьвістаў… Ой, пара ты залатая! Хто цябе не ўспамінаў?
А у небе, сінім полі, Безь сьляда, за край зямлі, Як бы думкі сьветлай долі, Хмаркі белыя плылі.
Нам пра шчасьце ўсё казала На зары юначых дзён. Дзе ты, шчасьце, дзе прапала? Дзе твой радасны палон?

Весна

Вясна, вясна Жаданая! Ты прыйдзеш зноў, Ты вернешся!
Вясёлы сьпеў, Прыветлівы Вады ў руччах Пачуецца.
Ачнецца гай I зь песьнямі Ў зялёны ліст Адзенецца.
Напоўніць лес Птушыны сьвіст, Травою луг Акрыецца.
А з полудня З маланкаю Хмурыначка Націсьнецца,
I першы гром, Як музыка, Таемна так Пракоціцца.
Зямелька ўся Ўскалышацца, Дажджом яна Абмыецца.
Ў прыродзе ўсё Народзіцца, I маладосьць Ёй вернецца.
Ды толькі мне Ня вернешся, Ня вернешся Ты, моладасьць,
Вясна, вясна Жаданая! Ты вернешся, Ты вернешся!

II. Родные абразы

Я не знаю

Я ня знаю сам, браточкі, Чаму мне так мілы Буры, плач асеньняй ночкі, Сьпеў яе пастылы,
Лесу гоман, гуд нястройны, Шум лазы ў балоце, Баязьлівы, неспакойны Шолах у чароце.
Я ня знаю, чым мне дораг Від палёў благенькіх, Нудны клік у родных горах, Вербак рад крывенькіх.
Маё сэрца, маё вока Цягне хвоя тая, Што у лузе адзінока Сохне-умірае;
Жаралісты дуб высокі, Колісь поўны сілы; I той крыжык адзінокі, Вартаўнік магілы,
Дзе так сумна ветры веюць, Точаць дол пясчаны, Дзе чыесьці косьці тлеюць, Чыйсьці прах схаваны…
Я ня знаю, я ня знаю, Чым я так прыкуты Да тваіх, мой родны краю, Вобразаў пакуты!

Нашэ сяло

Між узгоркаў над ракою Выглядае сіратою Наша беднае сяло. Убраў стрэхі мох калматы, Набок скрыўленыя хаты, Як бы ў дол яно ўвайшло.
I зьліліся ў плех будынкі, Ў шыбы ўсаджаны лучынкі Ці анучак цэлы жмут. Спарахнела наша школа, Згніў паркан увесь наўкола — Школка горбіцца, як склюд.
Збоку вербачкі крывыя, Бы кабецінкі старыя, Нуднай кучкаю стаяць. Нёман ногі ім змывае, Вецер голькі іх люляе, Лісьці жаласна шумяць.
На прыгорку ў аддаленьні Насып, крушнямі каменьне, Смутна крыжыкі стаяць. А ўнізе пад іх нагамі, Спаласканыя сьлязамі, Косьці родныя ляжаць.
Плачуць ветры над магілай, Зь песьняй нуднай і пастылай Пралятаючы удаль. Як успомніш кут свой родны, Кут закінуты, галодны, Сьцісьне сэрца горкі жаль.

Наш родны край

Край наш бедны, край наш родны! Лес, балоты і пясок… Чуць дзе крыху луг прыгодны… Хвойнік, мох ды верасок.
А туманы, як пялёнка, Засьцілаюць лес і гай. Ой ты, бедная старонка! Ой, забыты Богам край!
Наша поле кепска родзіць, Бедна тут жыве народ, У гразі жыве ён, ходзіць, А працуе — льецца пот.
Пазіраюць сумна вёскі, Глянеш — сэрца забаліць. На дварэ — паленьне, цёскі, Куча сьметніку ляжыць.