Выбрать главу

У той час, як Міра, прагна ўдыхаючы паветра, любавалася прасторам, блізкім сасняком, запарушаным снегам, Багуновіч глядзеў на вераб'ёў, бо думаў пра поезд, які ён на гэты раз пайшоў сустракаць. Але ў ранішніх прыцемках не свяцілася ніводнае вагоннае акно. Пасажыры спалі. Правяраць іх ніхто каманды не даваў. Багуновіч нават адчуў некаторую няёмкасць перад нарадам салдат, якіх падняў у такую рань. Праўда, з вагона выглянуў нейкі служачы ў паўвайсковай форме, заспана спытаў у Баранскаса, у таго ў руках быў чыгуначны ліхтар: калі пададуць рускі паравоз?

Багуновіч спытаў у яго:

— З чым вяртаемся?

Служачы зрабіў выгляд, што не зразумеў пытання, і, зябка перасмыкнуўшы плячамі, асцярожна, без стуку, зачыніў перад камандзірам палка дзверы.

Багуновічу з самага досвітку карцела хутчэй пайсці ў штаб. Але Міра яшчэ ўчора сказала, што хопіць ёй «прытварацца хворай», трэба выходзіць, трэба брацца за працу; апошнія дні яна прагна чытала газеты, рыхтуючыся пайсці да немцаў. Мірыны планы, па разуменні Багуновіча, былі не па яе яшчэ сіле пасля цяжкай хваробы: яна намервалася спачатку наведаць суседзяў — піцерскіх бальшавікоў, паехаць у палітаддзел рэўкома арміі, каб атрымаць інструкцыі і прапагандысцкі матэрыял.

Што сілы яе яшчэ слабенькія — Сяргей пераканаўся па тым, як яна рыхтавалася да першага выхаду з цёплага пакоя; пакуль яна хварэла, Баранскасы не шкадавалі паліва.

Збіралася Міра не па-салдацку, як раней. Але і не па-жаночаму, як некалі маці яго ў тэатр ці ў госці. Яна проста доўга і без патрэбы хадзіла з пакоя на кухню і назад, не дала ні яму, ні Альжбеце, ні Юстыне памагчы ёй гатаваць няхітры сняданак. Усё рабіла сама. А пасля падшывала спадніцу, бо пахудзела, і ўвогуле доўга падганяла адзенне, надаючы яму большую ўвагу, чым рабіла гэта раней.

Сяргей зразумеў: баялася яшчэ за свае сілы. Прапанаваў выклікаць са штаба веставога на конях, як яна хоча — у санях ці ў сядле.

Яна адмовілася, ёй хацелася праверыць сябе.

На двор Міра выходзіла ўжо тры дні, тут, на станцыі. Але дні тыя не былі такімі чароўна-іскрыстымі.

Яна дыхала на поўныя грудзі.

Сяргей сказаў ёй — так некалі гаварыла яму, малому, маці:

— Не хапай марознае паветра. Прыкрый рот шалікам, дыхай праз нос.

Міра засмяялася, кепліва спытала:

— Так вучыла цябе твая мамачка? Так?

Сяргея часам крыўдзілі яе насмешліва-зняважлівыя адносіны да яго бацькоў, мабыць, яна лічыла, што ёй, пралетарцы, належыць ставіцца да паноў толькі гэтак. А што яны паны — няма сумнення: кватэра ў цэнтры Мінска на Захар'еўскай, побач з гатэлем «Еўропа», кінематографам «Эдэн», у лепшым шматпавярховым доме, які яна добра помніла, бо кожны дзень хадзіла міма — у Марыінскую гімназію. Сем пакояў! А ў яе доме, на Нямецкай, у драўляным доміку адзінаццаць душ. Як селядцоў. У гімназіі першыя два гады яна выдавала сябе за дачку купца — трымала гонар. Хітрая полька Ванда Патаржынская набівалася ў сяброўкі, вельмі дамагалася, каб яна запрасіла аднакласніц на чай. Пазней, увайшоўшы ў сацыял-дэмакратычны падпольны гурток, яна сказала праклятым буржуйкам праўду — чыя яна дачка — і гэтым як бы адплаціла за ўсе свае ўніжэнні, сацыяльныя, нацыянальныя. Была восень шаснаццатага года, узнімалася залітая крывёй краіна, нават дочкі памешчыкаў і банкіраў пасталі дэмакраткамі — больш не адносіліся зняважліва да дачкі бляхара, якая, дарэчы, была першай вучаніцай у класе.

Сяргей не адказаў на яе закід пра мамачку. Але Міра не сунімалася:

— Мая мамачка мяне так не вучыла. Мая мамачка толькі ў гімназію збірала мяне, як пані. О, як яна баялася, каб з-пад маёй спаднічкі не ўбачылі не першай свежасці каруначкі маіх панталонаў! Мама мыла іх штодня. Мама нярэдка сцёбала мяне ручніком, калі я бегала па снезе босая. А калі я, малая, пачала адну зіму страшэнна кашляць, усе палічылі, што ў мяне сухоты, і выдзелілі мне асобны кубак і талерку, я, абражаная, пайшла на двор, доўга хадзіла босая па снезе, каб хутчэй памерці. І я перастала кашляць. Відаць, у мяне быў банальны коклюш.

Да яе хваробы яны напэўна пасварыліся б — з-за такой Мірынай упартасці. Але цяпер... Асабліва пасля таго, як яна, хворая, кінулася ў маёнтак і, пачуўшы, што ён забіты, страціла вось тут, на дарозе, прытомнасць... Не, цяпер ён ніколі да смерці не пакрыўдзіцца на яе, бо добра ведае, што ўсе зачэпістыя словы яе — простая гульня, дзіцячая гарэзлівасць. Цяпер яго каханне набыло зусім новую якасць. Цяпер гэта нешта нязмерна большае, чым тая «половая любовь», пра якую ён многа чытаў ва універсітэце і тут, на фронце. Ён месяц не дакранаўся да яе, але адчуваў, як з кожным днём яна робіцца ўсё даражэйшая для яго. Як сястра. Як маці.