Выбрать главу

Пярсцёнкі былі самаробныя — выбітыя нейкім мясцовым майстрам са срэбраных грывеннікаў. Міры хацелася запярэчыць, ёй здалося, што калі дыванчык, на які яна першая ступіла, яшчэ можна вытлумачыць як народную традыцыю, то пярсцёнкі пэўна ж з царкоўнага абраду, за такое, чаго добрага, і з партыі можна паляцець.

Яна паглядзела на Сцяпанава, на Рудкоўскага, урэшце, яны тут старэйшыя бальшавікі. Як яны адносяцца да пярсцёнкаў? Дзіўна, што на тварах іх не з'явілася нават усмешак, абодва яны сур'ёзна засяроджаныя, уважлівыя. Як заваражыла іх гэтая напорыстая шляхцянка, цяпер няма сумнення: яна — не хто іншы — выдумала ўсю гэтую цырымонію. Выходзіць, што рэгістрацыя шлюбу па ленінскім дэкрэце можа быць з пярсцёнкамі? Не, нешта тут не так. Але як пайсці супраць народа, які ўхваляе ўсё гэта? Бальшавікі павінны быць з народам. А можа, у яе пачынаецца перараджэнне пад уплывам гэтага паніча, інтэлігента, адвакацкага сынка? Яшчэ месяц назад яна ўедліва высмейвала яго старамодныя дамастроеўскія ўяўленні аб шлюбе, сям'і, дзецях. Што ж змянілася за два месяцы, як яны знаёмыя? Хіба незразумела, што змянілася? Проста яна пакахала гэтага чалавека, пакахала так, што стаў ён даражэйшы за маці, за бацьку, сясцёр і братоў яе шматлікіх. Так, яна змянілася. Яна мусіла змяніцца і згадзіцца з яго думкай. Ён неяк сказаў, што калі ў грамадстве, якое яны хочуць пабудаваць, не будзе... не павінна быць кахання, то ён не хоча жыць у такім грамадстве. Тады яна здзекліва смяялася з яго: «Які кансерватар! Падумаеш, напалохаў. Пражывуць без цябе».

Цяпер яна згодна, што проста немагчыма адмяніць, знішчыць такое пачуццё, як каханне, як любоў да дзяцей. Гэта так хораша, так прыгожа — кахаць! А потым... потым нарадзіць дзіця. Яго сына. Няхай жа робяць што хочуць — вянчаюць, пяюць «вечныя леты», абы толькі ён... яе Сярожа, Сярожачка... яе нарачоны... дадзены лёсам ці выпадкам, быў побач і вось так ласкава, пяшчотна сціскаў пальцы яе рукі. Яна адчувае яго цеплыню, яго хваляванне. А ён, ён, безумоўна, таксама адчувае кожны яе душэўны рух, бо сціскае пальцы не бяздумна, а з водгукам на яе рухі, жадаючы то супакоіць, то ўзбадзёрыць.

Урэшце, сапраўды, калі Сцяпанаў і Рудкоўскі маўчаць, значыцца, удава гэтая робіць тое, што трэба. І ўсе людзі. І гэты смешны стары, які так весела падміргвае — усё роўна што заляцаецца. Вось ён зрабіўся сур'ёзны і пачаў гаварыць звонка, зусім маладым голасам:

— Таварышы і грамадзяне! Сёння ў нас асаблівы дзень... першае вяселле... наша... народнае.

— Савецкае,— ціха падказаў Рудкоўскі.

— Во — савецкае! — як узрадаваўся Калачык.— Вянчаюцца...

Рудкоўскі кашлянуў.

— А каб табе!..— смешна зморшчыўся стары.— То як жа?

— Бяруць шлюб.

— Во галава! Дык заўсёды ж так гаварылі. Бяруць шлюб... па савецкім законе грамадзянін Багуновіч Сяргей Валянцінавіч і грамадзянка...— Калачык першы раз глянуў у паперку.— Шкляр Міра Навумаўна...— і сур'ёзна і проста звярнуўся да Багуновіча: — Скажы нам, отроча Сяргей, ці кахаеш ты дзяўчыну, якую выбраў сабе?

Багуновічу чамусьці ўспомніўся Тарас Бульба, можа, таму, што ў патыліцу яму яўна ўсхвалявана дыхаў чалавек, які абвяшчаў сябе нашчадкам Бульбы, і ён адказаў сур'ёзна і ўрачыста:

— Кахаю, бацька.

Грамада ўзарвалася радаснымі воплескамі. Узрадаваны, што ўсё ідзе лепш, чым яго вучылі, увайшоўшы ў ролю, Піліп Калачык свяшчэнна-ўрачыста падняў рукі, просячы цішыні.

— Отроковіца Мірослава, ці кахаеш ты свайго нарачонага?

Міру неяк дзіўна ўразіла, што гэты хітры селянін не толькі вянчае, але яшчэ непрыкметна і перахрысціў яе. Аднак ёй спадабалася старажытнаславянскае імя. Яна адказала з радаснай усмешкай:

— Кахаю, таварыш...

Ёй таксама запляскалі.

— Дружкі... вы ж і сведкі! Ці пацвярджаеце вы іх каханне?

Юстына не чакала такога звароту і збянтэжылася. Але яе выручыў Бульба-Любецкі. Спытаў з вясёлай гарэзлівасцю:

— Пацвердзім, Юста? Ладна, пацвердзім. За добры магарыч. Чуеш, палкоўнік? — і лёгка штурхнуў Багуновіча ў плячо.

Зала грымнула смехам. Калачыка гэта таксама моцна рассмяшыла, але ён натужліва стрымліваўся, ад чаго твар яго смешна сплюшчыўся, ажно бародка, што клінок, вытыркнулася ўперад, нацэлілася на маладых.

— А каб вам добра было! — разрадзіў сябе стары звыклымі словамі.— Тады абмяняйцеся пярсцёнкамі.

Міра хацела перадаць пярсцёнак, які сціскала ў жмені, але Сяргей узяў яе правую руку, расціснуў пальцы... Ды тут жа сумеўся: помніў, што вянчальны пярсцёнак надзяюць на правую руку, але на які палец — забыўся. Тут добрая фея, на дапамогу з'явілася Стася.