Выбрать главу
А на горах у Кіеве гэтае ночы Святаславу прысніўся сон смутны, прарочы: "Адзявалі мяне,— кажа,— звечара зморна На цясовай краваці пасцілкаю чорнай; Віно сіняе чэрпалі мне, бы ў вяселлі, A ў віне тым благое намешана зелле. А з пустых палавецкіх каўчанавых жэрлаў Мне на грудзі там сыпалі буйныя пэрлы, Ды так песцяць мяне. A ўжо дошкі ў праломах I без скрэп на маіх златаверхіх харомах. Усю звечара ноч груганнё грумкацела, На балонь каля Плеснеска ўжо даляцела, Пабыло на балоцістых нетрах Кісані I да сіняга мора няслося на ранні!" I казалі на гэты сон князю баяры: "Ўжо туга, княжа, розум адзела твой хмарай! Гэта з бацькава там залатога пасаду Сакалы два зляцелі сачыці прынаду — Горад Тмутаракань пашукаці з разгону Або ўдоваль напіціся шоламам Дону. I ўжо сокалам гэным шаблямі паганых Пападсечана крылле на дзікіх палянах, A саміх у жалезныя спуталі путы. Ў трэці дзень патануў свет у цемрадзі лютай: Сонцы два пацямнелі, слугты агнявыя Згаслі два, з імі месяцы два маладыя — Святаслаў i Алег апрануліся цьмою,
I на моры яны патанулі абое, I вялікай буянасці хану дадалі. Цьма пакрыла святло на рацэ на Каяле, А па Рускай зямлі, як гняздо тое рысяў, Чарадою скрозь полаўцы параспаўзліся. Ўжо ўзнялася над хвалай благая пахула, Ўжо насілле над воляй уссела-сагнула, I ўжо рынуўся Дзіў на зямлю на прыселлі. Вось бо гоцкія красныя дзевы запелі На пахілістым беразе сіняга мора, Рускім звонячы золатам, сочачы зоры. Ўсё пяюць яны Бусавы часы i справы Й Шараканавай помсты лялеюць праявы. A ўжо мы во, твая маладая дружына, Больш не знаем з табою вясёлых часінаў". Тады вялікі Святаслаў Азваўся словам залатым, Змяшаным з горкімі слязьмі, I так сказаў баярам тым: "О сыны мае, Ігар i Ўсевалад! Рана пачалі крышыці Мячамі зямлю Палавецкую, А сабе славу сачыці. Але толькі не з чэсцяй уходалі, Бо вы не ў чэсці i хвале На тым полі далёкім паганскую Кроў на зямлю вылівалі. Вашы сэрцы ў сталь крэпка закованы — Ўзброены гартам адвагі, Але што ж натварылі сівізне вы Тамка маёй без развагі? Не даждалі багатага й сільнага Брата майго Яраслава На падмогу з яго мнагавоямі, 3 войскам чарнігаўскім бравым. A ваякі яны ўсе сусветныя: Там i магуты, й шальберы, I татраны упобач з равугамі; Там тапчакі і альберы. А яны бо з нажмі захаляўнымі I без шчытоў б'юцца жвава — Пабяджаюць палкі толькі клікамі, Звонячы прадзеднай славай. Але вы там сказалі: мужаймася Самі з сваімі мячамі! Славу самі захопім пярэднюю Й з задняй падзелімся самі. A ці ж дзіва тут, брацці, вялікае Памаладзеці й старому! Калі сокал у годах — ён высака Птушку ўзбівае ад дому; Не папусце гнязда свайго роднага Ў крыўду, як бача трывогу. Але гора ўсё ў тым, што во буйныя Князі ўжо мне ў непадмогу: Тыя часы ў нішто абярнуліся. Вось бо ля Рымава зрана Пад шаблямі крычаць палавецкімі, A Уладзімер — у ранах! I туга i нуда сыну Глебаву, A ўсё з таго, што крышыці Не у час шлі зямлю Палавецкую, А сабе славу сачыці!.."