Толькі паведаміўшы тое, што давала важкія аргументы савецкай дэлегацыі і выбівала іх у Гофмана, Ленін інфармуе, што «сярод піцерскіх рабочых вялікі ўздым энтузіязму ў сувязі з утварэннем Савета рабочых дэпутатаў у Берліне». І вельмі асцярожна ў канцы: «Ходзяць чуткі, што Карл Лібкнехт вызвалены і хутка стане на чале нямецкага ўрада».
На другі дзень, чацвёртага лютага, Ленін зноў шле радыёграму «Усім, усім». Ленін ставіць іншую мэту: памагчы нямецкім рабочым, якіх запалохалі жахамі рускай рэвалюцыі.
У радыёграме Уладзімір Ільіч інфармаваў перш за ўсё рабочых свету і асабліва нямецкіх сацыялістаў: «Рад загранічных газет паведамляюць ілжывыя звесткі пра жахі і хаос у Петраградзе і інш.
Усе гэтыя звесткі абсалютна няправільныя. У Петраградзе і Маскве паўнейшы спакой. Ніякіх арыштаў сацыялістаў не зроблена».
Перадапошні абзац адрасаваўся свайму народу — са спакойнай развагай І праўдзівасцю:
«Звесткі з Германіі скудныя. Яўна, што германцы скрываюць праўду аб рэвалюцыйным руху ў Германіі. Троцкі тэлеграфуе ў Петраград з Брэст-Літоўска, што немцы зацягваюць перагаворы».
У той дзень Троцкі атрымаў ад немцаў сувязь і паслаў Саўнаркому такую тэлеграму:
«Нямецкая прэса стала трубіць, нібыта мы ўвогуле не хочам міру, а толькі клапоцімся аб перанясенні рэвалюцыі ў іншыя краіны. Гэтыя аслы не могуць зразумець, што менавіта з пункту гледжання развіцця еўрапейскай рэвалюцыі хутчэйшы мір для нас мае велізарнае значэнне».
Ленін верыў дэлегацыі. А Троцкі між тым маніў, уводзіў урад у зман — і наконт уласнай пазіцыі, і наконт пазіцыі дэлегацый Чацвярнога саюза.
Адной тэлеграмы яму здалося мала, ён у той жа дзень шле другую асабіста Леніну: «У нямецкі друк пранікла недарэчнае паведамленне аб тым, што мы збіраемся дэманстрацыйна не падпісаць мірнага дагавору. Якая дзікая лухта!»
Зусім інакш, чым Ленін, павёў сябе Бухарын і яго прыхільнікі. Людзі, якія спадзяваліся толькі на рэвалюцыю на Захадзе і былі ў палоне рэвалюцыйнага фразёрства, з першымі ж звесткамі аб выступленнях у Германіі павялі бестактоўную нахабную прапаганду супраць Леніна. Яны яўна хацелі ўзяць рэванш за сваё паражэнне на Трэцім з'ездзе Саветаў.
Заява Бухарына, Ломава, Асінскага, Пятакова, Красцінскага ў ЦК з патрабаваннем неадкладна склікаць партыйную канферэнцыю была, па сутнасці, ультыматумам прыхільнікам Леніна. У заяве гаварылася, што канферэнцыя неабходна для канчатковага і яснага вырашэння гэтага пытання гістарычнай для міжнароднага пралетарыяту важнасці «І ў сувязі з тым, што ў рэзалюцыі, якая ўнесена ад імя бальшавіцкай фракцыі на з'ездзе Саветаў... не маецца прамога ўказання на недапушчальнасць падпісання дагавору 29 студзеня (10 лютага) і ў той жа час прадастаўлены неабмежаваныя паўнамоцтвы Савету Народных Камісараў па пытанні аб заключэнні міру, г. зн. выходзіць і права падпісаць «пахабны мір».
У выпадку падпісання міру без канферэнцыі ўся група пагражала пакінуць адказныя пасты ў партыі і органах улады.
Ленін выступіў супраць канферэнцыі, якая ў той сітуацыі, пры тэрміновым скліканні, не магла выявіць думку партыі. Няма сэнсу ў канферэнцыі, сказаў Ільіч на пасяджэнні ЦК першага лютага, таму што рашэнні яе не могуць быць абавязковымі для ЦК.
Ленін дамагаецца пастановы аб скліканні партыйнага з'езда. Але, каб заспакоіць крыклівых апанентаў сваіх, дыпламатычна згаджаецца на правядзенне тэрміновай нарады — «для лоўлі думак». Зноў — каторы раз! — заклікае прыхільнікаў рэвалюцыйнай вайны «з'ездзіць на фронт і там на ўласныя вочы пераканацца ў поўнай немагчымасці вядзення вайны».
Праз два дні адбылася нарада ЦК з прадстаўнікамі Петраградскага і Маскоўскага камітэтаў — Касіёрам, Фенігштэйнам, Асінскім, Стукавым. Усе яны былі «левыя». Каго прадстаўляў Спундэ, дагэтуль не ўстаноўлена, але здагадацца лёгка: Спундэ быў вухам Троцкага, яго інфарматарам, запасным, на выпадак, калі Зіноўеў, які любіў паляжаць на мяккай канапе з грэлачкай, будзе адсутнічаць, Троцкі добра ведаў звычкі Зіноўева.
Ніхто не паклапаціўся, каб вёўся пратакол. Толькі Уладзімір Ільіч уласнаручна запісваў некаторыя палажэнні з выступленняў і склаў табліцу галасавання, разбіўшы ўдзельнікаў на чатыры групы. Галасаванне было складанае. Не проста за мір ці за вайну. Належала выказаць свае адносіны па дзесяці важнейшых пытаннях знешняй палітыкі Савецкай дзяржавы. Пытанні прапанаваў Ленін. Першым сярод іх было: «Ці дапусцімы ўвогуле мір паміж сацыялістычнымі і імперыялістычнымі дзяржавамі?» Далей ішло: «Ці дапусціма зараз падпісаць нямецкі анексіянісцкі мір?» «Зацягваць перагаворы ці не?» «Ці разарваць перагаворы неадкладна?» «Ці трэба ствараць Чырвоную Армію?»