Кюльман узрадаваўся не менш за Гофмана: начальніку штаба Усходняга фронту нічога не пагражала, а яму і Гертлінгу пасля іх тэлеграмы кайзеру пагражала адстаўка. Парадаксальна: і'х ратаваў Троцкі!
Кюльману хацелася зарагатаць. Але хітры і асцярожны дыпламат падкрэслена ветліва і далікатна ўдакладніў сутнасць таго, што абвясціў Троцкі:
— Наколькі я зразумеў пры чытанні заявы пана камісара па замежных справах,— сказаў нямецкі міністр,— істотнай часткай гэтай заявы з'яўляецца тое, што рускі ўрад зараз жа намераны аддаць загад аб поўнай дэмабілізацыі рускай арміі і ў той жа самы час адмаўляецца падпісаць якое б то ні было пагадненне з дэлегацыямі праціўнікаў...
Але, думаючы пра гісторыю і сваё месца ў ёй, пра сваю «дыпламатычную сумленнасць», Кюльман палічыў неабходным папярэдзіць рускіх. Ён сказаў:
— Ваенныя дзеянні, нягледзячы на прадаўжэнне стану вайны, спынены на аснове існуючага яшчэ дагавору аб перамір'і, але пры адпадзенні гэтага дагавору ваенныя дзеянні аўтаматычна аднаўляюцца... Тыя абставіны, што адзін з бакоў дэмабілізуе свае арміі, ні з фактычнага, ні з прававога боку нічога не зменяць у гэтым ваенным становішчы.
Троцкі ігнараваў гэтую пагрозу. Аднак ён вельмі спрытна ўмеў прыкрываць сябе словамі. Ён зноў выступіў з некароткай прамовай, у якой сказаў: ён, маўляў, разумее, што імперыялістычныя ўрады ў барацьбе з Савецкай Расіяй, відаць, «будуць і надалей апірацца на дапамогу пушак і вінтовак».
— Але я не веру, што гэта ўратуе вас, панове. Я веру, што першае ж ваша наступленне прывядзе да выбуху гневу вашых салдат, пралетарыяў вашых краін, і вы будзеце выкінуты на сметнік гісторыі.
Нягледзячы на гэтую апошнюю зусім непачцівую прамову наркома, граф Чарнін усё ж прапанаваў правесці заўтра яшчэ адно пасяджэнне палітычнай камісіі.
Але Троцкі адмовіўся.
Немцы, на гэты раз усе — ваенныя і дыпламаты, гатовы былі пляскаць у далоні.
Праз колькі хвілін тэлеграфныя апараты адстуквалі іх радасць у такіх словах:
«Тут амаль усе лічаць, што для нас увогуле не магло адбыцца нічога больш спрыяльнага, чым рашэнне Троцкага. Безумоўна, на першы погляд яно ашаламляльнае. Гэтым рашэннем Троцкі адмаўляецца ад усіх пераваг краіны, што вядзе вайну і заключае мір. Пры заключэнні міру мы ўсё-такі павінны былі б зрабіць яму розныя сур'ёзныя ўступкі. Цяпер мы здолеем усё ўрэгуляваць па нашым уласным жаданні».
Гэта з тэлеграмы Лерснера, намесніка Кюльмана.
А Троцкі адразу пасля пасяджэння паслаў такую тэлеграму: «Петраград. Старшыні Саўнаркома Леніну. Перагаворы закончыліся. Сёння пасля канчатковага выяснення непрымальнасці аўстра-нямецкіх умоў наша дэлегацыя заявіла, што выходзім з імперыялістычнай вайны, дэмабілізуем сваю армію і адмаўляемся падпісаць анексіянісцкі дагавор. Згодна з зробленай заявай выдайце неадкладна загад аб спыненні стану вайны з Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Турцыяй, Балгарыяй і аб дэмабілізацыі на ўсіх франтах. Нарком Троцкі».
Нахабства Троцкага межавала са здзекам. Ён адзін дыктаваў ураду, цешачы сябе сваёй вялікасцю.
Але Троцкі разумеў, што «рэкамендацыі» яго Леніным будуць адхілены.
Таму перад самым ад'ездам з Брэста, у дзесяць гадзін вечара, ён шле яшчэ адну тэлеграму — у Магілёў, цераз галаву Саўнаркома, Галоўнакамандуючаму:
«Згодна з зробленай дэлегацыяй заявай выдайце неадкладна гэтай ноччу загад аб спыненні стану вайны... і аб дэмабілізацыі на ўсіх франтах».
Мікалай Васільевіч Крыленка, якога вельмі хваляваў развал старой арміі, якому хацелася хутчэй пазбавіцца ад хворага арганізма і пачаць будаваць новую армію, зразумеў, што мір падпісаны. У радыёграме «Усім, усім, усім» за подпісам Галоўкаверха так і гаварылася:
«Мір. Вайна скончана. Расія больш не ваюе... Дэмабілізацыя арміі гэтым аб'яўляецца».
Раздзел другі. ВЯСЕЛЛЕ
1
Дзень быў сонечны, з лёгкім бадзёрым марозам. Дні два назад выпаў свежы снег, і зіма іскрылася ва ўсім сваім харастве — ззяла снегам, блакітам неба, нізкім сонцам. І звінела. Чым яна звінела?
Аб звоне сказала Міра — што яна чуе дзіўны звон, быццам усюды навокал павешаны срэбраныя званочкі.
Сяргей засмяяўся:
— Гэта ў цябе ў вушах яшчэ звініць. Пасля хваробы.
— Не, не ў вушах,— па-дзіцячаму заўпарцілася яна.— У мяне музыкальны слых.
Так, зіма была яшчэ ў сіле. Але гэта быў адзін з тых лютаўскіх дзён, калі па нейкіх вельмі няўлоўных прыкметах, якія яшчэ нельга ўбачыць, адчуваецца вясна. Не ўпаў са страхі ні адзін капеж, няма дзе яшчэ напіцца вераб'ю... І аднак... можа, менавіта ў іх, у вераб'ях, якія таўкліся на шлаку, высыпаным з нямецкага паравоза, што даставіў раніцой вагоны ўрадавага саставу, у іх чырыканні, у любоўным звоне іх крыльцаў і адчувалася яна, вясна. Відаць, чорны шлак награваўся ўжо ад сонца, і вераб'ям было цёпла ў ім.