Міра баялася і не любіла гэтую спрытную, галасістую, часам сварлівую, часам празмерна вясёлую ўдаву, хоць сама сабе не магла растлумачыць, за што не любіць яе. Няўжо толькі за тое, што яна часцей, чым хто іншы, трапляла на вочы, калі яны ішлі з Сяргеем, і залішне незалежна размаўляла з камандзірам палка? Пра тое, што гэта рэўнасць, звычайная, жаночая, яна, рэвалюцыянерка, не дазваляла сабе і думаць.
Калі яны распрануліся, Стася пачала іх строіць усё роўна што камандзір салдат — дзе каму станавіцца. Толькі што без гучных каманд, а з прыглушаным смехам, які таксама не спадабаўся Міры.
— Таварыш камандзір, вазьміце нявесту пад руку! — загадала Стася так уладна, што яны мусілі падначаліцца. Удава прыдзірліва агледзела іх, наблізілася і англійскімі булаўкамі прыкалола ім да грудзей чырвоныя банты, спачатку Міры, пасля яму, затым — Бульбе-Любецкаму і Юстыне. Альжбеце сказала прабачліва:
— Вам, пані Баранскене, не абавязкова.
Вельмі можа быць, што пяты бант не быў падрыхтаваны.
— А цяпер ідзіце за мной.
Павяла іх наверх па нядаўна вымытых (былі яшчэ слізкія) мармуровых усходах параднай лесвіцы.
На другім паверсе перад дзвярмі, за якімі чуўся гул галасоў, Стася яшчэ раз агледзела іх і рашуча адчыніла дзверы.
У Багуновіча захапіла дыханне, і ён тут жа адчуў, як затрымцела Мірына рука, яка мацней прыціснулася да яго фрэнча, нібы просячы ратунку.
Вялікая зала была поўная людзей. Людзі павярнуліся да іх, сур'ёзныя, цікаўныя, сціхлі. Багуновіч падумаў, што нават у той дзень, калі дзялілі зямлю, людзей тут было менш. Цяпер прысутнічаюць не толькі гаспадары маёнтка, былыя батракі, цяперашнія камунары, не толькі вяскоўцы, але і многія салдаты яго палка. Усе перамяшаліся, усіх з'яднала цікавасць да першага савецкага вяселля. Гэта ўсхвалявала яшчэ больш.
Стася закамандавала:
— Ану, бабы, расступіцеся!
У цэнтры было больш жанчын і дзяцей — дзяўчатак.
Людзі расступіліся, утварыўшы жывы калідор, у канцы якога, здалося, далёка-далёка Багуновіч убачыў стол, накрыты чырвонай тканінай. За сталом стаяў Калачык у чорнай сацінавай «талстоўцы» (наконт колеру сарочкі было нямала спрэчак, але іншай у старшыні Савета не знайшлося). На Багуновіча адзенне якраз зрабіла ўражанне: проста, урачыста, чорная сарочка хораша адцяняла белыя, акуратна прычэсаныя валасы старога і яго з такой нагоды падстрыжаную бародку. Калачык здаўся волхвам, добрым чарадзеем, які гатовы зрабіць цуд. Ён хораша, на поўны твар, усміхаўся. Піліп Міхайлавіч разумеў, што яму належыць быць сур'ёзным, як таму папу, але характар не дазваляў яму набыць такую сур'ёзнасць. Праз гэта Рудкоўскі, які стаяў збоку ад стала побач з Пастушэнкам і Сцяпанавым, незадаволена хмурыўся.
Стася кіўнула ім і пайшла да стала.
Яны пайшлі за ёй. Альжбета ішла апошняя, адзінокая. Відаць, з гэтай прычыны жанчыны пачалі шаптацца, гукаць Альжбету, яўна жадаючы нешта падказаць ёй. Ды яна, мабыць, здагадалася. Не даходзячы да стала, збочыла да групы Рудкоўскага — Пастушэнкі.
Маладыя спыніліся перад маленькім саматканым дыванчыкам, што ляжаў перад сталом.
Угледзеўшы дыванчык, Міра, якая некалі ў гімназіі прачытала нямала раманаў, незадаволена падумала, што дыванчык — атрыбут царкоўны. Банты яна ўхваліла, дыван — не, не хацелася станавіцца на яго. Але як абыдзеш? Тым часам Стася ўзяла Пастушэнку за рукаў фрэнча і падвяла да Альжбеты, паставіла побач. Стары палкоўнік пачырванеў, усё роўна што дзяўчына — ад гонару і хвалявання. Зала зашумела, ухваляючы: цяпер усё быццам бы як мае быць — у маладой ёсць маці, у жаніха — бацька. І дружкі на месцы.
Касалапага, учэпістага, як лугавы дуб, Бульбу-Любецкага, што шчодра раздаваў гарэзліва-вясёлыя позіркі і ўсмешкі, разглядалі з асаблівай цікавасцю: мала хто яго ведаў, ды і ўбачылі, што чалавек вясёлы, а вясёлых любяць.
Старэйшыя сялянкі, што стаялі бліжэй да стала, хорам зашапталі:
— Першая... першая станавіся на пасцілачку. Твой верх будзе... Смялей ступай!
Ад гэтай нечаканай падказкі Міра, якая не гублялася нават перад анархічна настроенымі салдатамі, збянтэжылася. Як бы вінавата паглядзела на Сяргея. Ён падбадзёрыў яе ўсмешкай, і яна першая ступіла на дыванчык.
Бабы задаволена зашумелі.
Калачык не вытрымаў сваёй паважнай ролі і весела выгукнуў:
— А-а, каб вам добра было!
Тым часам Стася сунула ў рукі нявесты нешта маленькае, што здалося срэбнай манеткай, Міра не адразу сцяміла, што гэта.
— Пярсцёнак. Калі скажу — абмяняйцеся,— і папракнула: — Што дзеці, нічога не падрыхтавалі.
Перадала такі ж пярсцёнак Сяргею, які на яе папрокі вінавата ўсміхаўся.