І раптам насцярожаныя, напружаныя, заведзеныя на крутую размову, можа, нават на сварку, людзі ўсё роўна як расталі пад яркім лютаўскім сонцам. Твары іх расплыліся ад дабрэйшых усмешак.
— А каб табе добра было! Каб у цябе куча дзяцей была! — весела выгукнуў Калачык.
А Рудкоўскі сказаў з хітрай іроніяй, паказаўшы на старога:
— Дык во ён перад табой — наш архімандрыт.
Калачык, здаецца, не на жарт спалохаўся, накінуўся на свайго ідэйнага павадыра:
— А братачка ты мой, Антон! Што гэта ты з мяне робіш? Папа? Я і падступіцца да такога дзела не ўмею. Першы ж шлюб! Што трэба? Рыза? Кадзіла?
— Я табе накадзілю! — прыгразіў Рудкоўскі.— Чалавек з сур'ёзнай справай прыйшоў, а ты дурыкі строіш, стары баламут.
— Антонка! Далібог жа, не знаю, як гэта па-новаму рабіць. Праўда, што трэба,— ужо зусім сур'ёзна сказаў старшыня Савета, звяртаючыся адначасова і да Рудкоўскага, і да Багуновіча.
Багуновіч сам не ведаў, што трэба. Ён і царкоўнага парадку шлюбу не помніў: блізкіх нікога не жаніў, не выдаваў замуж, вянчанне бачыў, калі вучыўся яшчэ ў гімназіі; ва універсітэце стаў пераконаным атэістам і царкву не наведваў. Праўда, пазней, на фронце, хадзіў у царкву разам са сваімі салдатамі, і богаслужэнне хвалявала яго, можа, таму што так блізка была смерць, падсцерагала кожны дзень, неаднойчы адразу з царквы змянялі таварышаў на пярэдняй лініі акопаў — няхай і яны памоляцца! — і мусілі з ходу атакаваць ці контратакаваць немцаў. На фронце афіцэры жаніліся рэдка, ва ўсялякім разе, ён толькі чуў пра такія «акопныя вяселлі». А новага, савецкага, парадку ўступлення ў шлюб — дык яго, мусіць, і няма яшчэ. Каму цяпер да шлюбаў!
Рудкоўскі задумліва пашкроб патыліцу, ссунуўшы на вочы сваю матроскую бесказырку; усю зіму чалавек прахадзіў у лёгкай бесказырцы, разоў колькі, у самыя лютыя марозы, Багуновіч бачыў яго ў зімовай салдацкай шапцы.
— А што трэба? Кніга трэба, каб запісваць, хто нарадзіўся, ажаніўся, памёр... Каб не поп запісваў... Улада каб запісвала.
— Дык і кнігі ж няма, Антонка.
— Значыцца, дрэнная ты ўлада. Кнігі і тае не маеш.
— А каб табе добра было, Антон! — ужо весела, бадай, з захапленнем гукнуў Калачык і сказаў Багуновічу: — Во вучыцель-мучыцель.
— Мала ў маёнтку гросбухаў? — вёў сваё матрос.— Увесь баронскі кабінет завалены.
— Праўда, кнігу знойдзем,— згадзіўся Калачык і пашкроб патыліцу, ссунуўшы аблезлую заячую шапку такім жа жэстам, як Рудкоўскі бесказырку,— усё роўна што перадражніў, аднак з сур'ёзнай заклапочанасцю спытаў: — Няўжо адна толькі кніжка трэба?
— А што яшчэ?
— О не, Антон, так, браце мой, не пойдзе! — з рашучай і вельмі сур'ёзнай разважлівасцю запярэчыў стары.
— А як пойдзе?
— А так пойдзе... Каб бацькі былі...
— Якія бацькі? Што ты гародзіш!
— Няма бацькоў — няхай маладыя выберуць сабе, хто — бацьку, хто — маці. І дружкі каб былі. Без сведкаў вянчаць не буду! -
— Ну, табе такі трэба было ў папы падавацца,— кінуў лагодна Рудкоўскі, у душы згадзіўшыся з тым, што патрабаваў Калачык. Сапраўды, трэба ж нейкі рытуал. На караблі вунь якія рытуалы — з любой нагоды: пад'ём флага, сустрэча госця, начальніка, ваеннага карабля саюзнай дзяржавы...
Багуновіч таксама згадзіўся, што ў старога селяніна — разумная народная логіка, і, каб не траціць час, сказаў:
— Будуць бацькі... Будуць дружкі. Калі прыходзіць?
— Сёння?
— Абавязкова сёння.
Калачык, прыжмурыўшыся, паглядзеў на нізкае зімовае сонца.
— Гадзінкі праз дзве. Трэба, братачка, падрыхтавацца.
— Куды?
— Куды, Антон? — заклапочана спытаў Калачык у свайго маладога сябра.
— Не ў тваю ж аблезлую воласць,— буркнуў той.
Калачык ажно заззяў увесь, засвяціўся.
— Во, праўда! Во, брат, галава! У зале! Таварыш камандзір! У зале, дзе паны балявалі, павянчаем вас... І зробім першае савецкае вяселле.
— Можна гадзіны праз тры? — спытаў Багуновіч, адчуўшы раптам, як затахкала сэрца, кроў ударыла ў скроні — даўно ўжо так не хваляваўся. Лішняя гадзіна трэба была, каб прывезці Бульбу-Любецкага. Чамусьці вельмі захацелася, каб за дружка быў Назар. Ды і нявесце даць час падрыхтавацца.
Да палаца прыехалі на дваіх санях. Так трэба было, так зрабіла Альжбета ці так атрымалася выпадкова — гэтага Багуновіч не ведаў,— але ў вазку, які некалі належаў камандзіру палка, ехалі Міра і Альжбета. У звычайных сялянскіх санях яны трое: Юстына, Назар і ён, жаніх. Сяргей за час падрыхтоўкі і арганізацыі цырыманіялу супакоіўся і цяпер іранічна пасміхаўся са свайго вяселля. Не, не з жаніцьбы. Шлюб з Мірай хваляваў па-ранейшаму. Пасміхаўся ён з фармальнасцей.