Выбрать главу

Але ўсё ж нешта не падабалася ў салдату. Не адразу сцяміў — што. Калі той аддаліўся і схаваўся за паваротам — успомніў: боты! Новыя. А ў палку даўно не выдавалі новых ботаў. І як бы нярускага фасону, нярускім шаўцом пашытыя. Хоць што тут дзіўнага? У час перамір'я і братання паміж салдатамі, нашымі і нямецкімі, ідзе такая мена, такі гандаль... Што там боты! Гарматы прадалі...

Успамін пра забойства Межаня ўзрушыў яго, як ужо неаднойчы; Міра, Альжбета і Юстына даўно прыкмецілі, як яго «выбівае з сядла» тая гісторыя, і дамовіліся паміж сабой не нагадваць пра яе. Думкі пераключаліся на іншае, і Багуновіч забыўся на нечаканую сустрэчу. Падумаеш, дзіва: салдат з лесу выйшаў і збянтэжыўся, убачыўшы камандзіра, ды яшчэ ў такой лірычнай кампазіцыі.

Багуновіча нават развесяліла ўяўленне, як салдат можа расказваць пра ўбачанае. За рэпутацыю сваю ён не баяўся. Ён верыў салдатам, бо салдаты паверылі яму. Але расказ, напэўна, будзе вясёлы.

Ля канюшні, дзе стаялі палкавыя коні, тоўпілася мнагавата салдат і цяперашніх гаспадароў маёнтка — былых батракоў барона. Багуновіча гэта трохі здзівіла. Але потым ён падумаў, што ў такі сонечны вясёлы дзень — гэта натуральна. Відаць, вырашылі прагуляць коней, а прагулка коней — заўсёды падзея, асабліва для дзяцей. Ды і старыя сяляне любяць коней, у кожнага з іх жыве даўняя мара аб добрым кані. Ці, можа, ажарабілася кабыла Звязда, незвычайная прыгажуня? Кабылу гэтую англійскай крыві салдаты недзе ўкралі — Багуновіч падазраваў, што ў немцаў, але нехта сачыніў легенду, што Звязда са стайні былога камандуючага фронтам Эверта, там, маўляў, яе бачылі. Як яна з Мінска апынулася на фронце — ніхто не цікавіўся, у рэвалюцыю ўсё магло быць. Сцяпанаў, праўда, нязлосна мацюкнуўся наконт салдат:

— Марадзёрствуюць, сукіны дзеці.

Пастушэнка хітра пасміхнуўся:

— На тое і сатварыў бог каня, каб людзі пераязджалі на ім з тылу на фронт. Пасля паедуць назад, у тыл. А якое цяпер мае значэнне, каму конь належаў раней.

Сцяпанаў трохі з падазронасцю адносіўся да поўнага ігнаравання палкоўнікам, дваранінам, прыватнай уласнасці. Магчыма, рабочы лічыў, што кожны, хто быў ці мог быць эксплуататарам,— хапуга і скнара. Багуновіч разумеў Пятра Пятровіча, бо нават у яго, маладога, на фронце наступала вось гэтакая ж абыякавасць да ўсяго, з-за чаго людзі забівалі адзін аднаго,— да грошай, багацця, адзення, харчу, нават да навукі, мастацтва. Усё — лухта, мішура, думаў неаднойчы. Таму вельмі зразумеў, калі Пастушэнка неяк даверліва сказаў:

«Галубчык мой, у маім узросце сумленныя людзі ішлі ў манастыр».

Звязда была палкавой славутасцю, недарэмна ёй і мянушку такую далі. Калі сапраўды ажарабілася — не дзіва, што сабралася столькі салдат і сялян. Урэшце, гэта, магчыма, адзінае, чаму можна парадавацца,— нараджэнню новага жыцця.

Багуновіч сказаў пра гэта Міры, але яна, здаецца, не зразумела. Яна жыла блізкім выступленнем перад салдатамі, не сумнявалася, што Сцяпанаў адразу ж дасць ёй такое даручэнне. І, напэўна, пасля працяглага перапынку хвалявалася, хоць за час хваробы прачытала нямала марксісцкай літаратуры, газет.

Міра адразу пайшла да старшыні камітэта, якому зноў нядужылася — кашаль душыў яго на любую перамену надвор'я, на пагоду гэтак жа, як на завіруху.

Багуновіч увайшоў у агульны пакой штаба і ўбачыў там звыклую карціну: начальнік штаба сядзеў за доўгім сталом і, як звычайна, працаваў. Здзівіла трохі хіба адно: стол быў завалены вялікай колькасцю папер, чаго Пастушэнка не любіў; парадак у яго заўсёды быў адменны і на сталах, і ў шафах, і ў сейфе.

Яны праз стол павіталіся за руку. Але Багуновічу здалося, што палкоўнік залішне хутка апусціў вочы ў паперы. Зноў нешта здарылася. Разагналі яшчэ адзін Устаноўчы сход, ці што?

Пра сход Багуновіч успомніў з гумарам і весела, з адценнем жарту, папрасіў:

— Пятро Пятровіч, гляньце мне ў вочы.

Пастушэнка падняў галаву, вінавата ўсміхнуўся.

— Пятро Пятровіч! Вашы вочы!.. Што здарылася?

— Вы што — хіба не ведаеце? Мір. І поўная дэмабілізацыя.

Багуновіч падхапіўся.

— Мір?! Дык гэта ж радасць! Якая радасць! А ў вас сумныя вочы. Чаму? Пятро Пятровіч! — малады камандзір хутка абышоў стол, абняў сівога палкоўніка.— Мне на руках хочацца хадзіць. Нарэшце! Нарэшце! Аб'явілі людзям?

— Так, радасць,— згадзіўся Пастушэнка.— Даволі крыві, сірочых слёз. У імя гэтага народ выкінуў з карэты гісторыі Раманавых і керанскіх. Для салдат гэта вялікая радасць. Мір і зямля. Што яшчэ трэба?