Выбрать главу

— А ты зразумей... зразумей. Чалавек трыццаць гадоў у войску. А цяпер куды? У маёнтак, які ён купіў за сумленны заробак, паехаць не можа...

— Ах, яму маёнтка шкада?

— Не. Не маёнтка. Ты ж бачыла, што Пятру Пятровічу нічога не шкада. Яму цяжка ад няпэўнасці... Куды падзецца? А ты — пад ногаць. Да сценкі... Што ж, і яго да сценкі? Здорава збяднее Расія, калі паставім такіх, як Пятро Пятровіч, да сценкі.

— Не збяднее.

— Ты здзіўляеш мяне. Ты ж добрая. І разумная. Ты — жанчына... Маці будучая...

— Змоўкні, калі ласка! — жорстка загадала Міра.

І сама змоўкла. Але ад акна не адышла. Стаяла побач і цяжка дыхала, як пры запаленні лёгкіх.

Доўга стаялі яны моўчкі. З канюшні такі вывелі Звязду, і салдат вадзіў яе на доўгім повадзе. А следам чародкай вераб'ёў беглі дзеці. Адна самая маленькая, годзікі чатыры, у хустцы і доўгай матчынай світцы, бясконца спатыкалася і падала. Але тут жа падхоплівалася і бегла за старэйшымі. Было ад яе падзенняў, ад яе ўпартасці і смешна, і кранальна.

Сяргей ажно ўздрыгнуў на Мірын голас, такі ён быў нязвыкла чужы, не па-жаночаму жорсткі:

— У яго няпэўнасць... А ў мяне — пэўнасць? Яму цяжка. Падумаеш, у яго душа! А ў мяне што — балалайка? Мне, можа, у сто разоў цяжэй, аднак я не хныкаю...

— Ад чаго табе цяжэй? — вельмі асцярожна і ціха, амаль шэптам, спытаў Багуновіч.

— Ад чаго? — і здзекліва: — Ад радасці. Поўная дэ-ма-бі-лі-зацыя! Ты паляціш у сваё цёплае гняздо. А я... я куды?

Сяргей, вельмі здзіўлены, павярнуўся да яе.

— Як — куды? Ты што гэта! Мы ж пра ўсё дамовіліся. Ты што, гуляла са мной, што кошка з мышанём? — ад аднае гэтае думкі яго скаланула, апякло жарам.

— Не гуляла. Але добра знаю, што твае бацькі... твая мамачка нізавошта не дасць згоды на тваю жаніцьбу... з франтавой дзеўкай... яўрэйкай...

— Не смей! — крыкнуў ён.

— І ты паслухаешся яе. Знаю я вас, буржуяў! Вы добрыя, пакуль мы вам трэба.

— Ты не верыш мне? — Сяргея ажно пачало ліхаманіць ад такіх яе слоў. Чаму раптам? Чым яны выкліканы? Ці даўно ён нёс яе на руках? І вочы яе свяціліся шчасцем.

— Пры чым тут верыш ці не верыш,— мякчэй, з большай разважлівасцю сказала Міра.— Законы класа...

— Хадзем сёння павянчаемся!

Яна адступіла ад яго на два крокі, чорныя вочы яе, якія і так здаваліся цэлымі азёрамі на схудалым ад хваробы твары, расшырыліся і сыпалі іскры гневу.

— Пан паручнік! Вы часта забываецеся, што адбылося ў Расіі. І — хто я такая.

Але Сяргей схапіў абедзве яе рукі, моцна, напэўна, да болю, бо яна зморшчылася, сціснуў іх.

— Вянец — прывычнае слова. Канечне, мы ўступім у грамадзянскі шлюб. У Савеце.

Міра асцярожна вызваліла рукі, адышла да стала, гэтак жа асцярожна, быццам ёй забалела, села на высокае крэсла, схілілася і закрыла твар рукамі.

— Што з табой?

Яна адказала не адразу:

— Прабач. І дай мне пабыць адной.

Ён схапіў папаху, выбег у калідор. Там убачыў Пастушэнку. Палкоўнік сядзеў на чурбане перад грубкай, у якой жарка гарэлі бярозавыя дровы. Сяргей папрасіў яго:

— Дайце ёй пабыць адной. Яна сказала, не падумаўшы...

— Я разумею, галубчык. Хіба я што... Вас прашу... не трэба яе крыўдзіць. Не трэба.

— Я не крыўдзіў. І не пакрыўджу!

2

Савет размяшчаўся ў адзіным на ўсё сяло цагляным будынку — у былой валасной управе. Але Піліп Калачык не любіў там сядзець. Злыя языкі пляскалі, што ён, як дзіця, баіцца застацца без маткі — Рудкоўскага. Стары хітра пасміхаўся. І сапраўды не адступаў ад маладога бальшавіка, хадзіў за ім, як кароткі цень, катаўся, як Калачык.

Рудкоўскі часам злаваўся, калі быў не ў гуморы.

— Чаго ты, дзед, наступаеш мне на пяты? Людзі смяюцца.

— Братачка мой! Дык вучуся яе.

— Чаму?

— Кіраваць дзяржавай.

— Знайшоў настаўніка! Я што — міністрам быў, ці што?

— А чорт цябе знае, можа, і быў там, у Піцеры. Недарэмна ў цябе галава пасівела. У такія гады! Ай-яй, у мяне і то менш тае сівізны.

— Не плач па маёй галаве. А вучыцца трэба кіраваць адным сялом, адным сельскім Саветам, а не дзяржавай...

— Хто ведае, Антонка, хто ведае. Можа, мяне Ленін да сябе ў памочнікі пазаве.

— Трэба Леніну такія памочнікі!

— Не кажы, Антонка. Сніў я ўчора сон. Выйшаў я, братачка, з воласці, іду па вуліцы, а настрэчу чалавек. Не наш, адзеты па-гарадскому. Але знаёмы, як брат усё роўна. Хто такі, думаю. І раптам пазнаю. Ён! Холадна, а ён у картузіку. Здарова, Піліп Міхайлаў. А я па цябе. Збірайся ў Піцер, паможаш, кажа, мне. А то сабралася там многа разумнікаў, ды такога, як ты, няма ніводнага. Ах ты, бог мой, думаю. Як жа так? Ды тут чорт прынёс Кілаваціху. Загаласіла на ўсю вуліцу дурная баба. І Ленін знік. Як спарыўся ці ўзнёсся за воблакі. Вешчы сон, Антонка.