Выбрать главу

А калі прыехалі суседзі — Чарназёмаў і Скулань — з той жа весткай, Багуновіч узарваўся. Змёўшы са стала спісы салдат, закрычаў:

— Я перастаю паважаць урад, які дэкрэтуе мір народу і не падпісвае яго... Ваш Ленін...

— Не смей! — спалохана закрычала Міра.

Флегматычны латыш Скулань схапіўся за кабуру нагана.

— Калі ты скажаш плеха аб таварыш Ленін, я застрэлю цябе.

Паміж імі стаў Чарназёмаў, па-бацькоўску разводзячы іх сваімі дужымі кавальскімі рукамі, у скуру якіх уеліся вугаль і метал.

— Спакойна, таварышы, спакойна... Во пеўні маладыя! Ай-яй. Задзяўбуць адзін аднаго, калі хочаш.

З другога боку ўлагоджваў Пастушэнка:

— Сяргей Валянцінавіч, галубчык, не трэба. Вазьміце сябе ў рукі. Нельга ж так...

Багуновіч знясілена апусціўся на крэсла, абапёрся на стол, сціснуў рукамі галаву, пачуў пад далонямі ўдары пульса ў скронях, удары, якія неслі востры боль у галаву, у грудзі.

Чарназёмаў сеў побач, паклаў свае вялікія рукі на стол перад яго, Багуновіча, вачамі. Дзіўныя рукі. Дзіўна спакойныя. І словы ў яго асаблівыя. Нягледзячы на звон у вушах, на востры боль у галаве, Багуновіч адразу пачуў іх. Чарназёмаў сказаў, відаць, Міры:

— Дрэнна вы палітычна прасвячаеце свайго камандзіра. Кожнаму салдату вядома, што Ленін за мір... Супраць міру — «левыя». І Троцкі. Ён вёў перагаворы...

Багуновіч успомніў чалавека, які ў вагоне так абразліва сунуў Міры шакалад, і зноў выбухнуў гневам:

— Расстраляць яго мала, вашага Троцкага!..

— Не смей! — зноў крыкнула Міра.

Зноў абурыўся Скулань:

— Ты — за каго? За каго ты?

— Я? — Сяргей падхапіўся.— Я — за народ. За рускі народ. І за латышскі! І за латышскі, чорт вазьмі! За беларускі. За яўрэйскі. Я за тых, хто не хоча паміраць. А ты за каго? Ты скінуў адных ідалаў, каб кланяцца іншым... Падумаеш — Тро-о-ц-кі! Святыня...

Чарназёмаў, лёгка ўзяўшы Багуновіча за локаць, прымушаў сесці, пасміхаючыся і ківаючы галавой:

— Во не думаў, што ты такі гарачы. Мы лічылі цябе самым спакойным камандзірам. Ты ад чаго разышоўся? Ты ведаеш, якія ўмовы немцы паставілі? Не. І я не ведаю... Можа, яны такія, што і мы з табой не падпісалі б мір.

Багуновіч сеў, павярнуўся да камандзіра Петраградскага палка, зазірнуў у вочы, што глядзелі проста і ласкава з-пад рудых абпаленых броваў, якія няроўна адрасталі. Вочы гэтыя дзіўна супакойвалі.

— Ад чаго я разышоўся? Я вам скажу, Іван Філарэтавіч, ад чаго. Я тры з палавінай гады забіваў. Я па горла ў крыві. Я захлынаюся ў крыві. Гэта вы можаце зразумець?

Чарназёмаў стоена ўздыхнуў:

— Гэта, сынок, я магу зразумець.

Словы яго супакоілі. Ці, можа, не так словы, як доўгая паўза — усё роўна як хвіліна ўшанавання памяці тых, хто загінуў. А потым, магчыма, кожны баяўся парушыць яе, гэтую мірную цішыню, усе разумелі: лепш памаўчаць, чым сварыцца, ды яшчэ гэтак — з выхадам на высокую палітыку, закранаючы людзей, якіх ніхто з іх асабіста не ведаў і таму не мог мець уласнага меркавання. Эмоцыі — дрэнны дарадчык ў любой спрэчцы, у палітычнай — тым больш.

Багуновічу стала сорамна за сваю нястрыманасць. Аднак і латыш — таксама эфіоп. Прадстаўнік такой спакойнай нацыі, а хапаецца, д'ябал, за наган. Добра, што Чарназёмаў не даў волю сваім эмоцыям. А ён, Багуновіч, бачыў, што каваль можа быць гарачым. Валявы камандзір: у яго пралетарскім палку — дысцыпліна, якой ён, кадравы афіцэр, пазайздросціў.

У цішыні пачуў Сяргей, як за спіной у яго трывожна дыша Міра. Зразумеў: баіцца за яго, баіцца, што за такія яго выказванні піцерскія бальшавікі прышыюць яму контррэвалюцыю. А яна ж, як ніхто, ведае, што хоць ён і беспартыйны, але ўсёй душой — за рэвалюцыю.

Сяргею стала шкада жонкі: за адны суткі ён колькі разоў ужо адзначыў, што яна ўсё больш і больш робіцца падобнай на яго маці, у ёй як бы абудзілася раптам уся жаноцкасць.

А яшчэ ён падумаў: добра, што няма Сцяпанава, пазаўчора старшыня палкавога камітэта гаварыў з ім наконт уступлення ў партыю. Харошы бальшавік, нічога не скажаш,— гатовы быў зганіць увесь бальшавіцкі ўрад.

Першы пасля маўчання адазваўся Чарназёмаў:

— Ну, пашумелі — і хопіць. А цяпер давайце спакойна падумаем.

— Аб чым?

— Аб тым, напрыклад, што будзем рабіць, калі немцы пачнуць наступленне.

Багуновіч успомніў батарэі, якія ўгледзеў, калі хадзілі да немцаў, успомніў данясенні разведчыкаў, што перад імі свежая дывізія, уявіў карціну нямецкага наступлення і, бадай, упершыню за ўсю вайну жахнуўся. Падняўся, усхвалявана прайшоўся па пакоі, спыніўся на другім баку стала, насупраць Чарназёмава. Сціснула горла, ён не адразу здолеў сказаць: